Чытаю нашых топавых палітычных аналітыкаў (не буду называць прозвішчы, бо гэта паважаныя мною людзі) і многія з іх ва унісон гавораць, што калі ў рэвалюцыі няма штаба і кіраўніцтва, то нямашака і перспектываў.

То бок людзі жывуць і думаюць мернікамі ХХ стагоддзя, калі ўсе рэвалюцыі кіраваліся са штаба. Камандзіры сказалі, павялі навучаны натоўп, той захапіў тэлефон-тэлеграф-пошту і новая ўлада прыйшла на месца старой. Усё проста, зразумела, цэнтралізавана. Парадаксальна, але яны проста адлюстроўваюць міф дзяржаўных прапагандыстаў, згодна з якім усе народныя рухі мусяць аднекуль скіроўвацца і кімсьці кіравацца.

Але цяпер гэта так не працуе. Годзе ўжо параўноўваць беларускую рэвалюцыю з Майданам ці Арменіяй. Яна куды болей падобна да рэвалюцыі Арабскай вясны: з іржавымі за некалькі дзесяцігоддзяў дыктатарамі і маналітным карным апаратам. Які штаб быў у рэвалюцыі ў Егіпце? У Тунісе? У Лівіі?

Праўду кажуць, што ўсе генералы рыхтуюцца да мінулых войнаў. У нас жа ўсе аналітыкі намагаюцца сённяшнія падзеі мераць састарэлымі меркамі.