????Сацыёлагі ў пагонах

Не люблю каментаваць псеўдаінтэлектуальныя патугі міліцыянтаў, але тут проста не змог прайсці міма. Намеснік міністра МУС гучна заявіў [1] аб адказнасці адміністратараў ТГ-каналаў за ўсё, што яны робяць. Калі перакласці месендж на больш простую мову: забіце зяпу і не гаварыце нічога, што б нам, уладам, не падабалася. Інакш пасадзім. Але самае цікавае гэта спробы Казакевіча прыкрыць сваё забароннае “гаў!” у даследчую, ледзь не навуковую форму.

“Мы сталкиваемся с феноменом снятия социальных запретов, с так называемой социальной расторможенностью, когда пользователь, полагая, что он анонимен, не узнан, не распознан, думает, что с него снимаются все запреты”.

Дружок, гэта называецца свабода слова. Уяві сабе, ёсць вялікая праслойка людзей, якія сапраўды лічаць, што яны могуць пісаць і гаварыць усё што ўздумаецца і ўпэўнены, што яны не павінны несці за гэта аніякай адказнасці. Я таксама належу да гэтай групе людзей.
Бо пакаранне за выказванні — гэта анахранізм, супраць якога змагаюцца ўсе больш-менш прагрэсіўна мыслячыя людзі. І не трэба тут тыкаць досведам ЗША або Еўропы — там, як мінімум, існуюць незалежныя суды, а насельніцтва мае хоць якую вагу ў заканатворчым працэсе.
Усміхнула выкарыстанне тэрміна “социальная расторможенность”. Маючы якога-ніякага бакалаўра па паліталогіі/эканоміцы (сацыялогія таксама ўваходзіла ў курс) ніводнага разу гэты панятак не чуў. Пайшоў гугліць. Аказалася, сацыяльная растарможанасць — тэрмін з псіхіятрыі, а калі дакладней — сімптом шэрага хвароб (СДУГ, шызафрэнія, дэпрывацыя і т.п.). Намеснік міністра МУС, які ставіць дыягназы адміністратарам тэлеграм-каналаў на прэс-канферэнцыях — гэта моцна.

“Администратор телеграм-канала несет ответственность за все действия, которые он совершает в Сети. Если он призывает к любому нарушению общественного порядка, мы достаточно эффективно его находим и пресекаем подобные явления как на стадии зарождения, так и на стадии реализации”.

А вось і старое добрае “ўсіх знойдзем і перасаджаем”, пра якое я ўжо пісаў [2]. Ва ўмовах недахопу рэсурсаў, няўмельства рэагаваць на сучасныя выклікі, непаваротнасць апарату, а часцяком і проста гультайства звычайных супрацоўнікаў, Сістэме ўсё ж патрэбна выконваць сваю рэпрэсіўную функцыю. Як? Праз запужванне. Не можаш пакараць, часцей крычы што “ўсіх знойдзем і пасадзім”, нагадвай пра неадхільнасць пакарання, а можа хто і спужаецца. Спачатку знайдзіце светлагорскіх партызанаў [3], Шэрлакі Холмсы вы нашы.

“Конечная цель, с одной стороны, породить недоверие, а потом неуважение и ненависть населения, ну, допустим, к правоохранительным органам”.

Тут, здаецца, дыягназ самы час ставіць ужо самому намесніку міністра. Б’юць, катуюць і лжэсведчаць — міліцыянты. А нянавісць, значыць, спараджаюць тэлеграм-каналы, якія аб гэтым расказваюць. Добрая думка, нічога не скажаш.

Ну а мы, тыя самыя злачынныя адміністратары, як звычайна, пасмяяліся з недалёкіх і працягваем рабіць сваю справу. Рэвалюцыя не чакае.

[1] – https://news.tut.by/society/694655.html
[2] – https://t.me/MikolaDziadok/3693
[3] – https://t.me/nexta_live/4819