Будучыня на нашым баку

Прапанова Ярмошынай зрабіць платнымі прэзідэнцкія выбары для кандыдатаў – гэта ў чыстым выглядзе вяртанне да маёмаснага цэнзу.

Нагадаю, што да другой паловы 19 стагоддзя большасць працоўных і сялянаў у краінах Еўропы (то бок добрыя 90% насельніцтва) не мела права галасаваць на выбарах праз маёмасны цэнз. То бок ім наўпрост гаварылі: вы людзі другога сорта, бо вы не маеце дастатковай колькасці бабла. Таму вашае актыўнае выбарчае права будзе абмежавана. У некаторых акругах Англіі даходзіла да таго, што выбарчым правам валодаў толькі адзін чалавек – мясцовы лорд. Які з году ў год спраўна галасаваў сам за сябе.

Дзесяцігоддзямі барацьбы: забастоўкамі, дэманстрацыямі, барыкадамі і тэрорам — працоўныя дамагліся ўсеагульнага выбарчага права. Добры прыклад — гісторыя чартыстскага руху.

І вось сёння, намагаючыся абмежаваць ужо пасіўнае выбарчае права (права быць абраным), Ярмошына гаворыць нам фактычна тое самае, што гаварылі 200 гадоў таму паны сваім працоўным: вы ніхто, бо бабла ў вас няма. “Дэкласаваныя элементы вы”.

Тут з іміджавага пункту гледжання цікава, што лукашэнкаўскі рэжым заўжды выстаўляў сябе абаронцай працоўных і прыкідваўся псеўда-сацыялістычным фасадам (узгадайце фразу пра “пузатых буржуяў”, крыкі “імем рэвалюцыі” і т.п.). А тут, урэшце, сапраўдная хара вылезла. Нічога дзіўнага. Мы ж памятаем, хто самы багаты чалавек у краіне.

Важнае тут тое, што, як я ўжо пісаў, рэжым і яго топы захраслі ў мінулым, зарыліся ў ім і акапаліся, схаваўшы галаву ў зямлю. У сённяшнім дынамічным свеце гэта раўнаважна самагубству. Танк гісторыі праедзе па іхняму ўтульнаму акопчыку, пахаваўшы назаўсёды. А за стырном гэтага танка будзем мы.