1. Яны дэманструюць абсалютную несастаяльнасць стратэгіі “пераможам сістэму па яе правілах”. Злая іронія ў тым, што сам Бабарыка яшчэ нядаўна рассыпаўся ў дыфірамбах перад наменклатурай і ЦВК і казаў што масавыя рэпрэсіі гэта міф. Літаральна тры тыдні спатрэбілася ўладзе, каб даказаць яму зваротнае. Так заўсёды бывае, калі бяжыш ад рэчаіснасці і спрабуеш яе прыбфарбаваць для ўласнай выгады.
Не важна наколькі паспяхова ты залагоджваеш наменклатуру, не важна як старана ты падлізваешся, падымаючы лапкі ўгару са словамі “я не вораг”. Як толькі ты пачнеш прадстаўляць патэнцыйную небяспеку (а рэйтынгі Бабарыкі гэта якраз яна) – ты атрымаеш па галаве.
Таму шчырасць і называнне рэчаў сваімі імёнамі заўсёды больш правільныя і паслядоўныя, чымсці спробы прапетляць і абыграць сістэму па яе правілах.
2. Вобшукі і затрыманні робяцца з двума мэтамі. Першая – аказаць псіхалагічны ціск на самога Бабарыку і сябраў ягонай кампаніі, якія. паверыўшы ў ружовыя казкі аб “выбарах па законе”, не былі гатовыя да такога развіцця падзеяў. Па-другое, сыходзячы са словаў самога Бабарыкі, што трасуць людзей, якія раней з ім працавалі – гэта стоадсоткава спроба знайсці кампрамат. Магчыма для ціску, магчыма – для пасадкі пасля 9 жніўня.
У той жа час трэба адзначыць што гэта, бадай, першая перадвыбарная кампанія, падчас якой такі шалёны ціск адбываецца на актывістаў і на саміх кандыдатаў яшчэ за два месяцы (!) да саміх выбараў. Супрацоўнікаў ДФР здымаюць з працы на тэрміновыя вобшукі, міліцыя – у аўральным стане, “Альфа” праводзіць спачатку аперацыі з Ціханоўскім, потым стрёмныя антытэрарыстычныя вучэнні. Колькі сістэма зможа жыць у такой напрузе, каб не даваць збоі – пакуль для мяне пытанне адкрытае.