З чым у гэтым відэа я нязгодны
1. “Засветка” актывістаў аўтаматычна вядзе да іхней нейтралізацыі – сцвярджае аўтар. Гэта не так. Лепшы прыклад – сам Алег Жалноў. Колькі год таму ён стаў вядомы карным ворганам? Аднак гэта не замінае яму быць актыўным і зараз.
Не засвяціцца ў грамадскім актывізме немагчыма – на тое ён і грамадскі. Любы актыўны дзеяч раней ці пазней патрапіць у поле зроку ворганаў. Пытанне толькі, наколькі ён будзе падрыхтаваны да моманту рэпрэсій.
Гэта не значыць, што заставацца інкогніта ці сысці з-пад увагі карнікаў немагчыма. Магчыма. Аднак толькі калі ты займаешся непублічнай дзейнасцю (рознага роду партызаснкія акцыі) і пры гэтым удзяляеш шмат часу і ўвагі канспірацыі.
2. Аўтар кажа, што грошаў у Лукашэнка нямерана і іх хопіць на тое каб яшчэ год 15 утрымліваць сілавікоў. Гэта не так. Не трэба блытаць асабістыя грошы Лукашэнка з бюджэтнымі. Па-першае, асабістыя грошы ў яго не ляжаць у выглядзе пачак з далярамі. Яны раскіданыя па рознага тыпу гаманцах (“пракладачныя” ААТ, інвестыцыі, нерухомасць, каштоўныя паперы і г.д.) у розных краінах свету. Па-другое, не факт што ён пагадзіцца аплочваць утрыманне рэжыму са сваёй кішэні, замест таго каб спакойна сустрэць старасць у эміратах.
Акрамя таго, размовы аб мега-фінансаванні ментоў моцна перабольшаныя. Дастаткова паглядзець на матэрыяльна-тэхнічную базу міліцыі ў рэгіёнах і на заробкі шараговых супрацоўнікаў. Яны троху вышэй за сярэднія, аднак далёка не касмічныя.
3. Аўтар лічць, што колькасць праціўнікаў улады ў сілавых структурах: “ноль целых хрен десятых”. Калі б гэта так, то Нехце не злівалі б у такой колькасцю інфу з МУС і КДБ. Гэта, а таксама шэраг іншых ускосных фактараў кажа, што такія праціўнікі ёсць. Іншая справа, што іх меншасць і яны ніяк не арганізаваныя.
Аднак гэта крытыка. У астатнім відос вельмі годны. Люта пагаджаюся з галоўнай высновай Алега Жалнова: калі мы не здолеем пабудаваць моцную грамадзянскую супольнасць і выгадаваць у сябе базавыя навыкі самаарганізацыі, ніякае скіданне Лукашэнкі нам не дапаможа. А гэта значыць што не варта разлічваць на гэтыя выбары як на Дзень Х, пасля якога мы прачнемся ў свабоднай Беларусі. Патрэбная працяглая і стараная праца па адукацыі насельніцтва і выбудоўванні гарызантальных структур.