У прэзідэнты падаўся Валеры Цэпкала.
Хто гэта такі? Былы памочнік Лукашэнкі па навуцы і тэхналогіям, амбасадар Беларусі ў ЗША, нам.міністра МУС. Чалавек, які ў камандзе Лукашэнка з самага пачатку. Зараз – “міжнародны кансультант у сферы інвацыйных структур”.
Раптоўна ён апублікаваў пост у Фэйсбуку, у якім накінуўся на Лукашэнка з даволі-такі рэзкай крытыкай. «Я мечтаю о том, чтобы у нас была […] страна, где из стиля политического руководства будет устранена вульгарность, бесцеремонность и грубость». Ну і таму падобнае.
Выпадак для Беларусі беспрэцэдзентны. Былы дзяржслужбовец высокага рангу абрынаецца на Лукашэнка і хоча аспрэчыць ягонае месца ва ўладзе? Тут толькі два варыянты: альбо гэта прасунуты спарынг-партнёр для прыдання выбарам легітымнасці, альбо Цэпкала ідзе ад сябе і сапраўды вырашыў памерацца сіламі з нашым дыктатарам.
Арцём Шрайбман лічыць, што другое. Маўляў, вырашыў сам, няма чаго губляць.
А я лічу, што паход Цэпкала ў прэзідэнты гэта як раз хітрая шматхадовачка ўлады. І вось чаму:
1. Чалавек ужо больш 20 год побач з Лукашэнкам. На ягоных вачах знікалі палітыкі, адбываўся канстытуцыйны пераварот, саджаліся палітзэкі, збіваліся мітынгоўцы. прымаліся дэкрэты аб дармаедстве і многае іншае. І тут, у 2020-м ён РАПТОЎНА празрэў і больш не можа цярпець вапіюшчую несправядлівасць! Сур’ёзна?
2. За столькі год працы ва ўладзе на яго ў адпаведных службаў скапіліся тоны кампрамату. Гэта звычайная практыка для вышэйшых чыноўнікаў. Лукашэнка праз КДБ і СБП трымае іх усіх на кручку, каб у выпадку з’яўлення амбіцый не па чыну прызямліць у Амерыканку любога. Рызыкаваць сваёй свабодай дзеля эфемернай мажлівасці стаць прэзідэнтам? З чаго раптам? За сваю кар’еру, наколькі ведаю, Цэпкала нідзе не азначыўся нечаканай смеласцю.
Праца у МЗС (нагадаю, Валерый Цэпкала быў намеснікам міністра) – заўсёды шчыльная супраца са спцеслужбамі. Гэта значыць выдатнае веданне правілаў гульні і таго, што паследуе за іх парушэннем.
3. Ва ўсім палымяным фэйсбучным спічы Цэпкала – ні малейшага намёку на пратэстныя дзеянні. Няма самага важнага адказу – як ён збіраецца адваяваць сваю перамогу ў краіне, дзе галасы не лічацца сумленна?
Усё гэта ў сукупнасці прыводзіць да высновы: Цэпкала гэта кандыдат-сполйлер, Гайдукевіч для айцішнікаў. Шрайбман удала параўнаў яго з Прохаравым у Расіі, але я б яшчэ сказаў ён па функцыі вельмі падобны на Ксенію Сабчак. Сутнасць гульні ў тым, каб даць бяспечна выплеснуцца незадаволенасці самай нелаяльнай да Лукашэнкі групы насельніцтва: маладых адукаваных гараджан. Каб яны не хадзілі на Плошчы і карміць галубоў, а працягвалі шчыра верыць у выбары і хадзіць на выбарчыя ўчасткі. Фігура, трэба прызнацца, падабраная для гэтага крайне паспяхова – гэта прама-такі антыпод Лукашэнкі, ды яшчэ вядомы ў айцішных колах.
Тое, колькі хамячкоў ужо адзначыліся пад пастом Цэпкала хвалебнымі каментарамі і абяцаннямі за яго прагаласаваць, кажа нам, што гэтая стратэгія можа прынесці плады.
Аднак праўда і ў тым што гэта – вельмі рызыкоўная гульня для улады. Персаналісцкім рэжымам не ўласціва дапускаць яркіх асобаў у вой спектакль – бо яны могуць затміць сваёй гульнёй галоўнага акцёра, набраўшы раптоўную і нечаканую папулярнасць. Наш аўтарытарызм, у адрозненні, напрыклад, ад венесуэльскага – не мабілізацыйнага, а наадварот, анты-мабілізацыйнага тыпу. Ён пакоіцца не на актыўнасці мас, а на іхняй пасіўнасці. І таму любыя элементы, якія могуць гэтую пасіўнасць парушыць і разварушыць масы – нясуць вялізную небяспеку. Бо яны непрадказальныя і ніколі не ведаеш у які бок павернецца іхняя актыўнасць. Гэтаму ёсць вялізная колькасць гістарычных прыкладаў. Уся стратэгія нашай дзяржавы ў дачыненні да актыўнасці мас укладываецца ў формулу «не буди лихо, пока тихо». Але зараз гэты прынцып, здаецца, вырашылі парушыць. Нагода для такой рызыкі можа быць толькі адна – відавочны крызіс эканамічнай мадэлі і крызіс легітымнасці.
Так што Лукашэнка пайшоў па вельмі тонкім лёдзе. Як і тыя аналітыкі, якія пераканалі яго зрабіць гэты крок.