Пандэмія: трэнды і прагнозы
Пакуль Беларусь толькі рыхтуецца да піка захворванняў, у краінах, дзе пандэмія віравала наймацней, пік ужо відавочна пройдзены.
Зараз у Францыі, Італіі, Гішпаніі (гэта адны з найбольш пацярпелых краінаў Еўропы), у сярэднім памірае 100-200 чалавек на суткі – гэта паказчык пачатку сакавіка. Лічба няўхільна зніжаецца.
Менавіта таму і пачалі здымаць абмежаванні.
Думаю, можна прагназаваць што да канца чэрвеня у пераважнай большасці краінаў эпідэмія альбо сыйдзе цалкам альбо сціснецца да ўзроўню небяспекі звычайнага сезоннага грыпу.
Шведская мадэль (адсутнасць каранціну але максімальныя медыка-санітарныя меры), хто б што не казаў, апраўдвае сябе. Лічбы ў Швецыі далёкія ад завоблачных. Па ўсёй верагоднасці, смяротнасць там плюс-мінус такая ж самая, як у краінах, якія ўвялі жорсткі каранцін. Уся розніца ў тым, што там яна адбываецца больш рэзка – а ў «каранцінных» краінах размазаная ў часе.
Відавочна таксама, што найвышэйшая смяротнасць – у краінах з неаліберальнай мадэллю медыцыны. Гэта калі медыцынская галіна робіцца такой жа галіной эканомікі як, напрыклад, рэстаранны бізнес, і ледзь не цалкам аддаецца на ўтрыманне прыватнікаў. То бок уся медыцына ў краіне пераўтвараецца ў шэраг фірмаў, якія вымушаныя гэтаксама ж канкураваць між сабой на рынку (нават калі яны дзяржаўныя), як і любыя іншыя прадпрыемствы.
Дык вось у краінах, дзе медыцына менавіта такая – смяротнасць была найбольшая. Гэта Францыя, Гішпанія, Вялікабрытанія, ЗША (хаця апошнія яшчэ трымаюцца за кошт моцнай дзяржаўнай падтрымкі медыцыны падчас пандэміі).
А вось Швецыя і Германія справіліся выдатна – паглядзіце і ацаніце маштабы самі. Турцыя, якая на самым пачатку эпідэміі нацыяналізавала УСЮ медыцынскую галіну мае вельмі малую смяротнасць адносна колькасці насельніцтва.
Думаю, гэтая пандэмія многаму навучыць не толькі грамадства але і ўрады і капіталістаў – бо зразумела, што аналагічны вірус можа прыляцець з любой краіны свету ў любы момант, і нават закрытыя межы не выратуюць. Думаю, як бізнес так і дзяржава будуць шукаць усе магчымыя меры каб у будучыні перажываць эпідэміі, не спыняючы эканоміку. Гэта можа быць пагалоўная вакцынацыя людзей ад усіх магчымых вірусаў, перафарматаванне медыцынскай галіны пад магчымыя эпідэміі, масавы ўвод у дзеянне экспрэс-тэстаў, і, вядома, перавод на ўдалёнку ўсяго, што мажліва перавесці. Магчыма, таксама, паскарэнне аўтаматызацыі працы.
Вядома, зробяць гэта толькі тыя краіны, у якіх на гэта будуць грошы. Так што пандэмія паглыбіць маёмасную няроўнасць не толькі ўнутры грамадства але і на глабальным узроўні – між краінамі свету.
п.с. калі што, я не выступаю за нацыяналізацыю і адзяржаўлеванне эканомікі – я выступаю за тое, каб медыцына была агульнай і бясплатнай.