Колькі ўжо начытаўся усялякай жэсці пра рэпрэсіі, дзяржаўны тэрор і дыскрымінацыю, што, падавалася б, мне нельга здзівіць. Аказалася што можна
У нейкі момант злавіў сябе на тым, што свядома пазбягаю артыкулаў пра тое што адбываецца ў кітайскім Сіньцзяне. Потым зразумеў — гэта псіхіка так абараняецца. Не хочацца бачыць і чуць. Свядомасць адмаўляецца ўспрымаць такія аб’ёмы гвалту і такую яго нечалавечую форму.
А што самае страшнае — ты разумееш сваю поўную бездапаможнасць у гэтай сітуацыі. Ты не можаш нічога зрабіць. Зусім нічога. Паўтары міліёны чалавек загнаныя ў лагеры і турмы проста па факту іх этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Зняволеныя сядзяць свой тэрмін у літаральным сэнсе — іх прымушаюць праводзіць па 12 гадзін на стуле, не рухаючыся. Іх падвяргаюць хімічнай кастрацыі, падмешваючы прэпараты ў ежу. Б’юць, забіваюць, гвалцяць. Часам пазбаўляюць жыцця каб разабраць на ворганы. Застаўшымся на «свабодзе» усталёўваюць пагалоўна відэакамеры ў кватэрах (!), якія ўмеюць распазнаваць іхнія «падазроныя паводзіны». Ты абавязаны мець смартфон. Які кантралюе ўсе твае перасоўванні і перапіскі. У горадзе кожныя 300 метраў — чэкпоінты, на якіх цябе абшукваюць, правяраюць смартфон і скануюць вока. Гэта Оруэл у кубе, і гэта рэальнасць ужо сёння для многіх міліёнаў чалавек.
І ведаеце што? Усім пофіг. Увесь свет працягвае весці справы з Кітаем. Сраныя «абаронцы мусульман» кшталту Кадырава і іранскіх крыкуноў як вады ў рот набралі.
Пасля прачытання гэтага матэрыялу у вас могуць застацца вельмі цяжкія адчуванні, але я ўсё роўна лічу, што такое трэба чытаць нават супраць сваёй волі. Праўду неабходна ведаць, якой бы страшнай яна не была.