Што робяць нармальныя людзі, калі іхняй супольнасці пагражае небяспека? Калі наўкол – пагроза, надзвычайная сітуацыя, нестабільнасць і бяда?
Вядома, дапамагаюць адзін аднаму, самаарганізуюцца, падтрымліваюць слабых.
Што ў гэтай сітуацыі робяць менты і іншыя прыкарытнікі? Пачынаюць яшчэ больш асцервянела кусаць усіх наўкол. Найперш тых, інфармуе грамадства, робіць карысныя справы і супрацьстаіць бядзе.
Літаральна за апошнія два дні:
1. Гамельчуку ўлупілі штраф за крытычнае відэа пра Лукашэнка (відэа прыраўнялі да «распаўсюду нацысцкай сімволікі»).
2. Былога зняволенага ПК-15 (Магілёў), які зведаў у калоніі катаванні і сродкі карнай медыцыны невядомыя ў цывільным падкараўлілі пад пад’ездам і пачалі пагражаць, каб ён не казаў аб тым, што з ім адбылося.
3. Два суды супраць белсатаўцаў у Магілёве. Абодвум штраф 50 базавых.
4. Валанцёрку ЛГБТ-ініцыятывы там жа, у Магілёве, спрабавалі вербаваць КДБшнікі.
5. Заслаўль. Івана Красоўскага пацягнулі ў міліцыю і склалі пратакол за фатаграфію мента з прыфаташопленай нацысцкай формай, выкладзеную у тэлеграм-чаціку. «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», 17.11 КаАП (ужо амаль народны артыкул).
І, я думаю, працяг будзе. Па-першае, эпідэмія эпідэміяй аднак хутка выбары і поле трэба зачышчаць.
Па-другое, я яшчэ чакаю спробаў дзяржавы змагацца з валанцёрскім рухам. Магчыма, не на глабальным узроўні, а на лакальным, але прэцэдзенты будуць. Любы ўздым людзей крайне небяспечны для такой нестабільнай сістэмы як лукашэнкаўскі гібрыдны аўтарытарызм. Бо праз уздымы людзі пачынаюць верыць у свае сілы. А гэтага ўлада баіцца больш за ўсё.