Тым часам, сёння 14 год беларускай Плошчы

Для мяне выбары-2006 сталі першай кропкай увахода ў палітычны актывізм за межамі анархісцкага руху. Мы з сябрамі-аднагодкамі (мне тады было 17) клеілі налепкі «Вясёлы Рыгорыч» (самаклейка тады мала ў каго была, таму проста раздрукоўвалі і клеілі на ПВА), хадзілі на мітынгі, агітавалі сваіх сяброў і знаёмых і марылі аб тым, што рэжым, урэшце, дажывае апошнія дні. Памятаю, як у Юрыдычным каледжы БДУ раскладваў па падаконніках улёткі супраць лукі, спампаваныя з Індымедыі. Шчыра кажучы, было страшна – калі б спалілі, адлічылі б маментам. Пару разоў прыходзіў у намётавы лагер на Кастрычніцкай плошчы (менавіта тады яна стала Плошчай Каліноўскага).

Тады ўпершыню прыйшло разумення цынічнасці палітыкі – было бачна, як асобныя лідары здраджваюць і зліваюць пратэст без ваганняў і згрызотаў сумлення. Упершыню пабачыў палітычныя тэхналогіі: пачынаючы ад апазіцыйных фэйкаў пра «патрыятычна настроеных супрацоўнікаў КДБ», якія, нібыта, ужо гатовыя скідаць рэжым і толькі чакаюць «гадзіны Х», сканчаючы панічнымі чуткамі аб нейкіх немаверных колькасцях мусароў і нейкай страшэннай спецтэхнікі (якія, упэўнены, самі ж спецслужбы і распаўсюджвалі) і, канешне, знакамітыя пацуках у водазаборы.

Тады ж з пераказаў размоваў сяброў з АМАПаўцамі даведаўся аб дзяржаўным наратыве, які ўбіваецца ў галаву карнікам: «оппозиция вся проплачена, они там пьяные и обколотые, хотят посеять хаос и продать нас западу». За 14 год гэты наратыў амаль не змяніўся. Хіба што дадаліся гей-парады.

Карацей, у такія перыяды вучышся вельмі многаму. Вельмі карысны артыкул каб прыгадаць, як гэта было (бо многія сённяшнія актывісты ўжо не памятаюць) і не паўтараць памылкі мінулага.