Неяк задумаўся, чаму ў беларускіх уладаў няма сваёй фабрыкі троляў і настолькі слаба працуе дзяржпрапаганда. Так, ёсць у нас і лукаботы і БТ, аднак усё гэта выглядае зусім слаба і квёла, не толькі на фоне кіселёўшчыны, аднак нават і на фоне недзяржаўных СМІ.
А фішка ў тым, што структура кожнага аўтарытарызму моцна залежыць ад ягоных эканамічных магутнасцяў. Беларусь – адносна бедны аўтарытарызм. У распараджэнні Лукашэнка няма нафтавых радовішчаў ці звышсучаснай эканомікі. Таму для падтрымання кантролю прыходзіцца шукаць больш танныя спосабы. Якія?
Вядома, рэпрэсіі.
1. Для прапагандысцкай працы патрэбныя адукаваныя людзі. Нават самая прымітыўная прапаганда патрабуе пэўных інвестыцый у інтэлект. Для тэлебачання гэта рэпарцёры, вядучыя, аператары, сцэнарысты і г.д. Для інтэрнэту: СММшчыкі, капірайтэры, журналісты, маркетолагі і г.д. Вялікую частку з гэтых людзей трэба адпаведна адукоўваць, а яшчэ потым пераадукоўваць, бо інтэрнэт-сфера развіваецца з шалёнай хуткасцю. На гэта патрэбныя грошы. Карніка з дубінкай адукоўваць амаль што не трэба. Дастаткова паказаць, як махаць дубінкай і можна выпускаць на плошчу.
2. Тэхнічнае забеспячэнне карнікаў не вымагае столькі грошаў, колькі ў прапагандыстаў. Вадамёт купіў адзін раз – ён ездзіць. Шалом, шчыт, дручок – будуць працаваць і праз 20 год. Файным прапагандыстам патрэбны хуткасны інтэрнэт, студыі, рэгулярная рэклама, паслугі спадарожнікаў, а таксама і тэхніка, якая будзе састараваць кожныя 2-3 гады. Гэта гіганцкія кошты.
Асобныя групы карнікаў, канешне, забяспечваюцца высокаякаснай тэхнікай. Аднак тыя хто працуе «на зямлі» (АМАП, участковыя, інспектары) – пераважна не. У гэтую сферу робяцца нямалыя грашовыя ўкладанні (звычайна пад уплывам канкрэтных пагроз: так было ў 2006 і ў 2017), аднак жа для якаснай працы прапагандыстаў патрэбна было б куды больш. Рызыкну выказаць здагадку, што вялізарныя траты бюджэту на сілавікоў абумоўленыя перш за ўсё вялікай іх колькасцю а не дарагавізной тэхнікі.
3. Для якаснай прапаганды патрэбная ідэя. Беларускі аўтарытарызм не мае сваёй ідэалогіі. Расія – мае. Імперскі шавінізм гэта ідэалогія з доўгай гісторыяй, сваімі каштоўнасцямі і пантэонам герояў. Яна здольная мабілізаваць людзей. Каго можа мабілізаваць «идеология беолрусского государства», якой, да таго ж, фактычна няма? Дакладней, фактычна ідэалогія беларускай дзяржавы гэта максімальна абстрактны кансерватызм, цэнтраваны на адным чалавеку – Лукашэнка.
Сярод рускіх ёсць тыя, хто гатовы памерці за ідэалы рускага імперыялізму. Такіх хапае. А хто гатовы памерці за пасяўную, вусы рыгорыча і «стабільнасць»? Не ведаю такіх. Адпаведна, без наяўнасці выразнай і пераканаўчай ідэі немагчымая пераканаўчая прапаганда. У такім выпадку, зноў жа, прасцей біць нязгодных, чым спрабаваць пераканаць іх, чаму яны мусяць быць згодныя.
Тое ж самае адносіцца да іншых аўтарытарызмаў, якія маюць свае прапагандысцкія машыны: Турцыя, Іран і інш. Усе яны маюць моцную мабілізацыйную ідэю.
З пункту гледжання эканомікі і фінансаў што танней атрымоўваецца што? Перафармаціраваць свядомасць чалавека, прывіўшы яму пэўныя каштоўнасці? Ці запужаць прамым гвалтам? Вядома, другое. Вось і карыстаюцца яны гэтым спосабам бо ён дае хуткі і бачны эфект. Аднак у даўгатэрміновай перспектыве гэты шлях прыносіць мноства пабочных эфектаў: недавер грамадства да дзяржавы, рост талерантнасці да гвалту, патаемная нянавісць да сістэмы, палярызацыя ў насельніцтве і г.д. Гэта часам можа прывесці і да калапсу рэжыму. Таму для ўладаў гэтыя пабочныя эфекты – страшная небяспека. Для нас жа – грамадзянскай супольнасці і экстрэмістаў – вакно магчымасцяў.