Аб затрыманні Ціхіні

Сёння канал Nexta паведаміў  што былы кіраўнік 2-га упраўлення ГУБАЗіК, Уладзімір Яўгеньевіч Ціхіня, у мінулую пятніцу затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Меркавана – за хабар.

Ціхіня сышоў з ГУБАЗіКа яшчэ 16 снежня – як кажуць, па ўзросце (яму 57 год). Што цікава, за 2 дні да затрымання ён атрымаў ганаровы медаль МУС. Гэта ў дадатак да россыпу іншых медалёў і ўзнагарод, сярод якіх атрыманая ў 2007 годзе падзяка асабіста ад Лукашэнка.

Каб зразумець важнасць навіны, трэба ведаць, хто такі Ціхіня. Гэта плоць ад плоці Сістэмы. Усё жыццё прапрацаваў у органах МУС. Уявіць сябе “мента”, не, нават, “мусара” большага, чым Ціхіня, наўрацці магчыма. Ціхіня стаіць за пераважнай большасцю, калі не за ўсімі, крымінальнымі справамі супраць беларускіх злодзеяў у законе і арганізаваных злачынных груповак. Без перабольшання можна назваць яго чалавекам, які ўнёс найбольшы ўклад у вынішчэнні арганізаванай злачыннасці ў Беларусі. Людзі, блізкія да крымінальных эліт, казалі мне аб гэтым наўпрост, таму журналісцкі эпітэт “гроза воров в законе” недалёкі ад ісціны. На сваёй пасадзе выконваў па-сапраўднаму палітычныя функцыі, зачышчаючы Беларусь ад альтэрнатыўных Лукашэнке цэнтраў улады.

Ціхіня праславіўся перш за ўсё незаконнымі і антычалавечымі метадамі здабычы доказаў і прымусу падазроных да супрацы. Ціск у месцах адбывання пакарання, “прес-хаты”, шантаж дэталямі асабістага жыцця, пагрозы родным, ілжывыя абяцанні “знізіць тэрмін” (як мінімум адзін з паверыўшых у такія абяцанні Ціхіні – удзельнік Калінкавіцкай ОПГ па мянушцы “Ліс” – быў расстраляны) – няма таго, на што бы ён не пайшоў. А горш за ўсё – штучнае прыцягненне да адказнасці невінаватых людзей, каб максімальна пашырыць “злачынную групоўку”, Так што акрамя бандытаў Ціхіня быў гразой іх сяброў, знаёмых, родных і проста выпадковых людзей, з якімі яны перасякаліся. Гэта прыводзіла да таго што па справах многіх “арганізаваных злачынных груповак” на лаве падсудных сядзелі людзі, адзін з адным нават не знаёмыя. На зоне мне даводзілася чуць ад людзей пасаджаных ім гісторыі кшталту: кіроўца падвёз малазнаёмага хлопца да дому, а потым аказаўся саўдзельнікам “ОПГ” і атрымоўваў рэальны тэрмін, бо той хлопец, аказваецца, быў нейкім бандытам. Схему выдатна апісаў у сваёй кнізе «Еду в Магадан» Ігар Аліневіч:

«КГБ и ГУБОП решили не заморачиваться и начали штамповать ОПГ десятками. […] По одной только Гомельской области «раскрыто» не менее полутора десятков ОПГ за 10 лет! Хойницкие, умановские, дело «кидал», речицкие, морозовские, пожарники… Если первые ОПГ составляли «скромные» 5-15 человек, то к 2006г. на скамье подсудимых уже сидело по 70 (пожарники) и 130 (морозовские) человек! Откуда?! Сроки фантастические – 10-25 лет! В полном соотвествии с технологией сталинских процессов за основу берутся несколько человек, далее наращивают их контактных лиц, эпизодических или вовсе случайных, таким образом, дело приобретае видимость объемности и серьезности, становится возможным применить гораздо более тяжелые статьи. Могут объединить несвязанные друг с другом, а порой и враждующие преступные группы в одну организацию и заявить ОПГ».

Менавіта ў такой фабрыкацыі крымінальных справаў Ціхіні не было роўных – за што, відаць, ён і стаў “героем уголовного розыска”, і, бадай, адным з самых медыйных супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

У звязку з палітычнымі рэпрэсіямі асабіста я з Ціхіней не сустракаўся Аднак паколькі з 2012 года ён быў нам.начальніка ГУБАЗіК то, безумоўна, прымаў удзел у іх, бо, як мінімум падпісваў загады аб вобшуках і спецаперацыях супраць экстрэмістаў.

Той факт, што Ціхіня, магчыма, браў хабар, ці яшчэ нейкім чынам парушаў закон, мяне абсалютна не здзіўляе. Бо калі ты ўсё жыццё метадычна знішчаеш лёсы людзей дзеля пасадаў, медалёў і прэмій то што для цябе ўзяць хабар? Здзіўляе толькі тое што тыя хто зойме ягонае месца працягнуць, як тыя псы, разбіваючы лоб і псуючы сабе біяграфію, выслужвацца перад гэтым рэжымам які ў любы момант цябе растопча, нягледзячы на ўчорашнія заслугі.

Ну не ідыёты?