Ужо некалькі чалавек запыталіся мяне чаму, на мой погляд, так жорстка прэсуюць відэаблогера Шэрага Ката, які, дарэчы, з’яўляецца адным з найбуйнейшых беларускіх палітычных блогераў (спецыялізуецца на стрымах). Усіх цікавіць, чаму дачапіліся менавіта да яго.
Нагадаю тым хто не ведае, нядаўна відэаблогеру ўляпілі яшчэ 15 сутак арышту за ўдзел у акцыях супраць незалежнасці такім чынам Дзмітры Казлоў адбудзе за кратамі ДВА МЕСЯЦЫ. За адміністратыўкі. І наперадзе ў яго яшчэ два суды.
Дарэчы, усё абсалютна па законе. Так, у нас закон фармальна не забараняе судзіць чалавека і трымаць за кратамі па адміністрацыйных справах хоць усё жыццё, калі трэба. І я думаю, гэта элегантны выхад для ўлады па ізаляцыі і запужванню іншадумцаў: і палітвязня фармальна няма (бо няма крыміналкі і прысуду) і чалавек ізаляваны. І хутчэй за ўсё такое будзе практыкавацца і надалей.
У прэсінгу ж менавіта Шэрага Ката я бачу адразу некалькі прычынаў.
Па-першае чалавек адносна малавядомы. У яго няма родных, жыве адзін. Не мае пасадаў у НДА і незалежных СМІ. Таму мянтамі ён разглядаецца, як лёгкая мішэнь. Яны любяць прэсаваць самых, як ім падаецца, безабаронных.
Па-другое, гэта правінцыя. У Воршы нават тэхнічна прасцей правярнуць гэтыя трукі: калі па заканчэнні тэрміну цябе адразу пад канвоем вязуць у суд і даюць яшчэ 15 сутак. Меней актывістаў, амаль няма рэпарцёраў – такія дзеянні мянтоў “пралазяць” і выклікаюць адносна мала супрацьдзеяння.
Па-трэцяе, я думаю, такі прэсінг – гэта знак іншым. Вось што будзе з вамі, калі будзеце лезці і стрыміць дзе ні попадзя. Улада ўжо ўцяміла, што блогерская супольнасць па сваіх здольнасцях распаўсюджваць непадцэнзурную інфармацыю наблізілася да буйных СМІ і, што самае важная, ахапіла новую аўдыторыю – па-за межамі тых, хто ўжо «акучаны» Белсатам, Свабодай і інш.. Гэта ўяўляе для іх небяспеку. Таму мянтам вельмі важна запрэсаваць гэтыя расткі непадкантрольнай інформактыўнасці ў выглядзе блогераў, асабліва з рэгіёнаў.
Дарэчы, такая тактыка карных ворганаў можа справакаваць такую з’яву як ананімны відэаблогінг. Людзі будуць піліць відэа ў масках і старацца па максімуме не свяціцца, аднак працягнуць казаць аб тым што набалела. Працэс з’яўлення новых грамадскіх лідараў не спыніць, бо на іх відавочна ёсць запыт.
Зараз далейшыя паводзіны мянтоў у многім залежаць ад паводзінаў Дзмітрыя. Яны далі Дзмітрыю бясплатны піяр і ўчынылі даволі жорсткі прэсінг. Калі ён выстаіць і працягне займацца тым, чым і раней, можна лічыць, што яны абламалі аб яго зубы. У адваротным выпадку пабачаць: “ага, схема працуе, зараз мы ўсіх гэтаксама ж!”.
Таму мысленна пажадаем Дзмітрыю мужнасці і стойкасці, а яшчэ можна дапамагчы грашыма яму і іншым арыштантам.