Яўгена Малахоўскага, заснавальніка суполкі “Гэта Мінск, дзетка” у сацыяльных сетках выклікалі ў ГУБАЗіК* на размову. Па словах хлопца, там прысутнічалі некалькі ГУБАЗаўцаў і супрацоўнік КДБ. Паводзіны іх і пажаданні былі цалкам чаканыя: патрабавалі выдаць імёны іншых удзельнікаў, ціснулі, пагражалі, падсоўвалі ўсялякія распіскі.
Думаю, відавочна, што перад прэзідэнцкімі выбарамі сілавікі спрабуюць узяць інфапрастору пад кантроль. Робіцца гэта некалькімі шляхамі: праз схіленне да супрацы асобных недзяржаўных медыя (прыклады Нашай Нівы, Ежедневника), а таксама праз запужванне самастойных адмінаў вялізных суполак (а ў суполцы “Гэта Мінск, дзетка” у ВК, нагадаю, 82 тыс. чалавек). Цікаўнасць тут выклікае толькі тое, што гэтым пачаў займацца ГУБАЗіК, які раней займаўся толькі палітычным экстрэмізмам. Гэта можа сведчыць як аб пашырэнні ўлады і паўнамоцтваў, так і аб тым, што Яўгена Малахоўскага сілавікі ў сябе ў галаве чамусь звязваюць з палітычнымі радыкаламі.
Варта чакаць што такія выпадкі будуць рабіцца часцейшымі. Бо хутка выбары і градус рэпрэсій будзе непазбежна ўзрастаць. Таму варта зараз жа ўсім адмінам (хто вядзе свае каналы і суполкі неананімна) падрыхтавацца і зрабіць для сябе высновы.
Што Яўген зрабіў правільна?
1. Пакінуў смартфон у машыне (аддаш яго ў ячэйку захоўвання і невядома што яны могуць з ім зрабіць там за той час пакуль цябе дапытваюць)
2. Адразу апублічыў інфармацыю аб візіце. Маўчаць ні ў якім выпадку нельга, гэтым вы зробіце сабе толькі горш!
Што Яўген зрабіў НЕправільна?
1. Падпісаў паперы-папярэджанні “аб недапушчальнасці блаблабла”. Гэта ўсё фуфел. які не мае ніякай юрыдычнай сілы і існуе для апраўдання дзейнасці саміх ментоў і для іхней справаздачнасці перад начальствам. Не трэба дапамагаць ім рабіць сваю працу.
2. Увогуле пайшоў на гэтую сустрэчу. Запомніце, ні на якія размовы вы хадзіць не абавязаныя! Вас могуць абавязаць прыйсці на сустрчэу з сілавікамі толькі вы з’яўляецеся СВЕДКАМ ЦІ АБВІНАВАЧАНЫМ ПА КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЕ. І тады вам абавязаныя ўручыць павестку пад роспіс. Усё астатняе – поўная фігня. Менты не мусяць прывыкаць што да іх усе бягуць па званку і першаму пстрычку пальцаў. Не палягчайце ім працу!
*ГУБАЗіК, хто не ведае, гэта Галоўнае падраздзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС РБ. У ягоным складзе знаходзіцца 3-е упраўленне, а таксама, у кожным упраўленні, 3-ці аддзел, мэтай якога з’яўляецца барацьба з палітычным экстрэмізмам (чытай – з дысідэнтамі і сацыяльнымі актывістамі).