Гёзы, санкюлоты, анархісты, экстремісты

У 1556 годзе да Маргарыты Пармскай, губернатаркі Нідерэландаў, якія ў той час былі часткай Гішпанскай імперыі, прыйшла дэлегацыя тамтэйшых дваран. Яны прынеслі петыцыю з просьбай спыніць уцісканне іхніх правоў і насаджэнне каталіцтва. Губернатарка і яе світа толькі пасмяяліся з прасіцеляў, назваўшы «гёзамі», г.зн. «жабракамі» – вопратка нідерэландскіх дваран выглядала надта сціпла ў параўнанні з раскошнымі ўбраннямі гішпанцаў.

Праз два гады ў Нідэрландах разгарэлася герылья. Абразлівая мянушка «гёзы» была з часам узятая народнымі партызанамі, якія праз крывавае паўстанне даўжынёй у 80 год вышпурнулі з краіны Гішпанскую імперыю.

Гёзы ўвайшлі ў гісторыю як тыя, дзякуючы каму Нідэрланды зараз існуюць на мапе свету.

*

У каралеўскай Францыі чорнарабочых і гарадскія нізы арыстакраты пагардліва называлі санкюлотамі – «бяспанчошнікамі». Бо прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў насілі панчохі, а бедната – доўгія штаны. Пагардлівы ярлык загучаў зусім па-іншаму, калі 14 ліпеня 1789 санкюлоты ўварваліся ў каралеўскія склады і забралі адтуль 30 000 мушкетаў, у той жа дзень узяўшы штурмам Бастылію. Так пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя, якая перакраіла парадкі Еўропы і сфармавала катэгорыі палітычнай думкі на некалькі стагоддзяў наперад.

Слова ж «санкюлот» вельмі хутка стала ў Францыі сінонімам рэвалюцыянера і патрыёта.

*

На стагоддзе раней у Англіі і падчас усё той жа Французскай рэвалюцыі групоўкі буржуазіі і арыстакратаў кляймілі ўсіх, хто патрабаваў больш справядлівага пераразмеркавання ўлады і ўласнасці, «анархістамі». Мянушка даставалася як сялянскаму руху дыгераў, так і тым жа санкюлотам, пакуль у 1830-х французскі філосаф Пьер-Жозеф Прудон не падняў яе на шчыт і не зрабіў саманазвай радыкальных прыхільнікаў свабоды.

Зараз анархісты – рух з амаль 200-гадовай гісторыяй, галаўны боль элітаў і спецслужбаў, а анархізм – адна з самых папулярных вызваленчых ідэалогій у свеце, якая натхніла на подзвігі ў барацьбе за волю не адну тысячу герояў.

*

У нашай Беларусі выразна намеціўся трэнд – дзяржава імкнецца назваць усіх вальнадумаў, дысідэнтаў і радыкалаў «экстрэмістамі». Крытыкуеш уладу? Экстрэміст. Распаўсюджваеш «забароненыя» матэрыялы (колькасць якіх у спісе пераваліла за 500) – экстрэміст. Не верыш дзяржаве і гучна кажаш аб гэтым – экстрэміст. Па знакамітым артыкуле 17.11 за апошнія 2 гады асудзілі не менш за 20 чалавек, прайшло не менш за тры суды па артыкуле 130 КК РБ (Распальванне варожасці). І гэта толькі тое, што вядома праваабаронцам.

Законы, якія абмяжоўваюць нашае натуральнае права на свабоду слова, якія забараняюць нам глядзець, чытаць і пісаць тое што мы хочам апраўдваюць «барацьбой з экстрэмізмам».

Яны хочуць пераканаць усё грамадства, што быць экстрэмістам – гэта нешта кепскае. Але мы не дамо ім гэтага зрабіць. Знішчыць іхнія суды і ануляваць крымінальны кодэкс мы пакуль не можам. Аднак забраць у іх уладу над сэнсам і і значэннямі словаў – у нашых сілах. Мы маем для гэтага ўсе інструменты, трэба толькі іх скарыстаць. І праз некалькі год у Беларусі экстрэмістам будуць лічыць адважнага дысідэнта і грамадска актыўнага чалавека, які не баіцца выказваць свае думкі і стаяць за свае перакананні.

Гэтыя налепкі я раздаю бясплатна. Пішыце ў прыват 😉

#яэкстремист #яэкстрэміст