Васілевіч не вінаватая!

 
У парламент не трапіла ніводнага апазіцыянера. Затое трапіла 22-гадовая дзяўчына, «Міс Беларусь», якая працавала у эскорце Лукашэнкі. Кідала з ім кавуны, сядзела на хакейных матчах. А ён яе ціскаў, абдымаў і называў «дзетка». Усе зрабілі рэзонную выснову, што хутчэй за ўсё яна – ягоная чарговая каханка, якую за сваеасаблівую службу ўзнагародзілі пасадай дэпутаткі. Так яно звычайна адбываецца ў аўтарытарных краінах, і пра такі стыль узаемаадносінаў з жанчынамі кажуць усе, хто хоць калісь быў блізкі да ўладных колаў.
 
Што адбылося далей? Як кожная сучасная дзяўчына, Васілевіч мае акаўнты ў сацсетках. Аднак, відаць, яна забылася што Інстаграме, у адрозненні ад рэальнага жыцця, Лукашэнка ёй нічым дапамагчы не зможа. Сваечасова не выдаліўшы свае сацсеткі, яна чакана атрымала ў свой адрас пару цыстэрнаў адборнага гаўнішча ад беларусаў. Зараз у сваёй інсте яна пазакрывала каментары для новых фрэндаў. Аднак нават тыя што засталіся, пішуць ёй не вельмі прыемныя рэчы.
 
Аднак самае цікавае пачалося потым. Адзін за другім у сацсетках пачалі раздавацца галасы ў абарону нашай прыгажуні. І не ад БРСМаўскіх троляў, а ад людзей з незалежніцкай супольнасці. Аргументы гучаць такія:
 
– Яе цкуюць за тое што яна жанчына. Гэта сэксізм!
У многіх феміністычна настроеных дам жаночая салідарнасць тут перамагла ўсе астатнія фактары. У тым ліку пачуццё справядлівасці. Бачым, як крыўдзяць істоту аднаго з намі пола – абараняем. І ня важна хто яна і што яна. Сябры, у беларускім грамадстве хапае сэксізма ў многіх іншых месцах. Васілевіч – максімальна прывілеяваная асоба. Ёй не трэба будзе гарбаціцца за 700 рублёў на месяц, каб. пракарміцца Яе ніколі не арыштуе патруль на Зыбіцкай на выхадзе з бара. Ёй не трэба будзе бадзяцца па здымных хатах да 30 год. Ейных дзяцей не пасадзяць на 10 год за грам гашыша ў кішэні. А тых, хто зліцца на Васілевіч у каментах, гэта штодзённая рэчаіснасць. А зараз ідзіце і раскажыце ім, якія яны сэксісты і эйджысты.
 
І без вашай абароны, паверце, жыццё яе будзе лепей чым у вас. Яна забяспечыла сабе да канца дзён дабрабыт, які вам і не сніўся. Сляпая палавая салідарнасць тут абсалютна недарэчная, не кажучы ўжо пра тое, што несправядлівая.
 
– Не было ніякага сэкса з Лукашэнкам. Гэта няпраўда! Вы свечку не трымалі!
 
Гэты аргумент выкліча усмешку ў любога, хто хоць калісь сутыкаўся з вышэйшай вертыкаллю ў Беларусі. Гэта сумесь нейкай дзіцячай наіўнасці і поўнага неразумення псіхалогіі мужчын ва ўладзе. Але ладна. Няхай. Дапусцім, яна з ім не спала а проста падпрацоўвала ўпрыгажэннем на ягоных афіцыйных і неафіцыйных выхадах.
 
Прабачце, а гэта што, лепей?
 
Лукашэнка забіваў людзей. Лукашэнка незаконна захапіў уладу над цэлай краінай. Лукашэнка тысячамі ламае людскія лёсы. Лукашэнка гандлюе нашай незалежнасцю. Лукашэнка пазбавіў цэлае пакаленне беларусаў нармальнай будучыні. Спіс можна працягваць бясконца.
А ты, краля, дабраахвотна (ніхто сілай не прымушаў, паверце) танчыш з ім на балах, кідаеш кавуны, міла яму пасміхаешся, упрыгожваючы ягоны крывавы фасад сваёй мілай мордачкай.
Ня ведала? Не задумвалася? Ёй усё роўна? Тады гэта яшчэ горш.
Яна падзяляе з ім віну. Хай не ў той жа ступені, як Вакульчык, Уцюрын і ім падобныя, аднак у дастатковай ступені каб быць асуджанай за гэта раз і назаўжды.
 
– А чым яна лепей за ўсіх астатніх!? Чаму не цкуюць Макея?!
 
Ды нічым яна не лепей. Аднак ёсць простае тлумачэнне, чаму яе цкуюць больш чым астатніх. Людзей бамбіць ад несправядлівасці. Справядлівасць, нагадаю, гэта ўяўленне людзей аб тым што ім «паложана». Аб тым, што яны заслугоўваюць, а што – не.
Дык вось хочаце вы ці не, але ў большасці беларусаў ёсць уяўленне, што дзяўчына 22 гадоў не заслугоўвае пасады у вышэйшым заканадаўчым воргане проста па факту інтымнага сяброўства з Лукашэнкам. Сярэднему дзяржслужбоўцу, насамрэч, трэба нармальна пастарацца каб стаць дэпутатам. Гэта сінекура, якую дораць бліжэй да пенсіі тым, хто служыў рэжыму як след. Васілевіч нічога гэтага не рабіла, але з хуткасцю маланкі ўзнеслася на вершыню дзяржаўнай іерархіі. Людзей гэта прывяло ў заканамерны шал. Добра гэта ці не? Можна спрачацца. Але факт у тым што людзі так адчуваюць.
 
Сітуацыя пагаршаецца тым, што дэпутатцкая пасада яшчэ і выбарная. І ўсе разумеюць, што Васілевіч тупа «назначылі» ад імя народу, што выглядае яшчэ больш цынічным і выклікае яшчэ большае абурэнне.
 
– «Непрыгожа, некультурна, сорамна. Не-па джэнтэльменску!»
 
Нагадаю што ў любой нармальнай краіне з нагоды такога сумніўнага прызначэння ўжо віравалі бы мітынгі на вуліцах. Дарагія мае, вы забыліся, што абурэнне ў інтэрнэце гэта ўсё што ў нас яшчэ не забралі? Што больш нічога нельга? Вы можа хочаце, каб беларусы і тут трымалі сябе ў руках і сачылі за кожным словам? То бок яшчэ і тут непаслухмяных трэба «призвать к порядку»? У такім выпадку вашыя жаданні цалкам супадаюць з памкненнямі МУС і КДБ.
 
Чаму ж у Васілевіч раптоўна зьявіліся абаронцы? Чаму некаторыя з такім імпэтам выказваюць спачуванне таму, хто спачування заслугоўвае менш за ўсё?
 
Чыста з псіхалагічнага пункту гледжання ў мяне ёсць два тлумачэння.
 
Першае – гэта Стакгольмскі сіндром. На пэўным этапе гвалту ахвяра пачынае атаясамляць сябе з гвалтаўніком. Так, сябры. Вы – ахвяра. Марыя Васілевіч – гвалтаўнік. Яна скрала вашыя галасы. Яна будзе засядаць і прымаць законы супраць вас у нелегітымным органе ўлады. І тут, канешне, дзейсным механізмам псіхалагічнай абароны будзе лічыць што мы з ёй – нейкая агульная існасць. «Яна ж таксама жанчына, як і я!», «Яна гэтаксама беларуска!». Альбо шукаць у яе добрыя бакі: «Ну глядзіце якая прыгожая!»
 
Другое – гэта нежаданне бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Горкая пілюля ў тым, што 22-гадовую недалёкую дзяўчынку – без ведаў, без досведу хоць якой карыснай дзейнасці, і, відаць, без маральных прынцыпаў, паставілі вышэй кожнага з нас. Зрабілі гэта нахабна, дэманстратыўна, па-хамскі. Зрабілі гэта ў насмешку над намі. Ты працуй, скот, усё жыццё, каб выплаціць крэдыт на кватэру. А яна лягла ў ложак з кім патрэбна і зараз будзе прымаць законы, па якім табе жыць.
 
Гэтую пілюлю не хочацца глытаць. Гэтую рэчаіснасць не ахвота прымаць. Унікнуць яе ёсць толькі адзін сродак – шкадаване. Тыя ж, хто яе шкадуюць, разважаюць: «ну не можа быць каб усё было так кепска! Яна таксама чалавек!». «Дык а чым астатнія палатачнікі лепей? Чаму на ёй зрываюцца? Гэта таму што яна маладая дзяўчына!»
Ды і ўвогуле – якая ж яна служка рэжыму, глядзіце якая няшка! Так непадобная на гэтых цётак-начосаў і пузаноў з палаткі! Ну не можа дзяўчына з такой прыгожай усмешкай быць такой мярзотніцай як вы з яе лепіце (спойлер: можа, і гэта яшчэ адна горкая пілюля).
Як слушна адзначыў неяк Hleb Rubanau, людзям цяжка жыць з асэнсаваннем таго, што дзяржава – цалкам не на іх баку. Вось і выдумляюць сабе розныя нагоды для таго каб апынуцца з ёй па адзін бок барыкад. Прыязнасць да Макея, якога некаторыя з прагрэсіўнай публікі чамусь лічаць «нашым» – з той жа оперы.
 
Чалавек не можа быць увесь час у стрэсе, увесь час быць упэўнены што «вакол ворагі». А жыццё любога думаючага чалавека ў аўтарытарнай дзяржаве вымагае ад нас менавіта такога ладу мыслення. Да, сябры, тут усе дзяржструктуры і дамінуючы грамадскі сэт каштоўнасцяў – усё супраць нас. Жыць з гэтым цяжка, можна далбануцца галавой, згодзен. Пачынаюць працаваць механізмы псіхалагічнай адаптацыі. Аднак не вельмі добра, калі яны замінаюць бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць.
 
Падсумую.
1. Ці можна з маральнага і палітычнага боку цкаваць і гасіць Васілевіч у інтэрнэце? Так, гэта дапушчальна і апраўдана. Яна гэта заслужыла. Свядома, асэнсавана, шляхам ўдзелу ў хлусні і фальсіфікацыі яна скрала вашыя галасы і стала часткай злачыннай Сістэмы. Кропка.
Адное што асабіста я ў наездах пазбягаў бы сэксуальна-генітальнай тэматыкі. І бяз гэтага есць што ёй прад’явіць.
 
2. Васілевіч цкуюць за тое, што яна – маладая дзяўчына? Гэта праява сэксізма і эйджызма? І так і не. Яе цкуюць за тое, што яе прызначэнне выглядае нонсеснам і насмешкай нават на фоне нашых клоўнскіх выбараў. Хай падсвядома, але многія прааўноўваюць свой поспех у жыцці і ейны. І, вядома, ад вынікаў такога параўнання падгарыць у кожнага. Той факт што яна вельмі маладая і да таго ж прывабная дзяўчына, безумоўна, узмацняе яе віну у вачах кансерватыўнай большасці. Так, тут ёсць уплыў забабонаў і стэрэятыпаў. Аднак я нікога не вазьмуся асуджаць за іх у гэтай сітуацыі. У дадзеным выпадку хейт 100% справядлівы і няважна ў якую форму ён загорнуты.
У пэўным сэнсе праўду кажуць, што яе цкуюць бо яна «лёгкая ахвяра». Так, яна лёгкая ахвяра – бо ў адрозненні ад астатніх, не паспела сваечасова выдаліцца з сацсетак 🙂
 
3. Васілевіч горшая за астатніх дэпутатаў? Хутчэй за ўсё – не. Яны ўсе заслугоўваюць асуджэння і нашай пагарды ў прыкладна аднолькавай ступені. Яна нічым не горшая за іх. Усе яны па-свойму прадаліся каб трапіць у палатку. Прадаць для патраплення ў палатку сваё цела – нічым не лепш і не горш чым халуйстваваць 30 год у дзяржворганах.
 
Напрыканцы хачу дадаць. Калі ўжо вам вельмі хочацца камусь паспачуваць – паспачувайце Міхаілу Жамчужнаму і Святаславу Барановічу. Гэтыя людзі гадамі не вылазяць за штрафных ізалятараў. Знаходзяцца яны там таму, што змагаліся за вашую і нашую свабоду. Так, прырода не надзяліла іх няшнай знешнасцю, як Васілевіч. Яны не выйграюць конкурсы прыгажосці. Аднак паверце, вашая падтрымка ім зараз куды больш патрэбная.