Хто пратэстуе?

Рухавік большасці пратэстаў у Беларусі – гэта не моладзь, а мужчыны і жанчыны 35+. Даследванняў не праводзіў, але пакуль складаецца такое суб’ектыўнае ўражанне – як гляджу на твары пратэстоўцаў і аўдыторыю незалежных СМІ.
У асноўным гэта дробныя прадпрымальнікі ці занятыя на прыватных фірмах. У асноўным – з рэгіёнаў.
 
Чаму так атрымалася? Якія фактары паспрыялі?
 
1. У Беларусі ў прынцыпе мала моладзі. Насельніцтва ў нас сталее. Моладзі, незадаволенай сваім сацыяльным статусам, рэсурсна выгадней з’ехаць, чым пратэставаць.
 
2. У людзей сярэдняга веку, відавочна, есць вольны час для таго каб знаёміцца з апазіцыйным кантэнтам. Адкуль сотні тысяч праглядаў у беларускіх ютьюбераў: Маслоўскага, Нехты, Марата Мінскага, Общества Гомель, Філіповіча, ды таго ж МозгONа? Ад гэтай катэгорыі.
 
3. Яны ўжо паўжыцця доўга і ўпарта працуюць. Аднак абяцанага «шчасця і дабрабыту» так і не наступіла. Стабільнасцю таксама не пахне. Аднак многія з іх ездзілі ў Еўропу і бачаць, як людзі жывуць там. Кантраст балюча рэжа вочы. Копіцца расчараванне і злосць.
Гэта адзін з класічных інгрыдыентаў для рэвалюцыі: людзі пратэстуюць не тады, калі у іх «нічога няма», а тады, калі ўпэўненыя: у іх ёсць куды менш, чым яны заслугоўваюць.
 
Пры гэтым, ужо маючы тут сацыяльныя абавязкі, карані і маёмасць, яны не могуць проста ўзяць і пераехаць, як робіць моладзь 17-21 год.
 
4. Яны адносна незалежныя ад дзяржавы. Бюджэтнікі (лекары, настаўнікі, дзярслужбоўцы) баяцца нават рыпнуцца. Выкінуць з працы і не паглядзяць, што ў гэтай школе\лякарні больш няма каму працаваць. Гэта робіцца проста і хутка, праз вертыкаль мясцовага выканкаму. Але ж каб пазбавіць ліцэнзіі ІПшніка альбо звольніць чалавека з прыватнай фірмы, патрэбная цэлая КДБшная спецаперацыя. Гэта так проста не робіцца. Ды і звольнены, ён, маючы запатрабаваную спецыяльнасць, лёгка знойдзе іншую працу. Таму гэтыя людзі баяцца выказвацца ў куды меншай ступені.
 
І яшчэ, яны даволі асцярожныя. Хоць і не такія залежныя ад дзяржавы, яны ўсё ж маюць што губляць і не імкнуцца ў турму альбо на суткі. У іх ёсць цярпімы заробак, сям’я, дзеці. Таму яны займаюць хутчэй пазіцыю чакання. Моўчкі скроляць стужкі, ставяць лайкі і данацяць змагарскім іінцыятывам. Яны падключацца, верагодна, толькі тады, калі ад пратэстны рух дасць ім па-першае выразную і дасягальную мэту, па-другое, рэальную надзею на перамогу. Нешта падобнае пачалося ў 2017-м годзе.
 
У такія моманты вельмі шкадуеш, што ў Беларусі кепска з незалежнай сацыялогіяй. Будзь у нас паболей даследаванняў удзельнікаў пратэстаў і іх матывацыі, працаваць над рэвалюцыйнымі пераменамі было б куды прасцей.