9 кастрычніка пачалася турэцкая аперацыя на поўначы Курдыстана па стварэнню 30-кіламетровай г.зв. “буфернай зоны” між Турцыяй і Сірыей. Па факце гэта – напад на незалежную канфедэрацыю народаў пад назвай Ражава (Rojava), альбо Паўночны Курдыстан. Ніжэй будзе доўгі пост аб акалічнасцях гэтай атакі і аб тым якія высновы могуць выцягнуць. Калі ласка, набярыцеся цярпення і пастарайцеся разабрацца, хто не вельмі знаёмы з сітуацыяй. Хто спецыяліст у тэме – можаце адразу адгартаць уніз.
У 2012 годзе, падчас сірыйскай Рэвалюцыі курды сышлі з-пад улады Асада і змаглі ўтварыць сваю аўтаномію. Спыніўся шматгадовы пераслед курдскіх актывістаў, казні і катаванні, якім яны падвяргаліся. Людзі атрымалі небачаную раней свабоду. Курдская мова, школы, СМІ – усё гэта, урэшце, выйшла з падполля.
А прыкладна з сярэдзіны 2013-га году курды вядуць вайну з ІДІЛ. Напрыканцы 2018-га у ІДІЛ была адбітая апошняя “афіцыйная” тэрыторыя, аднак групоўка не перастала існаваць: па розных дадзеных да 20 000 (!) ейных баевікоў зараз вядуць партызанскую вайну на тэрыторыі Ірака і Сірыі. Хто такія ІДІЛ, чаго яны хочуць і што робяць, думаю, вам тлумачыць не трэба.
Падчас гэтай вайны Сірыйскі Курдыстан (Ражава) атрымоўваў істотную дапамогу ЗША. Больш за 10 000 байцоў араба-курдскай SDF (Syrian Democratic Forces) былі забітыя. Ражава амаль у два разы павялічыла сваю тэрыторыю.
На ўсіх усталяваных тэрыторыях курды ўсталёўвалі лад, які шмат у чым нагадвае палітычны ідэал анархістаў. Галоўнай уладай у Ражаве з’яўляюцца ворганы народнага самакіравання. Усе прадпрыемствы, што належалі дзяржаве, былі перададзеныя ва ўласнасць кааператываў. Зробленыя вялізарныя крокі ў вызваленні жанчын. Быў дасягнуты хай хісткі, але мір між народамі, якія насяляюць Курдыстан: арабамі, асірыйцамі, армянамі, езідамі і ўласна курдамі. Дасягнутая згода між хрысціянамі і мусульманамі. Розныя групы насельніцтва маюць свае грамадскія структуры і прадстаўленыя ў ворганах улады – гэта унікальная сітуацыя для Бліжняга Усходу, дзе традыцыйна «хто мацнейшы тот і правы». Яшчэ гэта кардынальны прарыў для самой Сірыі, дзе Асад праводзіў палітыку жорсткіх рэпрэсій, монаэтнічнасці і арабскага нацыяналізму.
І нават узброеныя сілы Ражавы – SDF, арганізаваныя вельмі дэмакратычна: з унутранай крытыкай, выбарнасць камандзіраў і г.д.
У Ражвае на баку курдаў дзейнічае як мінімум тры узброеныя анархісцкія арганізацыі (IRPGF, RUIS, Tekoşîna Anarşîst), дзясяткі анархісцкіх дабраахвотнікаў: з ЗША, Ісландыі, Італіі, знайшлі там смерць у баях.
За гэтыя гады, акрамя ІДІЛ, сірыйскія курды не раз уступалі ў розныя па працягласці канфлікты з рознымі сіламі: ісламістамі (групоўкай Джебхат Фатх аш-Шам – былая Аль-Каеда ў Сірыі), Хайят Тахрір Аш-Шам, з Сірыйскай Арабскай Арміяй (асадытамі). Аднак самы небяспечны і працяглы канфлікт адбываўся з Турцыяй. Паўднёвы усход Турцыі (той самы, што мяжуе з Сірыяй), які завецца Дыярбакыр, населены пераважна курдамі. Туркі, як імперцы, курдаў не прызнаюць і забаранілі іх ідэнтычнасць. З 1980 года Працоўная партыя Курдыстана вядзе партызанскую вайну за незалежнасць у турэцкім рэгіёне Дыярбакыр – з рознай паспяховасцю. Пэўны час яны нават праводзілі тэракты супраць грамадзянскага насельніцтва – але даўно адмовіліся ад такой тактыкі.
У 2016 годзе ў выніку паўстання ППК атрымалася захапіць цэлыя гарады, абвясціўшы там рэвалюцыйнае самакіраванне. Паўстанне было падаўлена з небывалай жорсткасцю.
Адказам Турцыі на барацьбу курдаў былі і застаюцца высяленні цэлых вёсак, пазасудовыя расправы, а таксама вялізныя лагеры (накшталт лагераў Кітая для уйгураў), дзе курдскіх байцоў “перавыхоўваюць” шляхам катаванняў.
І вось што важна: SDF і курдскія апалчэнні (YPG і жаночая YPJ) цесна звязаныя з ППК. Дэ-факта гэта адзін рух. Праз мяжу Турцыі\Сірыі адбываліся перасоўванні байцоў з адной структуры ў іншую, перапраўлялася зброя, медыкаменты, і ўсе што жыццёва важна для Ражавы (70% эканомікі Канфедэрацыі вымушана працаваць на вайну).
У 2018 годзе Турцыя ўжо правяла аперацыю “Аліўкавая галіна”, захапіўшы адзін з кантонаў Ражавы (Афрын) – адрэзаны ад “асноўнага” Курдыстану. Паглядзеўшы, што істотнага супраціву з боку сусветнай супольнасці няма, яны вырашылі пайсці яшчэ далей – проста “адрэзаць” сабе кавалак Сірыі у 30 км глыбінёй. Афіцыйна было абвешчана, што рэгіён будзе заселены сірыйскімі ўцекачамі, якіх у Турцыі зараз некалькі міліёнаў.
А што ЗША, якія стала прысутнічалі ў рэгіёне і дапамагала курдам? Яны папрасту вывелі свае войскі і сказалі Турцыі: “рабіце што хочаце”. Папросту кінулі свайго саюзніка на разрыў аўтарытарнай імперскай дзяржаве. Саюзніка, які зыграў ВЫРАШАЛЬНУЮ ролю ў разгроме ІДІЛ “на зямлі”. І не будзе перабольшваннем сказаць што ў многім дзякуючы барацьбе SDF і загінулым там курдам было істотна прыдушанае ісламскае паўстанцтва ў Еўропе.
Падсумоўваючы гісторыю што мы маем: адна краіна НАТА (Турцыя) атакуе хаўрусніка другой краіны НАТА (ЗША). Пры гэтым ЗША маўчыць і робіць выгляд што так і трэба.
ІДІЛ не замедліла скарыстацца сітуацыяй і ўжо пачала наносіць удары па курдах. З верагоднасцю ў 99,9% яны зараз ажывуць і актывізуюцца. А гэта значыцца. што дзякуючы турэцкаму імперыялізму адразанне галоў, продаж дзяцей у рабства вернуцца зноўку.
Рашэнне аб вывадзе войскаў прымаў асабіста Трамп. Ён, канешне, мразь, але гледзячы па ягоных апошніх твітах у мяне здаецца ўражанне што ён яшчэ і псіхапат:
“Мы не дапаможам курдам, таму што яны не дапамагалі нам у Другой сусветнай вайне, не дапамаглі нам з высадкай у Нармандыі”.
Гэта прамая цытата.
Сітуацыя развіваецца імкліва. На момант напісання гэтага паста:
а) Амаль усе гарады поўначы Ражавы – пад цяжкім вагнём турэцкай артылерыі і авіяцыі. Ёсць первыя ахвяры сярод грамдазянскіх.
б) ІДІЛ ужо атакавала Ражаву ў раёне Ракі і Дэйр-эз-Зора
в) Паведамляецца аб асобных падбітых турэцкіх танках
г) Страты курдаў – не менш за 18 чалавек забітымі. Туркаў – не менш за 6.
д) Актывізаваліся курдскія байцы ў раней захопленым Афрыне. Там адначасова атакаваныя 4 турэцкія пазіцыі[1].
А што ўвесь астатні свет? Фінляндыя забараніла ўвоз зброі ў Турцыю (у 2018-м яны прадалі туркам зброі ажно на цэлых 743 тысячы долараў). Францыя запатрабавала склікання Рады Бяспекі ААН. Нямецкія сацыял-дэмакраты заклікалі ЕС прыняць «усе магчымыя карныя меры» супраць Турцыі. Анархісты і антыаўтарытарыі ладзяць мітынгі і пратэстную кампанію. Але гэта ўсе пакуль што словы. Рэальных дзеянняў ад міжнароднай супольнасці пакуль няма. Хаця нішто не замінае той жа Францыі, Гішпаніі ці Вялікабрытаніі (краінам, якія моцна цярпелі ад тэрактаў ісламістаў) адправіць свае войскі на абарону курдаў – біць хаўрусніка па НАТА Эрдаган не адважыцца.
Якія перспектывы ў курдаў? Шчыра кажучы, кепскія. Турцыя – 80 млн. насельніцтва. Курдыстан – каля 6. Розніца ў эканоміках, колькасці жаўнераў і ўзбраенні – фантастычная. Турцыя можа дазволіць сабе шырока выкарыстоўваць проксі з ліку падкантрольных ісламісцкіх арганізацыі (патранаж ісламістаў Туркамі ў Сірыі – даўно вядомы факт), і менавіта іх яны кідаюць у бой першымі. У Ражавы няма сваёй авіяцыі і цяжкой артылерыі.
Аднак курды – майстры партызанскай вайны. Гэта – іх зямля. Таксама ёсць надея што гэтая сітуацыя прыцягне яшчэ больш дабраахвотнікаў на бок SDF з розных краінаў свету.
Безумоўна кепскім фактарам можна назваць тое, што зараз курды, магчыма, будуць вымушаныя ўступіць у альянс з Асадам. Так, тым самым Асадам, які 7-ы год генацыдзіць насельніцтва Сірыі, і супраць улады якога у Курдыстане ў 2012-м і адбылася рэвалюцыя. Захочаш выжыць – пасябруеш і з чортам.
Якія ж вынікі з гэтай драмы і гэтай здрады глабальнага маштабу могуць вынесці беларусы? Канешне, у нас з Ражавай шмат фундаментальных адрозненняў. Аднак мы – краіна, якая доўгія гады стаіць на грані гібрыднай ці вайсковай атакі моцнага імперыялістычнага суседа. Гэтаксама як і курды, суседзі доўгі час адмаўлялі нам у нашай ідэнтычнасці. Беларусаў не існуе – казалі яны. Гэтаксама як курды, прагрэсіўная супольнасць Беларусі бачыць Еўропу і ЗША “добрым татам”, які абароніць і падтрымае ў складаны момант. Бо яны там – за дэмакратыю, не тое што гэтая рашка. З нашым спрадвечным ворагам у нас сілы таксама няроўныя.
І ведаеце, што нам кажа ўрок Курдыстана? Разлічваць можна толькі на сябе.
Гартуйцеся, мацуйцеся, працуйце з суайчыннікамі. Якімі б яны не былі – працуйце з імі. Іншых няма і не будзе. Вучыце сябе ўсяму таму што прыгадзіцца ў “гадзіну Х”. Не чакайце дапамогі з-за акіяна: яна будзе толькі тады, калі ІМ яна будзе карысная.
Разлічвайце толькі на сябе.
p.s. Калі вы пытаецеся “Што я магу зрабіць” – зайдзіце на сайт https://riseup4rojava.org/ – там прадстаўлены той мінімум які мы, седзячы ў сваіх утульных крэслах, можам зрабіць для народу, які зараз змагаецца – у тым ліку – і за тое каб на еўрапейскіх вуліцах не ўзрывалі людзей і не давілі іх грузавікамі.
1 comment so far ↓
Region kurdiv u samij Turcii ce korysno, ale v toj we czas i problemno. Strategiczna velyka pomylka okopuvatysja v kompaktnyh poseleniah abo jihaty do myrnyh terytorij. Potribno roztikatysja po vsij terytoriji imperiji j masovo zaluczaty do dyversij jii vlasni gromady, kotri poljubomu ne v zahvati vid ultymatumu vmyraty za dyktatora czy buty vkynutym do viaznyci. Treba rujnuvaty szljahy, torgivlju, promysel, tehniku, dobutok kopalyn. Golovne torgivlju j dobutok kopalyn, bo zvidty goduecca okupacijne kerivnyctvo. Vwe vslid za tym po czastynah mowlyvo rozvaljuvaty vijskovi syly.