Многія актывісты зараз затурбаваліся надыходзячым перапісам: ідуць спрэчкі аб моўным пытанні, кім сябе называць і як адказваць на анкету з мэтай артыкуляваць беларускамоўных як значны суб’ект. Карацей, сацыяльна актыўныя людзі думаюць, як бы скарыстаць гэты перапіс да лепшага.
Аднак я лічу ўдзел у перапісы бессэнсоўным, марным і нават шкодным. На тое есць дзве прычыны.
1. Поўная непразрыстасць і непадкантрольнасць працэдуры.
Актывісты спадзяюцца, што, маўляў, калі 80% беларусаў пазначаць беларускую мову як родную, гэта пакажа ўсім, што мы ёсць і мова нашая жывая, што, безумоўна, добра. Аднак скажыце мне, хоць адзін з вас можа гарантаваць, што атрымаўшы ў выніку падлікаў 80% Белстат не апублікуе, напрыклад, 51%? Ці 44%? Ну сур’ёзна, што ім замінае гэтак зрабіць?
Ні на адным з узроўняў: зборы дадзеных, іх апрацоўкі, аналізу і агалошванні няма ніводнага механізму грамадскага кантролю. На абсалютна кожным этапе могуць мець месца фальсіфікацыі.
Задачы перапісу выконвае закрытая бюракратызаваная дзяржаўная структура. Дакладней, сетка такіх структур. І можна не сумнявацца, што пры жаданні яны давядуць да нас – насельніцтва – тую лічбу, якая будзе ім палітычна карысная. А сапраўдную мы не дазнаемся ніколі. Таму што ў аўтарытарнай дзяржаве не бывае, каб адна дзяржпрацэдура (напрыклад, прэзідэнцкія выбары) была хлуслівай і фэйкавай, а астатнія дзяржкампаніі, кшталту перапісу – сумленнымі і празрыстымі.
Такім чынам спроба паўздзейнічаць на дзяржмашыну праз артыкуляцыю сваёй ідэнтычнасці падчас перапісу бачацца бессэнсоўнымі, бо няма ніводнай гарантыі таго, што будуць агучаныя праўдзівыя лічбы. А вось думаць што будуць агучаныя непраўдзівыя маюцца ўсе падставы.
2. Збор асабістых дадзеных.
Мы ўсе наракаем на татальны кантроль, цэнзуру і паліцэйшчыну ў краіне, аднак часам забываемся, што кантроль і паліцэйшчына тым больш эфектыўныя, чым больш дзяржава ведае аб грамадстве, то бок аб нас з вамі. Удзельнічаючы ў перапісы насельніцтва мы добраахвотна перадаем у рукі дзяржавы (апарату гвалту) інфармацыю пра свае звычкі, паводзіны, погляды.. Гэта прыкладна сядзець у кампаніі злодзеяў і расказваць дзе ў вас у хаце тайнікі з грашыма. Сацыяльнае становішча беларусаў, іхнія прыбыткі, крыніцы інфармацыі, якімі яны карыстаюцца: усё гэта, не сумнявайцеся, ляжа на стол кіраўніцтву КДБ і ААЦ (прытым яны, у адрозненні ад нас, атрымаюць праўдзівую інфармацыю) і будзе скарыстана для ўдасканалення карнага апарату, умацавання сістэм сацыяльнага кантролю на ўсіх узроўнях.
Добраахвотна даючы пра сябе інфармацыю карпарацыям – праз сацыяльныя сеткі, мы атрымоўваем спам і таргетаваную рэкламу. Даючы яе аўтарытарнай дзяржаве – мы атрымаем куды горшыя наступствы.
Як вы разумееце, ідэальным было б у гэтай сітуацыі агітаваць усіх тых, хто стаіць за перамены ў Беларусі, да поўнага байкоту гэтага перапісу. Аднак на паўнавартасную кампанію патрэбныя высілкі зусім іншага ўзроўню. Я не пітаю ілюзій адносна таго што гэтым сваім пастом натхню усіх беларусаў на тое, каб падтрымліваць сумнеўнае дзяржаўнае пачынанне, на тое каб не даваць у рукі злодзеям інфармацыю, якая будзе скарыстаная супраць нас усіх.
Аднак свой асабісты выбар я зрабіў.