На днях ГУБАЗіК пахваліўся чарговым затрыманнем ў Мінску. Хлопец, якога завуць Андрэй Грабовік у бары на Зыбіцкай пабіў іншага хлопца. Усе жывыя, ніхто не памёр і нават не ў лякарні. Ды і было гэта каля трох месяцаў таму.
Чаму ж зараз ГУБАЗіК вырашыў прысвяціць гэтаму цэлы прэс-рэліз і яшчэ адсправаздачыцца аб затрыманні? Хіба мала боек адбываецца ў Мінску штодзень? Хіба хлопцам у барах не ўласціва час ад часу высвятляць, хто круцейшы? Калі хто не ведае, ГУБАЗіК азначае Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Так і хочацца запытацца: а п’яная бойка ў бары гэта арганізаваная злачыннасць ці карупцыя?
А разгадка простая: Андрэй Грабовік – адзін з фанатаў ужо неіснуючага клубу МТЗ-РІПА. Пабачыўшы, што ён з кімсьці пабіўся, ГУБАЗаўцы скарысталіся выпадкам, каб закрыць яго за тое, за што іншаму чалавеку далі б, у горшым выпадку, 15 сутак.
Зараз Андрэй на Валадарцы з артыкулам 339 ч.2 (да шасці год).
Усё гэта я пішу не да таго каб надзяліць кагось арэолам барацьбіта ці пакутніка, а проста каб вы ведалі, што ёсць у Беларусі два законы. Адзін для сацыяльна блізкіх, адзін – для экстрэмістаў. Адзін для благанадзейных, другі для ворагаў народу, якімі з 2014 года сталі ў тым ліку і фанаты. І калі ў наступны раз нейкі ментяра пачне вам расказываць што ў Беларусі закон адзіны для ўсіх – проста пасмейцеся яму ў твар.
p.s. а вось феерычнае відэа затрымання ад ГУБАЗіКу. Звярніце ўвагу: доблесны барацьбіт з бандытызмам яўна баіцца як бы разьюшчаны хуліган не даў яму з нагі ў рыла. Нават будучы здалёк, пачаў здымкі толькі тады калі хлопца ўжо скруцілі і павалілі на зямлю.