Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі была прэзентаваная ў Радзе Бяспекі і дзяржСМІ з вялікай помпай. Упэўнены, што і кіраўніку дзяржавы яна была пададзеная гэтаксама. Афіцыйныя крыніцы ўзахлёб пералічвалі колькасць экспертаў і інстытуцыяў, якія прымалі ўдзел у яе распрацоўцы, як быццам гэтая колькасць з’яўляецца гарантам нейкай эфектыўнасці праекта.
Поўны тэкст канцэпцыі пакуль невядомы, але сыходзячы з таго, што было апублікаванае, бачацца наступныя прынцыповыя аспекты:
а) Акцэнт на традыцыйных каштоўнасцях
б) Абмежаванне ўплыву суседніх дзяржаў на інфармацыйную прастору
в) “Выяўляць пагрозы ў інфармацыйнай сферы і рэагаваць на іх” – неад’емная роля дзяржавы
г) Узмацненне прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце. Прытым інфармпрастора разглядаецца як поле бою. Цытата з дакумента: “В случае существенного осложнения информационной обстановки, связанного в том числе с необходимостью обеспечения военной безопасности государства, осуществляются дополнительные меры защиты информационной сферы правовыми, информационно-технологическими, техническими и иными методами“.
Такім чынам, складваецца выснова, што на нейкім узроўні дзяржаўных аналітыкаў вырашылі, што выклік, які кінуты дзяржаве наяўнасцю непадкантрольнай інфармацыйнай прасторы, варты не кропкавых мераў (блакіроўкі сайтаў, пасадкі блогераў) а сістэмнага адказу.
Зрэшты, выснова для іх правільная. Бо мы бачылі, што дзякуючы ўнікальнай, як ніколі ў чалавечай цывілізацыі, даступнасці інфармацыі і сродкаў камунікацый для звычайных людзей, была апракінутая ўжо не адна дыктатура, і не адна кіруючая дынастыя была пазбаўленая улады і маёмасці. Агульная выснова і пажаданне кіруючага класу, якое сквазіць у гэтай канцэпцыі мне бачыцца такім: “Спыніць і ўзяць пад кантроль тыя інфармацыйныя плыні, што магчыма, а дзе немагчыма – стварыць канкурэнтаздольную альтэрнатыву”.
Гэтая спроба вырачаная на правал па трох, спецыфічна беларускіх, прычынах:
Першая прычына: адсутнасць рэсурсаў. Інфармацыйная сфера – рэсурсаёмкая. Яна патрабуе вялізарных укладанняў, якія акупяцца далёка не адразу. Па шэрагу прызнакаў мне падаецца, што ў Беларусі сёння такіх грошаў няма. Дзяржава з цяжкасцю расплочваецца па сваіх сацыяльных абавязках, умоўны кантракт з насельніцтвам разарваны яшчэ ў 2017-м годзе. Адкуль узяць гэтыя грошы?
Для параўнання возьмем Расію. Вялізарная імперыя, якая можа чэрпаць грошы для такіх праектаў з мноства крыніц: гэта і данаты лаяльных алігархаў (кшталту Прыгожына), і каласальныя прыродныя рэсурсы, і рабаванне ўласнага насельніцтва. Таму яны могуць дазволіць сабе і фабрыку троляў, і адасабленне ад сусветнага інтэрнэту, і прасунутыя альтэрнатывы СОРМу і многае іншае, аб чым мы не ведаем. У Беларусі алігархі не такія багатыя, вакантных прыродных рэсурсаў, лічы, няма, а спробы выціснуць з насельніцтва больш, чым выціскаецца зараз, могуць скончыцца плачэўна, і рэжым гэта разумее (гл. дэкрэт аб дармаедстве).
Другая прычына: адсутнасць ідэалогіі. Хаця ў дакуменце назіраюцца спробы ізноў накрэмзаць нейкую “грамадзянска-патрыятычную ідэялогію”, яе ў Беларусі як не было так і няма. За гады ўсе ідэёлагі так і не здолелі выпрацаваць нейкае падабенства таго, чым можна было б натхніць і мабілізаваць масы. Таму ўсе размовы аб тым, што дзяржава праз свае інфармацыйныя каналы, будзе трансляваць нейкія “каштоўнасці” – гэта спробы апрануць прывіда ў камбінезон. Няма цела – на што апранаць? І, больш за тое, я не бачу, ніякіх перадумоваў, каб сітуацыя змянілася. З аграмаднай нацяжкай можна назваць беларускую “ідэалогію” – нейкім панурым куцым варыянтам старога добрага кансерватызму. Аднак, ізноў жа, няма базавага сету каштоўнасцяў. На адных толькі “мы супраць геяў” і “мы за прэзідэнта” не пабудуеш ідэалогію. Я ўжо маўчу пра тое што наўрацці шырокія масы успрымуць оды традыцыйным каштоўнасцям ад чалавека які паўсюль гойсае з незаконнанароджаным сынам і ледзь не на кожным спартовым івэнце з’яўляецца з новай дамай.
Дарэчы, адсутнасць выразнай ідэалогіі – істотная рыса ўсіх султанісцкіх рэжымаў.
Зноў жа ў якасці прыкладу вазьму Расію. Яе ідэалогія: вялікарускі шавінізм з элементамі сталінізма і савецкага патрыятызму. Тут усё зразумела. Яна здольная мабілізоўваць масы, а пэўных людзей – на смерць дзеля яе. Пакажыце мне чалавека, які пайшоў на смерць за “стабільнасць і працвятаніе”.
А для тых, хто пабачыў у Канцэпцыі подых беларушчыны і абяцанне развіваць беларускую мову – паглядзіце, на якой мове напісаны сам дакумент.
Трэцяя прычына: архаічнае кіраванне і няздольнасць сваечасова рэагаваць на выклікі. Любы, нават самы круты план круты, калі ён выконваецца. У беларускай мадэлі ёсць вельмі моцная сістэмная хіба неэфектыўная сістэма кіравання, і, як след, няздольнасць адэкватна адказваць на выклікі. Лепшай ілюстрацыяй для гэтага з’яўляюцца дзяржаўныя прадпрыемствы. Звярніце ўвагі, на іх перманентна ідуць ратацыі, усё часцей праз татальныя пасадкі топ-менеджэманту. Праваленыя мадэрнізацыі, тэхнічная і маральная дэградацыя абсталявання, нулевая зацікаўленасць кіраўніцтва ў выніку. Я думаю, ніхто не будзе спрачацца, што квітнее ў нас звычайна толькі тое, куды дзяржава максімальна доўга не суе свой нос.
Так, рэжым навучыўся аператыўна, хутка і эфектыўна рэагаваць на вулічны пратэст. Тут бясспрэчна. Гэта ў іх атрымоўваецца выдатна. Але толькі таму, што ў свой час ад гэтага залежыла фізічнае выжыванне рэжыму, і, акрамя таго, у гэтым накірунку былі і застаюцца мабілізаваныя вялізарныя рэсурсы.
Яшчэ адзін момант. Прыняцце такой канцэпцыі сёння, у 2019-м гэта гэта спроба чалавека на кастылях ускочыць у цягнік, які ляціць з хуткасцю 300 км\г. Дастаткова сказаць, што ў тым жа ЗША праект “Прызма” па інтэрнэт-шпіянажу і кантролю інфапрасторы, які ўжо увянчаў сабой шматгадовыя высілкі розных службаў па збору і аналізу інфармацыі быў запушчаны яшчэ 12 гадоў таму. Відавочна, што час ужо ўпушчаны. Усё. Каб пераадолець крытычнае адставанне ад развітых дзяржаваў па тэхналогіях і ўзроўню жыцця, трэба праводзіць рэвалюцыйную мадэрнізацыю. А ніякіх прызнакаў яе пакуль не бачна. Так, яны могуць залатаць асобныя дзіркі, асабліва там дзе гэта датычна бяспекі Сістэмы (напрыклад паставіць па ўсім горадзе камеры з тэхналогіяй распазнавання твару), але канкураваць з самабытнай сістэмай сацсетак і незалежных СМІ – не.
Яшчэ хацелася б пракаментаваць кароткі аналіз Канцэпцыі ад Арцёма Шраймбана. У апошні час часта цытую яго, бо лічу гэта адзін з лепшых палітычных аналітыкаў у Беларусі на сёння. Арцём успрыняў Канцэпцыю як добры знак, крок наперад і прызнак наяўнасці ва ўладзе моцнага “незалежніцкага ядра”: “этот документ подтвердил то, что мне уже давно говорили знающие люди. В Совбезе работает полным полно адекватных белорусоцентричных патриотов, для которых независимость не пустой звук”.
Апошні склад Рады Бяспекі быў назначаны 4 сакавіка 2014-га. Зразумела, адразу пасля выніку Майдану. У Радзе Бяспекі 20 чалавек. Хто ж іх самы беларусацантрычны патрыёт?
Можа Аляксандр Грыгор’евіч Лукашэнка, у якога ледзь не ўсе гарады ў Беларусі – “рускія”? Можа стомлены прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч? Можа Анатоль Рубінаў – так-так, той самы, які пісаў вершы пра “туалецішча”? Можа Уладзімір Андрэйчэнка – кіраўнік Палаткі? Можа старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала – 77-гадовы дзед, які выносіў смяротны прысуд Кавалёву і Канавалаву? А калі ў беларусацэнтрычнасці быў заўважаны Андрэй Кабякоў? Аляксандр Канюк? Ігар Шуневіч? Міністр абароны Жадобін, які толькі і цвярдзіць пра пагрозу НАТА? Валер Вакульчык, шэф КДБ і аркестратар “справы Белага легіёну”?
Па ўсіх астатніх удзельнікаў Рады Бяспекі можна сказаць тое ж самае.
З нацяжкай з спісу можна выдзяліць хіба Макея. Яго заслугі ў беларускім патрыятызме сапраўды істотныя – некалькі разоў апрануў вышыванку.
Я лічу, трэба глядзець больш цвяроза і не выдаваць пажаданае за наяўнае. Сябры Саўбеза, як і ўся беларуская эліта – не “беларусацэнтрычныя”, а свае-маёмасна-цэнтрычныя і уласна-прывілее-цэнтрычныя. І калі геапалітычны маятнік загойдаецца ў іншы бок – напрыклад, да ўлады ў ЗША прыйдзе прэзідэнт, які цверда паставіць на змену рэжыму ў Беларусі, вы пабачыце ў іх вельмі раптоўныя перамены.
Усё ж такі беларускасць, нават калі глядзець з нацыяналістычнага пункту гледжання, мае на ўвазе пэўную Ідэю, Дух, якія первічная ў дачыненні да надзённых патрэбаў. Нешта, уяўна адрознае ад іншых ідэй і думак. То бок “я хачу жраць” – не можа быць ідэй. “Я хачу захаваць уладу” – таксама не ідэя. А ўсе, ці амаль усе перамены зверху ў Беларусі, калі і робяцца, то робяцца выключна з мэтай таго, каб пэўнае кола людзей магло захоўваць уладу як даўжэй.
Дык да чаго ж насамрэч прывядзе Канцэпцыя? Сказаць, што яна ні на што не паўплывае, таксама было б няпраўдай. Прэзідэнт будзе патрабаваць вынік. На нашым узроўні: СМІ, сацсеткі, медыяпрастора, асабіста я чакаю наступнага:
1. Павелічэнне колькасці лукаботаў, малаверагодна, але магчыма стварэнне нейкага міні-аналагу фабрыкі троляў. (малаверагодна таму што факт яе існаванне вельмі хутка выплыве і будзе абсмейвацца яшчэ гадамі).
2. Хутчэй за ўсе стварэнне некалькіх пра-дзяржаўных груп у сацсетках і каналаў у тэлеграме – з прэтэнзіяй на арыгінальнасць і сучасную падачу кантэнту.
3. Грашовыя ўліванні у БТ і АНТ, амаль стоадсоткава – з нулевым эфектам.
4. Узмацненне ціску на блогераў (на сёння наўскідку прыгадваю ўжо 4 крымінальныя справы), спробы заканадаўча зарэгуляваць іхнюю дзейнасць.
5. Спробы акуратна абмежаваць уплыў Расіі ў інфарпрасторы. Праўда, прадпрымацца яны будуць настолькі акуратна, ювелірна, кропкава і асцярожна, што вынікаў іх мы не ўбачым гадамі, а магчыма і ніколі.
Аднак час пакажа. Болей глебы для аналізу і прагнозаў дасць канчатковы варыянт дакументу. Дзякуй за ўвагу, хто дачытаў да канца 🙂