На палях апошней сечы аб капіталізме, наёмнай працы і прыватнай уласнасці
Нажаль працягваю бачыць вялізную палітычную непісьменнасць нават у палітызваных людзей. Людзі працягваюць думаць што анархізм – гэта забарона грошай, забарона мець нешта сваё, забарона быць багатым. Не разумеюць розніцу між ПРЫВАТНАЙ УЛАСНАСЦЮ (якой не будзе месца ў анархісцкім грамадстве) і АСАБІСТАЙ УЛАСНАСЦЮ (якая есць неабходнай умовай чалавечага жыцця). Прыходзіцца тлумачыць, што анархізм – гэта не пра “забарону” чагосці, што нам падаецца несправядлівым, гэта пра змену тыпу адносінаў між людзьмі. Гэта не знайсці таго, хто наймае людзей\мае прыватную ўласнасць і расстраляць яго, а зрабіць так, каб у людзей НЕ БЫЛО ПАТРЭБЫ прадаваць сваю працу (лічы, самога сябе) іншаму чалавеку за грошы. Аднак некаторыя замест гэтага працягваюць бачыць анархістаў з наганамі якія будуць хадзіць і вышукваць у буржуяў лішнюю пару шкарпэтак.
Цікава і тое, як людзі, якія спакойна глядзяць на тое, як сотні тысяч паміраюць ад вылечных хваробаў (бо лекі стояць задорага), як міліёны жывуць на вуліцы, як тысячы гінуць на вытворчасці, каб зарабіць сабе на паесці, пазбаўляюцца рук, ног, вачэй у пагоні за ЧУЖЫМ прыбыткам, гэтыя ж самыя людзі дэманструюць каласальныя здольнасці вынайсці гіпатэтычную сітуацыю, калі ў анархісцкім грамадстве можа адбыцца нейкая дробная несправядлівасць. І носяцца з гэтай уяўнай сітуацыяй, як з пісанай торбай: “А! Глядзі! Вось ён твой анархізм!”
А яшчэ вельмі смешна, што пераважная большасць людзей, якія з пенай у рота адстойваюць прыватную ўласнасць і права людзей эксплуатаваць людзей, самі ніколі не мелі і не будуць мець прыватнай уласнасці, і ніколі не былі ў ролі эксплуататараў – толькі эксплуатаваных наёмных рабоў. Стакгольмскі сіндром? Падспуднае жаданне стаць самому панам?
Я веру і ўпэўнены, што вытворчасць і рэсурсы грамадства мусяць служыць не мэце атрымання прыбыткаў нямногімі, а мэце задавальнення патрэбаў усіх. Спачатку – базавых патрэбаў. Потым – усіх астатніх. Прыхільнікі капіталізма вераць, што калі адзін ездзіць на Бэнтлі а другі гадамі абірае ў супермаркеце самую танную ежу – гэта норм. І знаходзяць тысячу і адно апраўданне такой несправядлівасці, звычайна ў ключы “сам вінаваты” (кепска працаваў, лайдак, тупы, не прыстасаваўся, і г.д.) Дык вось, спяшаюсь вам паведаміць – гэта не норм. Так быць не мусіць, і кропка. Іншы свет магчымы.