Трэба часцей заглядаць у паштовую скрыню. Вось зараз, прыйшоўшы дадому, даведаўся, што Фрунзенскі РУУС ужо 2 тыдні шле мне лісты шчасця. 25 лістапада на мяне быў складзены пратакол па ч.2 артыкула 17.11 КаАП. Ізноў за “дэманстрацыю нацысцкай сімволікі”. Гэтым разам я прадэманстраваў сімволіку Misantropic Division – чэрап з аўтаматамі. Смутна спрабуючы ўзгадаць, калі і дзе я гэта рабіў, я залез у ФБ і знайшоў. Карцінка за ліпень 2016 – ілюстрацыя да паста, у якім я крытыкую людзей за тое што яны стаяць побач з нацыстамі (!!!). Фоткі прыводжу ў абгрунтаванне сваіх словаў. Разумееце шарм сітуацыі? Вось гэты пост.
Зараз яшчэ раз. Выдахніце і засяродзьцесь: менты склалі пратакол за “дэманстрацыю нацысцкай сімволікі” у дачыненні да анархіста, за пост у Фэйсбуке, ў якім анархіст наязджае на людзей за тое, што яны фоткаюцца разам з нацыстамі і іх сцягамі.
Пратакол складзены тым жа самым участковым – Куранковым. Ініцыятыва сыходзіць ад ГУБАЗіКа – бясспрэчна.
Дадам, што гэта ўжо другі выпадак, калі на мяне складаюць пратакол за “Дэманстрацыю нацысцкай сімволікі”. Першы раз АМАПаўцы прынялі мяне ля дома, завезлі ў РУУС і там прад’явілі за 3 сатырычныя карцінкі 2017 года. Рапарт для справы складаў начальнік 3 аддзела ГУБАЗіК Бедункевіч (той самы што ў Крупках на анархістаў прыгаў). Тады затрыманне і суд былі відавочнай помстай за тое, што я пра гэтага персанажа напісаў пост, апазнаўшы яго з леса, нягледзячы на маску.
Што магло ўзбудзіць гэтых рыцараў мышкі і клавіятуры ў гэты раз? Хіба мой удзел у флэшмобе #СтанемЗаЖурналістаў з анархісцкай налепкай за 7 дзён да таго як было “выяўленае правапарушэнне”? Альбо проста гэтым гультаям з ГУБАЗіКа настолькі мала справы (Беларусь не самае пладароднае месца для тэрарызма і экстрэмізма), што яны вырашылі дагартаць мае захаваныя карцінкі да 2016 года, а тое ў мінулы раз цярпення хапіла толькі да 2017-га. Так, як штат гэтых лайдакоў раздуты, працаваць ім няма над чым, яны займаюцца відавочнай фігней, каб потым было што прадставіць начальству. Бо калі не прадставяць – ёсць рызыка трапіць пад скарачэнне.
Справа была адпраўленая ў суд. Ці было паседжанне, мне пакуль невядома.
Па выніках:
1. ГУБАЗіК адмыслова абірае ўсё той жа агідненькі артыкул. Мэта: дыскрэдытаваць і выставіць мяне ў нацысцкім свеце. Яны лічаць, што грамадзянская супольнасць, чытачы СМІ – дэбілы. І што калі на мяне скласці 20 пратаколаў за нацызм, людзі падумаюць, што я нацыст.
2. З юрыдычнага пункту гледжання гэта справа поўны абсурд. Мала таго, што не ўзяты да ўвагі кантэкст, сама карцінка была прызнаная экстрэмісцкай толькі праз 4 месяцы пасля таго, як я яе апублікаваў.
3. Допіс я выдаляць не буду, прынцыпова.
4. Менты чытаюць мае блогі. А гэта добра. Можа хтось перавыхаваецца і стане чалавекам. Трэба верыць у людзей і быць да іх дабрэйшымі. Інакш можна стаць ментом.