Інфарматызацыя і дэвальвацыя экспертнага меркавання

Калі яшчэ феномен пост-праўды быў мне невядомы, напісаў вось такую заметку.

Ў апошнія гады, у гады імклівай інфарматызацыі слова, а ў асаблівасці друкаванае слова неймаверна абясцэньваецца . Слоў стала занадта шмат – злепленыя з іх фразы, сцверджання, меркаванні і заявы, шматкроць памножаныя СМІ, бязмежна раздзьмулі інфармацыйную прастору. У Новы час, які папярэднічаў Індустрыяльнаму веку, я ўжо не кажу пра Сярэднявечча, слова, сказанае публічна, а ўжо тым больш надрукаванае, мела вагу. За яго прыходзілася несці адказнасць. За адно толькі захоўванне забароненых кніг маглі казніць, а забароненым ў многіх краінах, прынамсі ў Сярэдневечча, з’яўлялася ці не ўсё, што крытыкавала грамадскі лад і рэлігію. Валоданне ведамі, валоданне словам як зброяй – усё гэта была прывілеям нямногіх. Са з’яўленнем СМІ і ростам свабоды слова сітуацыя моцна змянілася. Павялічылася колькасць людзей, якія могуць беспакарана выказвацца публічна, а таксама павялічылася колькасць дазволеных для абмеркавання тэм. Ахоп грамадства сродкамі масавай інфармацыі стаў усеагульным і са з’яўленнем Інтэрнэту працэс інфарматызацыі грамадства стаў лавінападобным. Інтэрнэт, стаўшы танным і даступным, даў магчымасць выказацца большасці жыхароў планеты па любых пытаннях а таксама даў ім магчымасць знайсці любую інфармацыю, у тым ліку такую, за захоўванне якой гадоў 200 таму ва многіх выпадках вокамгненна б адсеклі галаву.

Што ж, свабода інфармацыі – безумоўны плюс для прагрэсу і развіцця грамадстав, але ва ўмовах залішняй колькасці інфармацыі, часта – вельмі нізкай якасці і далёка не факталагічнага характару, непазбежна адбываецца і зваротны працэс – дэвальвацыя слова, якое агучана ці напісана ў публічнай прасторы і развіццё крызісу даверу да ўсяго, што агучана ў СМІ і Інтэрнэце.

Большасць журналістаў не адчуваюць адказнасці за тое, што яны кажуць, і таму часта вярзуць з тэлеэкранаў рэдкую лухту. Большасць блогераў не адчуваюць ні малейшай адказнасці за тое, што пішуць у постах і каментах, таму і не задумваюцца што пісаць, а што – не, выказваючы меркаванні, вольныя ад аналізу і здаровага сэнсу. Вядома, інфармацыйная прастора на 90% запоўнена інфармацыяй забаўляльнага характару, якая не мае ніякага дачынення да палітыкі і грамадзянскай актыўнасці. Яна, як па ТВ, як і ў Інтэрнэце, запоўненая пладамі шоў-бізнэсу, кінематографам, спортам, камедыямі, серыяламі, эротыкай, містыкай, рэкламай. Але і ў сферы палітычнай інфармацыі абясцэньванне слова мае месца, больш за тое, менавіта ў ёй яно цягне за сабой найбольш негатыўныя наступствы. Рознагалосіца псеўдамеркаванняў, псеўдаацэнак, ні чым ні абгрунтаваных суджэнняў; сітуацыі, калі карыстачы сацсетак, не маючы нават базавага набору ведаў школьнага ўзроўню судзяць аб глабальных сусветных працэсах, шматлікая заказная пісаніна журналістаў: нахабная хлусня плюс тэндэнцыйна падабраныя факты: «Апазіцыя жыве за заходнія грошы!», «Праваабаронца Пупкін папаўся на педафіліі!»), а таксама дурная і крыклівая сенсацыёніка: «Масоны правяць мірам!», «Амерыканцы ўжываюць супраць Расіі кліматычную зброю!».

Усё гэта немыслімае нагрувашчванне інфармацыйнага смецця, якое валіцца адусюль прыносіць падвоены эфект: па-першае, чытач (глядач) развучваецца ўспрымаць веды аналітычнага кшталту, развучваецца засвойваць нешта больш складанае за прымітыўныя вобразы, немудрагелістыя ідэек і прымітыўных псеўдафакты. Аналітыка і сістэмны падыход падаюцца яму сумнымі і нецікавымі. Артыкулы, даўжэйшыя за некалькі тысяч знакаў ніхто не чытае, сюжэты без крыклівых анонсаў ніхто не хоча глядзець, будзь там хоць звышважная па сутнасці інфармацыя. Вокладка пачынае іграць больш важную ролю, чым змест. Слова падмяняецца вобразам, пры гэтым губляючы ў кошце – аб гэтым працэсе (змена аналітычнага, рацыянальнага мыслення вобразным, эмацыйным, пісаў у адной з сваіх прац А. Бонано). Яшчэ адно наступства дадзенага працэсу – знакамітыя «Не читал, многабукав», «ЛОЛ», «Я тя лю», «Прив» і таму падобнае, адсюль смайлікі замест словаў і размовы мікрафразамі ў твітэры. І справа не толькі ў тым што не ўсе ўмеюць хутка друкаваць, а ў тым, што людзям проста лянота выражаць і апісваць свае думкі, эмоцыі (ды многія і не ўмеюць гэтага). Спрашчаецца мысленне, спрашчаюцца словы і фразы. Эмоцыі схематызуюцца, заганяюцца ў шаблоны.

Па-другое, стракатая інфармацыйная сельва робіцца непераадольнай перашкодай для тых, хто не умее ці не паспявае дабрацца скрозь зараслі слоў, вобразаў і пунктаў гледжання да чагосьці, што падобна на праўду. У палітычнай сферы цяжкасць выбару пазіцыі праступае найбольш выразна. Па кожнаму пытанню існуе агромністы спектр меркаванняў, з якіх большасць – у духу апісаных вышэй. Аўтарытэтных крыніц няма, стварыць бачнасць «аўтарытэтнасці» і «дасведчанасці» можа любы прайдзісвет, дэмагогія квітнее, хлусня і праўда мяшаюцца з дурнасцю і апломбам недалёкіх і прымітыўных інтэрнэт-трыбунаў, і павярхоўных журналістаў. Як вынік, у вялізнай колькасці людзей, прынамсі інтэрнэт-юзераў месца палітычных поглядаў займае сухі цынізм «Фамы Няверуючага», звычка смяяцца над усім і усімі, «тролінг», нявер’е ў любыя праявы высокіх ідэалаў і памкненняў, пагарда да любой сацыяльнай актыўнасці. Не, гэта не пратэстны настрой са скептыцызмам да палітыканаў – гэта ваяўнічая індыфірэнтнасць пад маскай «я-ўсё-разумею-але-мне-гэта-нафіг-не-трэба». Не менш распаўсюджаная і іншая крайнасць – поўная адсутнасць палітычных поглядаў, якая ўтварылася ад кашы ў галаве. Ад такіх людзей часта можна пачуць: «А хто яго знае як яно на самой справе?», «Я ўжо нікому не веру, ні тым ні гэтым», і таму падобнае. Гэта – тыповы вынік лішку інфармацыі для чалавека, які заблытаўся ва ўзаемавыключных сцверджаннях, хлусні і сенсацыях.

Гэтак дэвальвуецца слова, і пераканаць чалавека ў чымсьці робіцца ўсё складаней – не ад павышэння крытычнасці ягонага ўспрымання, а ад распаўсюджвання цынізму і пафігізму да ўсяго, што не датычна яго тут і зараз. Словаў робіцца ўсё болей, а прабіцца ім да розумаў і сэрцаў людзей робіцца ўсё цяжэй. Любыя палітычныя ідэі жорстка прайграюць забаўляльнай індустрыі і шоў-бізнэсу ў канкурэнцыі за чалавечую ўвагу, асабліва гэта датычна рэвалюцыйных, вызвольных ідэй, якія заўсёды апіраліся на высокую мараль і этычны пафас.

Трэба нам змагаццам з гэтымі з’явамі ў спробах вярнуць каштоўнасць Слова, альбо перастроіць свае ідэі на новы лад, выражаючы іх больш вобразамі і эмоцыямі, чым фактамі і довадамі? Будзе такая перастройка шагам у нагу з часам але шагам да бездані дэградацыі ў нагу з вар’яцкім грамадствам спажывання? Гэтыя пытанні пакуль для мяне застаюцца адкрытымі.

2013