А вы кажаце “дазвол Мінгарвыканкама”…
“5 кастрычніка 1991 г. маладая гвардыя атрымала загад: заняць штурмам сядзібу КГБ у Грозным. Гэта была апошняя інстытуцыя ў рэспубліцы, якая падпарадкоўвалася Маскве. Быў выпрацаваны дакладны плян. У ім адчувалася рука Шаміля, які пазьней праявіў сябе як бліскучы стратэг. На той момант у аддзеле ўжо засталося толькі 50 чалавек, зь якіх 34 мелі зброю.
Сядзібу КГБ занялі без адзінага стрэлу. Моладзь пашла на штурм, маючы 4 архаічныя аўтаматы ППШ, 2 аўтаматы Дзегцярова ДП з дыскавым магазінам, некалькі карабінаў і пісталетаў, вучэбны АКМ, дубальтоўкі і 50 гранат. Адзін з ППШ ня меў ударніка, а хлопцу, якому дасталася гэтая бракаваная зброя, нават нічога не сказалі пра дэфэкт. Ён доўга потым папікаў за гэта Шаміля.
Без ахвяраў, аднак, не абышлося. Штурм ужо быў пасьпяхова закончаны, і пераможцы адчулі смак першага посьпеху, калі са штаба кангрэса прыбеглі на дапамогу некалькі сотняў разгарачаных людзей. У тузаніне быў выпадкова застрэлены адзін з афіцэраў КГБ, палкоўнік.
У збраёўне гвардзейцы знайшлі 12 аўтаматаў Калашнікава і скрынкі з патронамі і гранатамі. Яны ўважліва абшукалі сутарэньні і знайшлі там там яшчэ адзін склад. Чатыры гадзіны білі ломам жалезныя дзьверы, пакуль яны не расчыніліся. Унутры было цэлае багацьце: 100 аўтаматаў і чатыры снайпэрскія вінтоўкі СВД. Зброю раздалі рэкрутам.
Гвардзейцы занялі ў будынку абарончыя пазыцыі.
Шамілю, аднак, нешта не давала спакою… На працягу трох тыдняў ён шарыў па ўсім будынку ў пошуках яшчэ аднаго склада зброі. Ён ведаў, што склад недзе павінен быў быць, але ўсё ня мог знайсьці яго. Урэшце ён зрабіў абмер сьценаў. Абмер паказаў, дзе павінна было знаходзіцца схаванае памяшканьне. Прадчуваньні аказаліся слушнымі.Шукальнікі скарбу натрапілі на вялікі вайсковы склад, які быў замураваны на выпадак вялікай вайны. У гэтай пячоры Алі Бабы было схаванае поўнае забесьпячэньне, зброя і амуніцыя для 600 чалавек. “Там было ўсяго – прыгадвае з бляскам у вачах Басаеў. – Вялікае багацьце для нашай рэспублікі. Там было 5 тысячаў гранат, 600 тысячаў патронаў, 524 аўтаматы Калашнікава, 76 кулямётаў, 9 супрацьтанкавых базук, 20 падствольных гранатамётаў, 50 бінокляў, 50 прыбораў начнога бачаньня, 50 шлемаў з прыборамі начнога бачаньня, вялікая колькасьць мэдыкамэнтаў, палявыя кухні, намёты, матрасы, коўдры, мундзіры на 600 чалавек. Гэтым мы ўзброілі чачэнскую гвардыю”.
Міраслаў Кулеба. Імперыя на каленях.