Анархія і законы

(на фота – тыповы прыклад скарыстання закону дзяржавай)
Нярэдка даводзіцца чуць пытанні: “А як вы ставіцеся да законаў? Ці будуць пры Анархіі законы?” І тут, сапраўды, трапляеш у нейкую дылему. Адкажаш: “не, не будзе” – адразу спытаюцца: «дык як гэта выходзіць, уседазволенасць, бязмежжа? А калі нехта кагосьці заб’е?» І прыходзіцца пускацца ў вялізную лекцыю аб чалавечай прыродзе, класавых каранях злачыннасці і гэтак далей. А калі адкажаш: «Так, будуць», радасны скептык тут жа пацірае рукі: «Вось! Значыцца, гэта ўжо не Анархія! Бо некаму ж трэба сачыць за выкананнем законаў, караць вінаватых – а гэта ўжо, лічы, дзяржава!»

Каб адказаць на гэтыя пытанні дакладна і ўпэўнена, мы павінны, перш за ўсё даць рады самі свайму асабістаму погляду на гэтую праблему. Для гэтага трэба больш пільна ўгледзецца ў мадэль анархісцкага грамадства.

 

 

Спачатку: што такое закон, альбо прававая норма? У шырокім сэнсе гэта любая норма, якая рэгулюе адносіны паміж асобамі, групамі асоб, інстытутамі, любымі грамадскімі фармацыямі. У вузкім сэнсе сённяшняй рэчаіснасці класавага грамадства гэта правілы і патрабаванні, усталяваныя пануючым класам для ўтрымання пад кантролем насельніцтва, якія ажыццяўляюцца дзякуючы манаполіі дзяржавы на прымяненне гвалту і прымусу.
Зададзім сабе пытанне: ці будуць пры Анархіі зносіны паміж людзьмі? Вядома, так. А паміж групамі людзей, аб’яднаннямі і інстытутамі? Відавочна, таксама будуць. А калі зносіны ёсць то іх патрэбна рэгуляваць, бо ў адваротным выпадку будуць множыцца канфлікты, якія, назапашваючыся ў невырашаным стане, раней ці пазней прывядуць да гвалтоўнай канфрантацыі і дэзынтэграцыі грамадства.
Нават адносіны паміж двума людзьмі, будзь тое ўлюбёныя, сябры, родныя альбо незнаёмыя людзі, рэгулююцца. У якасці рэгулятара можа выступіць двухбаковая вусная дамоўленасць аб чым заўгодна ці «стыхійнае» узаемаразуменне, прынятае па змоўчанні на грунту агульнапрынятых нормаў маралі ці этыкі (што вы робіце, калі штурхнулі на вуліцы незнаёмага чалавека? Што робіце, калі прыходзіце ў паліклініку а там – чарга?), ці воля аднаго з бакоў, прынятая добраахвотна альбо пад прымусам. Карацей, так ці інакш, нейкія рэгулятары паводзін непазбежныя і пры анархізме, бо яны суправаджаюць жыццё любога чалавека незалежна ад палітычнага ладу. І, як я лічу, не так важна, будуць яны некадыфікаванымі (г.зн. трываць выключна ў галовах людзей) ці нехта возьме на сябе працу сабраць іх і выдаць асобнай кніжкай. Прынцыповы момант палягае ў іншым: гэтыя нормы будуць прымацца усімі сябрамі грамадства, да якога яны датычныя, і ў агульных інтарэсах, а не як зараз, вузкай групай людзей і ў інтарэсах толькі часткі грамадства (а нярэдка і проста адмыслова пад інтарэсы асобных людзей: карнікаў, бізнесменаў, пануючай эліты).
Яшчэ адзін немалаважны момант: паколькі анархісцкае грамадства па сваёй сутнасці федэратыўнае, то многія прававыя нормы, якія будуць прымацца ў ім, будуць датыкацца толькі невялікіх тэрыторый камун ці абшчын, не заціснутых у рамкі дзяржаўных межаў. Бо закон, які актуальны для адной мясцовасці, далёка не зусім актуальны для іншай. Напрыклад, навошта жыхарам Крайняга поўначы закон аб забароне спалення сухой расліннасці ўвесну? Які сэнс указваць жыхарам сельскагаспадарчых паселішчаў, як яны павінны берагчы паветра ад шкодных выкідаў? Навошта клікаць вегетарыянцаў на абмеркаванне метадаў забойства хатняй жывёлы ці патрабаваць ад мусульманскай камуны забароны на спажыванне алкаголю? Не кажучы ўжо аб тым, што неразумна спрабаваць даводзіць да заводаў і сельгаспрадпрыемстваў планы па вытворчасці «зверху», без нарады з самамі працоўнымі калектывамі, што рашэнні любых судовых органаў павінны прымацца сыходзячы з мясцовага кантэксту, а не так, як нехта лічыць патрэбным – і гэтак далей. Федэралізм і незалежнасць кожнай камуны дазволяць пазбегнуць непатрэбнай бюракратычнай цяганіны і адміністратыўнага маразму, які зараз назіраецца паўсюдна і, вядома, у шмат горшых прыкладах чым тыя, што прыведзеныя вышэй. Законы ж больш агульнага і бясспрэчнага характару (кшталту забароны на гвалтоўныя дзеянні супраць асобы, дыскрымінацыю і г.д.) будуць адобраныя ўсімі і таму распаўсюджвацца будуць на больш «высокім» узроўні – на ўзроўні адразу некалькіх федэратыўных адзінак, а тое і на ўзроўні кантынента, і будуць служыць у тым ліку тым цэментам, які будзе скрапляць паселішчы, камуны і федэрацыі паміж сабой. Гэтую ж ролю для дзяржаў у глабальным маштабе зараз мусіць выконваць усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948 г., але, як бачым, спраўляецца яна з гэтым не надта паспяхова.
Федэралізм і разнастайнасць прававых нормаў у розных мясцовасцях закліканыя выконваць яшчэ адну ролю: забяспечваць свабоду асобы і знімаць напружанне ў грамадстве. Бо адзінкаваму індывіду, якому прынцыпова непрымальныя прававыя нормы ці традыцыі адной камуны, заўжды можа ў крайнім выпадку пераехаць туды, дзе правілы і нормы іншыя, замест таго каб пакутаваць самому альбо правакаваць няспынныя склокі і спрэчкі ў калектыве. Гэты довад пакіну без прыкладаў, бо іх самому няцяжка ўявіць сыходзячы з паўсядзённага жыцця.
Ці патрэбная будзе кадыфікацыя прававых нормаў? Гэта хай вырашае для сябе кожная грамада, але, лічу, з цягам часу людзі будуць прыходзіць для пісаных нормаў, бо любое грамадства па меры свайго росту і развіцця ўскладняецца, а разам з тым ускладняюцца і сацыяльныя адносіны, павялічваецца колькасць рашэнняў, і, безумоўна, будзе нямала спрэчных і канфліктных выпадкаў, на вынікі вырашэння якіх грамадства будзе, магчыма, абапірацца для вынасу сваіх «прысудаў» у будучыні (г.зв. практыка прэцедентнага права). Ды і, у рэшце рэшт, усё гэта павінна быць запісана хаця б каб не забыцца, бо, напрыклад, па прашэсці 20-30 гадоў узнікне сітуацыя, якая ўжо была належным чынам адрэгуляваная, але кожны з бакоў канфлікту ўзгадвае той вынік 20-гадовай даўніны на свой лад і на сваю карысць. І тут запісаныя сведчанні апынуцца вельмі дарэчы. Ды і ці патрэбна кожны раз збірацца і марнаваць час на вырашэнне пытання, якое ўжо было паспяхова вырашанае нейкі час таму? Такім чынам, лічу, і ў анархісцкіх грамадствах па меры неабходнасці могуць узнікнуць свае зборнікі прававых нормаў. Але, вядома, усё гэта не будзе мець нічога агульнага з сённяшнімі спробамі дзяржавы загнаць усю немаверную разнастайнасць адносін паміж людзьмі ў рамкі, ды яшчэ ў такія, якія карысныя выключна элітам. Да таго ж відавочна, што ў сапраўды дэмакратычным грамадстве пераглядзець ці адмяніць любы закон будзе звычайнай і няцяжкай справай. У адрозненні ад дня сённяшняга, калі гэта зрабілася справай амаль немагчымай для простых грамадзян.
Напрыканцы хачу заўважыць, што закон – само па сабе нармальнае і звычайнае слова і негатыўную афарбоўку у нашых вачах яму надала, найперш, частае і самазадаволенае выкарыстанне супрацоўнікаў карных структур. І пры анархізме, вядома ж, закон будзе, бо як я паспрабаваў паказаць вышэй – нават нежаданне любога з нас забіваць, ілгаць, здраджваць, таксама закон, проста жыве ён у нашай свядомасці а не на паперы. І адказваючы скептыку мы можам шчыра і ўпэўнена сказаць: «законы будуць, але прымацца яны будуць людзьмі і на іх карысць – па агульнай дамоўленасці ўсіх», і нават перайсці на яго ў контратаку, запытаўшыся, ці шмат разоў яго клікалі на абмеркаванне, напрыклад, адміністрацыйнага ці працоўнага кодэксаў, па якіх ён зараз вымушаны жыць?
Наконт таго ж, хто будзе сачыць за выкананнем законаў пры анархізме і караць вінаватых, узгадаем: каля 80% усіх злачынстваў звязаныя прама ці ўскосна з маёмаснай няроўнасцю і культам спажывання, што навязваецца ў грамадстве. З кожнага білборду, з кожнага тэлевізару, радыё, сайта, часопіса, з кожнай вітрыны чалавеку ўдалбліваюць: «ты непаўнавартасны калі не маеш тое, тое, тое…. а яшчэ тое і тое…», што з’яўляецца вельмі значным фактарам, які прымушае людзей (асабліва маладых, асабліва з маламаёмасных слаёў насельніцтва) ісці на злачынствы. Ліквідаваць маёмасную няроўнасць – пазбавіць злачыннасць усялякага сэнсу. Гэты факт падмацоўваюць прыклады эгалітарных грамадстваў, у якіх злачыннасць амаль адсутнічае і нават проста грамадстваў з невысокім узроўнем сацыяльнага расслаення, у якіх злачыннасць – вельмі рэдкая з’ява (і тое праяўляецца пераважна ў негвалтоўнай форме).
Таму лагічна зрабіць вынік, што норма\патрабаванне\дамова\забарона, прынятая ўсімі адзінадушна, будзе ва ўсялякім разе выконвацца боль дысцыплінавана і свядома, чым тая, якую навязаў нехта зверху са сваімі ўласнымі мэтамі (пацвержанне гэтаму – тое, як віртуозна грамадзяне ўхіляюцца ад выканання патрабаванняў закона, калі яны накіраваныя супраць іхняга дабрабыту ці проста бачацца непатрэбнымі). Робіцца відавочным: сачэнне за выкананнем правілаў, прынятых усімі, наўрад ці будзе вялікай праблемай, і, лічу, адмысловыя органы ці структуры наўрад ці будуць для гэтага патрэбныя.
Што ж датычыцца пакарання вінаватых, то гэта цікавая і шматгранная тэма, якая патрабуе прывядзення шматлікіх прыкладаў, спасылак, ажыццяўлення гістарычных экскурсаў – таму звярнуся да яе ўжо ў іншы раз.
Мікола.
Красавік 2015