Учора быў адзін з тых дзён, што дзеляць жыццё на “да” і “пасля”.
Гадоў з сямі хаджу ў акулярах. Прыроджаны астыгматызм. Толькі акуляраносцы (акулярыкі?) могуць ацаніць у належнай меры увесь той груз турбот, якія накладае нашэнне гэтага нехітрага прадмету. Асабліва ў дзяцінстве. Гадоў да 12-ці біў акуляры стабільна кожныя паўгода-год. То самі спадуць, ці ў гульнях разабьюцца, ці ўроняцца. А тыя выпрабаванні, якія падаюць на носьбіта акуляраў у школьным калектыве… ну вы самі здагадваецеся 🙂
Потым – не нашмат лягчэй. У турме, каб мець з сабой акуляры патрэбная абавязковая даведка ад урача (інакш адбіраюць бо “небяспечны прадмет”). І ўсім пляваць, што ты без іх нібыта сляпы.
Да і ўвогуле па жыцці мець акуляры гэта сапраўдная запара. Забудзешся ўзяць у іх на вучобу\працу лічы, дзень забіты, бо рабіць там без іх няма чаго – ані дашкі не бачыш, ані напісанага ў кнізе. А калі раптам разбіў ці там дужка зламалася – то то ўжо сапраўдная бяда. За кампом не пасядзіш (элементарна вочы стамляюцца праз 5-7 хвілін), з кнігай – тое ж самае. А да таго ж трэба рабіць новыя: збіраць рэцэпты, праходзіць акуліста, ды і грошы плаціць. Зноў некалькі дзён выкінутых з актыўнага жыцця.
Увесь час баішся іх недзе забыць, разбіць, падрапаць, сесці на іх і гэтак далей.
Падобна на тое, што з гэтым у мяне скончана. Учора зрабіў лазерную карэкцыю зроку. Зрок яшчэ настраіваецца, але ўжо зараз замест 3 прывычных радкоў табліцы бачу 7. Вельмі нязвычна і вельмі крута!
Эх, акуляры-акулярыкі, служылі вы мне верай і праўдай, а зараз адпраўляю вас на заслужаны бестэрміновы адпачынак. Бывайце!