Як быць, калі вас адводзяць у бок?

На шэсцях, што адбываліся апошнімі выходнымі, улады спрабавалі адносна новую тактыку. Карыстаючыся тым, што наш пратэст бязлідарны [1], калоны сталі ўзначальваць КДБшныя (ці МУСарскія, не важна) шпіёны, якія ўводзілі іх у патрэбным ім кірунку.

У прыватнасці, пасля “маршу на Дразды” адразу некалькі чалавек напісалі мне, што дзякуючы ім асноўная, вялізная калона пратэстоўцаў, замест таго, каб звернуць туды, дзе мусіла быць па пачатковым плане (гл. фота) пайшла адразу на кардон АМАПу, дзе проста пастаяла і павернулася назад. У выніку, да саміх Драздоў дайшла толькі невялікая група пратэстоўцаў, якіх потым ганялі светлашумавымі гранатамі. А цяпер уявіце сабе, што было б, калі б усё пайшло па плане: 150 тысячаў чалавек на вузкіх вулачках прыватнага сектара, што заселены эліткай. Які б быў псіхалагічны эфект ад самога фактару прысутнасці. Але ў гэты раз карнікі нас абхітрылі і гэтага не адбылося. Нічога, гэта таксама досвед. Затое цяпер мы ведаем, што так можна.
Як мы можам вырашыць гэтую праблему? Ёсць тры рашэнні, адно стратэгічнае і два тактычных.

Тактычныя:
а) Трэба проста дзейнічаць згодна з планам. Ён жа не дарма распрацоўваўся. Ідзеш – звяраешся з маршрутам. І не важна, куды ідзе натоўп, сварочвай сам і кліч астатніх туды, куды паказана. Тут, вядома, ёсць і адваротны бок: немагчыма прадказаць усё і кардон можа з’явіцца там, дзе не чакаеш, можа адбыцца разгон ці любая іншая неспадзяванка. Але калі няма пазаштатных сітуацый – трэба трымацца плана.

б) Прыглядзіцеся да тых, хто вядзе калону. Мне пісалі: “Калі трэба было паварочваць, хтосьці закрычаў: “Налева!”, а з пачатку калоны мужчына крыкнуў: “Ніякага налева, толькі проста!” і ўсе пайшлі наўпрост”. У такіх выпадках няма іншага выйсця, як праяўляць ініцыятыву: падыдзіце да чалавека, які вядзе калону. Спытайце, чаму проста, калі ў плане інакш?! Запытайцеся, ці прадстаўляе ён нейкую партыю ці арганізацыю. Папрасіце прадставіцца. Па ягоных паводзінах вы адразу зразумееце, хто перад вамі: актывіст ці мянтоўскі шпіён. Ну, а далей дзейнічайце па абставінах.

Увогуле, пратэстоўцам варта болей камунікаваць, не баяцца падыходзіць і стасавацца адно з адным. Гарызантальныя сувязі – найлепшы сродак ад унядрэння правакатараў. Карнікі не вытрымліваюць просты і адкрыты дыялог, ён агідны іхняй склізкай уродзе.

Стратэгічнае ж рашэнне я апісаў у сваім відэа “Як правільна ўдзельнічаць у мітынгах” [2]. Яно складаецца ў тым, што ў ідэале, усе пратэстоўцы мусяць быць разбітыя на групы даверу па 3-10 чалавек, якія трымаюцца разам, ведаюць адно аднаго і маюць агульны план дзеянняў. У гэтым выпадку ў зменлівай абстаноўцы група можа хутка сабрацца, перамовіцца і вырашыць: “Дзейнічаем так”. У такім разе, любы мянтоўскі шпіёг будзе бяссільны, бо ён можа ўвесці толькі неарганізаваны натоўп. А тут – сход мікра-калектываў, кожны з якіх самастойна прымае рашэнні. Падазраю, што 15-га дня менавіта такія, самыя арганізаваныя, і сышлі ў правільны бок.

Вядома, дамагчыся такога ўзроўню самаарганізацыі будзе цяжка, але гэта тое, да чаго варта імкнуцца.

Усім поспехаў і цвярозасці мыслення.

[1] – https://vk.com/mikola_dziadok?w=wall-136549508_4020
[2] – https://youtu.be/XozrVFNAp6A