????Не ўсё адразу

Цяпер шмат хто сцеражыцца зліву пратэста, таго, што людзі стомяцца выходзіць і ўсё вернецца ў старое рэчышча. Хачу вас запэўніць: як раней ужо не будзе. Ніколі. Нават калі Лукашэнка гэтага вельмі захоча. У грамадстве ўжо адбыліся і працягваюцца кардынальныя зрухі, якія нельга павернуць назад. Я не буду пералічваць шматлікія сведчанні таго, як сыплецца дзяржаўны апарат, у т.л. сілавы блок (адное гэтае [1] чаго каштуе) і выбудоўваецца паралельная сістэма ўлады (Каардынацыйная Рада і Нацыянальны стачачны камітэт), гэта і так відавочна. Але негледзячы на гэта у шмат каго чуваць трывожныя ноткі і хваляванні: вось мы выходзім-выходзім, а Лука дагэтуль не збег/не арыштаваны, што далей рабіць-та? Прычына такіх настрояў у тым міфе, які доўгі час раскручвалі апазыцыя і блогеры: маўляў, нас выйдзе 100.000 і сілавікі адразу пяройдуць на наш бок, а Лукашэнка спужаецца і збяжыць! І сапраўды, выйшла ўжо 200.000, а Лукашэнка дагэтуль не збягае. Але я адразу гаварыў, што ў нас гэта працаваць не будзе.

Важна разумець, фашысцкую сістэму, якая будавалася 26 гадоў немагчыма апракінуць за пару дзён. І таму важна не збаўляць абароты, спрабаваць розныя формы пратэста і канфрантацыі з Сыстэмай, і, вядома, умацоўваць нашую салідарнасць.

Нагадаю, што Майдан, да таго як перамог, стаяў ажно 4 месяцы. Рэвалюцыя ў Тунісе цягнулася 21 дзень. У Арменіі – 20 дзён. У Егіпце – 17. І нават улюбёная ўсім і звышхуткая (але, на жаль, вельмі крывавая: 1104 загінулых) рэвалюцыя ў Румыніі цягнулася 9 дзён. У нас жа пакуль толькі 10-ты дзень пратэстаў.

Пераважная большасць беларусаў абрала для сябе шлях негвалтоўнага супраціву і не хочаць радыкальных дзеянняў (штурмаў дзяржаўных установаў і т.п.) Раз так – значыць, шлях будзе адносна доўгім. Галоўнае, што гэты выбар народа зроблены самастойна. І ніякія тэлеграм-каналы, як бы каму не падавалася, не могуць зараз зрабіць з 200 тысячаў беларусаў, якія выйшлі на Стэлу, 200 тысячаў штурмавікоў. Зразумела, што хочацца ўсяго і адразу, але тут прыходзіцца абіраць: або з гвалтам, але хутка, або без яго – але марудна. Беларусы на дадзены момант свой выбар зрабілі. А да мэты мы абавязкова прыйдзем, не сумнявайцеся.

[1] – https://news.tut.by/society/696884.html