Чаму затрымоўвалі лююдзей, якія падавалі скаргу ў КДБ?

За спробу падаць скаргу ў КДБ затрымана [1] болей 50 (!) чалавек. З іх дзесяць — журналісты. Абсалютна ірацыянальнае дзеянне без будзь якога палітычнага сэнсу. Ані рэальнай, ані патэнцыяльнай пагрозы гэтая акцыя не несла. Наадварот, былі ўсе мажлівасці прадэманстраваць, што чарга-та вось — зусім невялічкая. Так адкуль такая неадэкватная рэакцыя? Лічу, што прычына ў тым, што ўлада, а ў першую чаргу, самі чэкісты, успрымаюць будынак КДБ як нейкае сакральнае месца. А значыць, адчуваюць першабытны жах ад таго, што хтосьці з нас, простых смяротных, можа вось так узяць і з’явіцца туды без санкцыі звыш. Прыходзіць туды нам, плебсу, можна толькі калі выклікаюць абветскай, ну, ці калі вязуць пад канвоем. Інакш ніяк.

Такое псіхапатычнае стаўленне да сваёй святыні чэкісты праяўляюць ужо не ўпершыню. Прыклад: у траўні 2011 у Бабруйску судзілі [2] анархістаў, якія закідалі мясцовы будынак КДБ кактэйлямі Молатава. Негледзячы на мізэрную шкоду (крыху копаці на ганку, пажарныя проста затапналі агонь нагамі), усе трое атрымалі па семь гадоў узмоцненнага рэжыму. У тым жа годзе, у снежні, актывістак украінскай FEMEN, якія правялі эксцэнтрычны флэшмоб [3] перад будынкам КДБ у Менску схапілі [4] проста на вакзале і запхалі ў мікрааўтобус. Звязалі, увезлі ў лес, білі, астрыглі валасы, аблілі зялёнкай і пагражалі забойствам.

І там, і там меў месца замах на святыню. Таму такая скоцкая жорсткасць у адказ.

Вось і зараз — цалкам неадэкватная рэакцыя ашалелых псіхапатаў на абсалютна легальную, ва ўсіх сэнсах законную спробу проста падаць чалабітную.

А потым здзіўляюцца, з чаго гэта знянацку грамадзяне ўсё часцей пачынаюць ужываць гвалт супраць сілавікоў [5]. Чэкісцкае жрэцтва, што зарвалося ў сваёй элітарнасці, пачало забываць: калі людзі перастаюць ісці ў суды, бо там немагчыма дамагчыся праўды, калі перастаюць ісці са скаргамі ў кабінеты, бо за гэта іх валакуць у аўтазак, то ім — людзям — становіцца няма чаго губляць. А роспач прыгнечаных вядзе да жорсткага і неразборлівага гвалту супраць прыгнятальнікаў. І менавіта да гэтага талкаюць беларусаў тыя, хто аддаў загад затрымаць 50 чалавек пры спробе падаць скаргу. Адсутнасць прававой сістэмы абароны сваіх інтарэсаў, ды й яшчэ на фоне адноснай свабоды інфармацыі — смяротны кактэйль для любой дыктатуры. І камусьці, пэўна, карціць гэтага кактэйля хлебнуць вусатым рылам.

[1] – https://t.me/c/1222606634/7100
[2] – https://bit.ly/3jOesJC
[3] – https://youtu.be/jiE2RJvlrUk
[4] – https://www.bbc.com/russian/international/2011/12/111222_femen_belorussia_abduction
[5] – https://vk.com/mikola_dziadok?w=wall-136549508_3844