Дачытаў адну з самых цэнзураваных у свой час аповесцей Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” у выданні 2014-га года.
Сама кніга – як заўсёды ў Быкава: шчыра, праўдзіва, сур’езна і трагічна. Аднак галоўнае – гэта афармленне тэксту. Дбайны рэдактар вылучыў маркерам усе месцы, што былі выразаныя савецкай цэнзурай падчас публікацыі. Чытаеш і такое зло бярэ на гэтых вырадкаў – няма словаў. Выразана самае вострае, самае сапраўднае, самае ПАТРЭБНАЕ тагачаснаму грамадству. Любыя намёкі на крытыку начальства, любое прыпамінанне Берыі і Сталіна ў негатыўным кантэксце (а гэта была “адліга”!), любыя прыгадванні аб небаяздольнасці савецкай арміі. Уважлівы цэнзар пусціў пад нож нават проста моманты, якія падаліся занадта змрочнымі і безнадзейнымі, мэта якіх была – усяго толькі стварыць атмасферу. То бок цэнзура была не толькі палітычнай, але і мастацкай.
Не менш цікава, чым саму аповесць, было чытаць дадатак да яе: як яна стваралася, як “прабівалася” у літаратурныя журналы і зборы, і самае галоўнае, як за яе ўзяліся цкаваць Быкава. Пасля публікацыі аповесці ў “Новом мире” (дарэчы, ў ім яна выйшла ў найменш скалечаным выглядзе), вакол яе падняўся такі, як бы зараз сказалі, “хайп”, што Быкавым і ягоным атачэннем нават зацікавіліся КДБшнікі. Рэгіянальная прэса граміла і бэсціла аўтара за “искажение реальности”, “абстрактный гуманизм” (нармальнае такое абвінавачанне, праўда?), “очернение советской армии”. Натуральна, большая частка гэтых пісак, у адрозненні ад Быкава, на фронце ніколі не былі. Партыйныя ідэёлагі нават пайшлі па прадпрыемствах (!) расказываць аб тым, якая ідэялагічна шкодная і “очернительская” гэтая аповесць. Але самая здаровая частка грамадства аказала Быкаву вялізарную падтрымку. Хлусня ўжо тады ўсіх дастала. У гэтым плане паказальны выступ тагачаснага галавы КДБ перад маскоўскім партактывам. Ён варты таго, каб прывесці яе частку: “Цель идеологических диверсий – расколоть нас. Беспокоит положение среди молодежи и в творческих организациях. Но репрессировать мы будем только врагов, остальных убеждать, проводить профилактку. Писатели добивались, чтобы издали Кафку. Издали. И вот мы недавно взяли одного злобствующего юнца, а он нам говорит: “Мне очень нравится Кафка”. Если бы не было культа личности, то чем бы у нас занималось искусство? Обязательно они притянут этот культ, обязательно мазнут черной краской! Писатели окончательно обюрократились, с народом не встречаются. Пусть Быков, написавший “Мертвым не больно”, пойдет к участникам войны! […] И никто не ставит их на место, терпят, свыклись. А почему все должны делать мы, КГБ? Распространяют “письмо” Бухарина, открытое письмо Эренбурга. Но только единицы приносят все это к нам. Вот песни Галича, он смеется над нашими идейными принципами. Почему же вы все не выступаете против7 Все приходится расхлебывать нам, КГБ. В закрытые учреждения приглашают Бог знает кого. В институте Курчатова Солженицын читал несколько глав из романа, который был нами конфискован. И бой не дали! Почему же все должны делать мы? Почему все должно делаться тольк сверху?”
Як непрыкрыта, як аголена гучаць гэтыя словы! Галоўны чэкіст фактычна сам прызнаецца, што ўся гэтая ідэялогія, усе гэтыя “ідэйныя прынцыпы”, густа замешаныя на штохвіліннай хлусні нікому не патрэбныя акрамя тых, хто паспеў дзеля іх запэцкаць рукі ў крыві, акрамя тых, у каго ад яе існавання залежаць асабістыя прывілеі. “Чаму ўсе павінны рабіць мы?” – ўзбураецца ён. Ды таму што гэтая ўсё ВАШАЕ стварэнне, вось вы ягоныя праблемы і вырашайце.
У капілку да гэтага яшчэ цікавы момант: аповесць Быкава некаторыя часопісы не хацелі выдаваць, а некаторыя – згаджаліся. У асобных тыпаграфіях атрымлівался дамовіцца, а ў некаторых кіраўнікі перастрахоўваліся – “абы чаго не выйшла”, і адмаўлялі. У Маскве людзі былі пасмялее, у Мінску – больш забітыя. І гэта пры савецкай-та сістэме, дзе, здавалася б, іерархія ў асобе Партыі не дапускала адхіленняў. Аднак, бач, савецкая сістэма была куды болей дэцэнтралізаваная, чым я прывык думаць. У сукупнасці з выказваннямі таго КГДбіста робіцца зразумела – любы таталітарызм есць, па сутнасці, калос на гліняных нагах. Не можа быць трывалым тое, да чаго масы не праяўляюць сапраўднага энтузіязма. Ледзь толькі пахіснецца іх пасіўнасць – калос рушыцца.
Раю ўсім набыць гэтую кніжку. І шмат палезных ведаў атрымаеце, і годных людзей падтрымаеце. Рэспект усім тым, пры судзеянні каго яна выйшла.