Байкот

Па выніках апытання ў ТГ сёння ўдзел у выбарах – пазіцыя бальшыні пратэстнага электарату. Гэта, на маю думку, просты вынік таго, што людзі не вучацца на ўласных памылках, а бальшыня (можа, 80%) сённяшняга пратэстнага электарату – гэта тыя, хто не цікавіўся палітыкай раней. У цэлым, людзі ідуць у фарватары пазіцыі штабоў – г.зн. той пазіцыі, якая была прапанаваная ім палітыкамі.
 
Коратка патлумачу яшчэ раз сваю пазіцыю па байкоце:
 
1. Заклікаць удзельнічаць у махлярскай працэдуры – гэта абсурд. Удзельнічаць у выбарах можна, калі яны ёсць, а не калі яны – спектакль.
2. Улада баіцца байкоту болей, чым чагосьці іншага. За заклікі да байкоту нават увялі адміністрацыйную адказнасць. То бок дзяржава сама паказвае, якое ейнае месца самае слабое, але чамусьці ўсе зацята адмаўляюцца ў гэтае месца біць.
3. Колькі разоў ужо заклікалі за “прыйсьці і прагаласаваць” – і кожны раз правал. Можа, пасля пяці правалаў (2001, 2006, 2010, 2015) паспрабуем чагосьці новага?
4. Фальсіфікаваць вынікі выбараў лёгка. Ярмошына намалюе любы адсотак. Але фальсіфікаваць яўку ў сённяшніх умовах немажліва. Калі ўсе незалежныя СМІ пакажуць пустыя ўчасткі, грунтуючыся на дадзеных тысячаў выбарнікаў, – фальсіфікацыі страцяць сэнс. Але ў адным моманце мая пазіцыя супадае з прыхільнікамі ўдзелу. Патрэбна максімальная колькасць назіральнікаў – каб зафіксаваць не толькі галасы, але і яўку.
 
Раю яшчэ паглядзець нядаўняе відэа.