Сёння 34 гады Чарнобылю. Не буду вам нагадваць пра злачынствы савецкага рэжыму і распавядаць пра шкоду Астравецкай АЭС. Гэта скажуць больш дасведчаныя за мяне людзі. У мяне ж катастрофай на ЧАЭС звязаная асабістая гісторыя. Я нарадзіўся ў зоне, якая пацярпела ад катастроы на ЧАЭС, і па ўсіх законах нашай сацыяльнай (не) дзяржавы з’яўляюся носьбітам усялякіх льгот і прывілеяў. І вось у 2011-м годзе, калі яшчэ не скончыўся першы год майго зняволення, выходзіць амністыя, згодна з якой асуджаныя па менш цяжкіх артыкулаў (а мой быў менавіта такі), падпадаюць пад яе і падляжаць поўнаму вызваленню.
На волі мае бацькі патурбаваліся, сабралі ўсе неабходныя даведкі і нават дабіліся ўсталявання судом факту таго, што я нарадзіўся на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. Па законе, без усялякіх “але” мяне мусілі вызваліць яшчэ ў чэрвені 2011-га. Для гэтага былі выкананыя ўсе умовы.
Аднак вызвалення не адбылося. Старшыня Гомельскага абласнога суда Людміла Міхалькова паспяшалася адмяніць усе рашэнні сваіх падначаленых і ў амністыі мне было адмоўлена. Так КДБ яшчэ раз паказала што яно ў нашай краіне галоўнае сярод галоўных, і што закон ён для ўсіх адзін а для ворагаў дзяржавы – іншы. А мне лёс намаляваў наперадзе яшчэ чатыры гады прыгодаў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.