Калі табе не хочацца нічога мяняць, то хутчэй за ўсё, табе і так норм. Калі у тваіх інтарэсах захаваць існуючую сістэму то, значыць, хутчэй за ўсё, ты займаеш у ёй высокае месца.
Калі чалавек кажа вам, што ва ўсіх праблемах бедных\прыгнечаных вінаватыя самі бедныя\прыгнечаныя, а не правілы гульні – значыцца гэтыя правілы гульні для яго выгадныя.
Кансерватары вельмі любяць гнабіць тых, хто непаспяховы па мерках капіталістычнага грамадства. “Быць бедным – таксама выбар!” – любяць казаць яны. Маўляў калі ты не дасягнуў поспеху, значыцца не надта і стараўся. Не вельмі жадаў. А можа ты проста тупы? Яны ж з усіх бакоў абгрунтуюць табе што іерархія ў грамадстве гэта добра, правільна і слушна. Што роўнасць немажлівая. Сапраўды, калі ты маеш тое чаго не маюць іншыя, навошта табе роўнасць? Яна табе толькі нашкодзіць.
Памятаеце выказванні Лукашэнкі? Ва ўсіх бедах вінаваты народзец, які кепска працуе. Так-так, мы самі вінаватыя. Няма чаго бегаць па абменніках, чакаць ад дзяржавы дапамогі і ныць. Працаваць! А калі нешта кепска ў краіне: гэта не створаная ім сістэма вінаватая, не. Гэта вінаватыя мы. Гэта вінаватая вертыкаль чыноўнікаў, якая кепска выконвае ягоныя паручэнні. Ну, можа, Захад ці Расія. Але ўжо дакладна не створаная ім сістэма. Таму сістэму нельга змяняць ні ў якім выпадку. Яна ідэальная. І ён так думае не таму, што ён дурань. Не. А таму што гэтая сістэма – у ягоных інтарэсах. Гэта і ёсць квінтэсэнцыя кансерватызму.
Зрухі ў грамадстве, рэвалюцыя, пераразмеркаванне ўлады для такіх людзей – рызыка страціць прывілеі. Рызыка страціць рэсурсы: палітычныя, фінансавыя, матэрыяльныя. І пад страхам гэтай страты яны знойдуць тысячу прычын, чаму ЯНЫ мусяць застацца ва ўладзе, а МЫ – шукаць праблемы ў сабе. Адшукаюць самыя красамоўныя эпітэты, прывядуць цытаты вялікіх, каб абгрунтаваць вам, што ўсё насамрэч класна, жыццё – справядлівае, а праблема толькі ў вас. Будуць апеляваць да Бібліі, «законаў прыроды» (адным ім вядомым), і навуковым даследаванням, прымуць якую заўгодна палітычную ідэалогію. Хаця насамрэч ідэалогія ў іх толькі адна: “Мне хораша. Хачу каб так было і надалей. Знай сваё месца”.