Суверэнны інтэрнацыянал

Калі рыхтаваў інтэрв’ю з прадстаўніком руха “жывых людзей-суверэнаў” (вось тут відэа, калі не глядзелі, паглядзіце абавязкова), зрабіў нечаканае для сябе адкрыццё. Я-та думаў што гэтыя “грамадзяне СССР”, якія не прызнаюць сучасную Рэспубліку Беларусь з яе законамі, вераць у англасаксонскую змову супраць славян і выдаюць адзін аднаму пасведчанні “жывых людзей” – гэта чыста беларускае вынаходніцтва. Ці постсавецкае. Такая спецыфічная рэакцыя грамадства на немагчымасць супраціўляцца аўтарытарнаму рэжыму звыклымі метадамі.

Аказалася, я памыляўся. Як і ўсе сацыяльна-палітычныя навінкі, рух “людзей-суверэнаў” прайшоў да нас з Захаду. І адкуль бы вы думалі? З таго самага ЗША! У самага логава англасаксонскіх прыгнятальнікаў.

У ЗША існуе рух “суверэнных грамадзян” (Sovereign citizen movement). З’явіліся ў пачатку 1970 у асяроддзі ультраправаха папулісцкага руху «Posse Comitatus».

“Анты-ўрадавыя экстрэмісты, якія вераць, што хаця яны фізічна пражываюць у гэтай краіне, яны – адасобленныя, ці “суверэнныя” ад Злучаных штатаў” – так характэрызуе із ФБР.

Суверэнныя грамадзяне ЗША не плацяць падаткі, не выконваюць рашэнні судоў, нават ставяць сабе “свае” нумарныя бляхі на аўтамабілі. Напрыклад, знакі “Рэспублікі Тэхас” (якой, вядома, не існуе). На гэтым яны не спыняюцца: выдаюць свае судовыя пастановы, фінансавыя паперы і інш., і патрабуюць, каб яны мелі вагу нароўні з дзяржаўнымі. У адказ на любыя спробы дзяржавы іх падавіць, яны, карыстаючыся прабеламі ў законах і прававой казуістыкай, затасківаюць дзяржслужачых па судах. Для гэтага ў ЗША нават прыдумалі назву: “папяровы тэрарызм”.

Аднак не толькі папяровым яны бавяцца. Пасля выбуху ў Аклахоме ў 1995 (тады група ультраправых узарвала перад будынкам федэральнага ўраду грузавік з выбухоўкай, забіўшы 168 чалавек), ФБР пачало моцна пільнаваць гэты рух: адзін з удзельнікаў акцыі, Тэрі Нікалс, быў якраз такім суверэнным грамадзянінам, і нават выйшаў з грамадзянства ЗША праз суд.

ФБР ацэньвае колькасць “Суверэнных грамадзян” у ЗША у прыкладна 100 000 чалавек. Лічба надзвычай высокая, так што, думаю, маюцца на ўвазе не толькі актывісты але і сімпатызанты.

У Германіі аналагічны рух называе сябе “Рейхсбюргерамі” (Reichsbürgerbewegung, грамадзянамі Рейха). Пачаты ён быў у 1985 годзе Вольфгангам Эбелем, начальнікам участка чыгункі ў Заходнім Берліне. Рейхсбюргеры лічаць ФРГ юрыдычнай фірмай (нават называюць яе ААТ “ФРГ”), і настойваюць на тым, што адзінае легітымнае дзяржабразаванне на гэтай тэрыторыі гэта Германскі Рэйх у даваенных межах. Таксама як і “Грамадзяне СССР”, выдаюць адзін аднаму пасведчанні, пашпарты і іншыя дакументы, нават выпускаюць “ордары на арышт” у дачыненні да асобаў, якія ім супрацьстаяць. Спрабуюць ствараць уласныя суды, міністэрствы і іншыя дзяржворганы. То бок постсавецкія суверэны гэта поўная калька з германскіх.

Сваю тэорыю Рейхсбюргеры базіруюць на тым, што Веймарская канстытуцыя 1919 году не была належным чынам адмененая а таксама на выбіральным прачытанні рашэнняў Федэральнага суда Германіі.

Германскія спецслужбы налічваюць у краіне каля 18 000 “рейхсбюргераў” і лічаць, што як мінімум частка з іх звязаная з тамтэйшымі неанацыстамі, вялікая частка руха прытрымліваецца ультраправых і антысеміцкіх пазіцый.

Аналагічныя рухі існуюць як мінімум ў Канадзе, Аўстраліі, Румыніі і Малдове, не кажучы ўжо пра Украіну і Расію. У апошняй, дарэчы, некаторыя падраздзяленні “Грамадзян СССР” прызнаныя экстрэмісцкімі, а іхнія ўдзельнікі сядзяць у турме.

Не трэба быць вялікім сацыёлагам, каб пабачыць падабенствы між рухамі “суверэнаў”, у якой бы краіне яны не былі:

1. Амаль паўсюль – туга па загінулых імперыях, «залатому веку». Раней было лепей! Сённяшнія дзяржавы – слабыя, кепскія, ні на што няздольныя. Гэта тыповы імперскі рэсентымент.

2. Светапогляд, які грунтуецца на тэорыі змовы. Нездарма многія «суверэны» заадно з’яўляюцца антывакцынатарамі, антысемітамі, анты-ГМАшнікамі, прыхільнікамі плоскай Зямлі і г.д.

3. Гэта троху павярхоўныя назіранні, аднак, падаецца, паўсюль касцяк гэтых рухаў складаюць людзі 35+. Вельмі часта – былыя вайскоўцы і іншыя дзяржслужбоўцы.

Каб вытлумачыць прычыну з’яўлення і папулярызацыі такіх рухаў, трэба напісаць асобны артыкул. Але коратка гэта:

а) Складанасць сучаснага свету і празмерная колькасць інфармацыі, што дае вялізарную спакусу пачаць тлумачыць рэчаіснасць праз тэорыі змовы.

б) Занадта раптоўная змена культурных норм у грамадстве, якая выклікае непрыяцце ў людзей, якія ўсё жыццё пражылі пры іншых культурных нормах

в) Расчараванне ў інстытутах ліберальнай дэмакратыі вялікай колькасці людзей, асабліва старэйшага веку. Яны перастаюць успрымацца як інстытуты народнага прадстаўніцтва. Як след – губляюць легітымнасць у іх вачах. Але і згубіўшы яе, працягваюць выконваць карныя, падатковыя і іншыя функцыі. Адпаведна, пачынаюць успрымацца як акупацыйныя ўрады.

Лагічным жа выйсцем тут бачыцца: зрабіць «як было», пабудаваць сваю, «правільную» дзяржаву.

Так што нягледзячы на анты-дзяржаўную, месцамі квазі-вызваленчую рыторыку (беларускія суверэны, напрыклад, увесь час апелююць да Дэкларацыі правоў чалавека) гэтыя рухі адназначна можна аднесці да ультраправых і папулісцкіх. Яны не прапануюць, як анархісты, адмяніць іерархію ў грамадстве, ці, прынамсі, зрабіць яе больш мяккай, як сучасныя лібералы. Усё чаго яны хочуць, гэта пабудаваць такую іерархію, дзе яны – неадаптаваныя да рухомага, плюралістычнага і надзвычай складанага свецу, будуць знаходзіцца наверсе. Як у СССР.