Мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус

Моцна засумаваў, прачытаўшы навіну пра тое што лідары нашай апазіцыі вырашылі абраць “адзінага кандыдата ад апазіцыі” шляхам праймарыз. Чаму засумававаў? Ну давайце разгледзім уводныя. Аксіёмы, якія не падлягаюць аспрэчванню:

1. Апазіцыя – у маргінальным стане. Амаль не мае ўплыву на палітыку. Рэйтынгі кандыдатаў, за выключэннем, магчыма, Статкевіча – у мяжы статыстычнай памылкі [1]

2. Уся сістэмная апазіцыя знаходзіцца пад кантролем Камітэта Дзяржбяспекі. Гэта не значыць, што Кастусеў і Казлоў дзейнічаюць па званку таварыша маёра. Гэта значыць, што яны ведаюць свае рамкі і за іх не выходзяць.

3. Электаральны працэс – цалкам пад кантролем рэжыму. Перамога апазіцыйнага кандыдата немажлівая у прынцыпе.

У любога здаровага чалавека ўзнікне пытанне: “хм, а навошта тады ўвогуле ўдзельнічаць у гэтых выбарах?” Адказамі апазіцыянераў служаць такія славесныя канструкцыі як: “так, выбараў няма, але мы карыстаем мажлівасці!”, “трэба паказаць народу што апазіцыя ёсць!”, “вось прайграем – і ўсе пабачаць што выбараў няма! Рэжым сябе дыскрэдытуе!” і таму падобнае. Усе гэтыя мантры апазіцыя кажа 20 год. І 20 год усё паўтараецца зноўку. У 2006, 2010, 2015… Адрозніваецца толькі ступень рэпрэсій, якая наступае пасля.

Ну і як тут не засумаваць?

З усіх гэтых правальных тэзісаў мяне болей за ўсё выносіць фраза аб тым што “адкрываецца акно магчымасцяў”. О Божа! Яно ўжо 20 год адкрываецца! І дзе ж яны, вашыя магчымасці? Як яны былі скарыстаныя? Чаго вы дабіліся?! Няўжо не зразумела, што калі раз за разам адная і тая ж тактыка не спрацоўвае, то трэба змяніць тактыку! Але не! Мы не будзем мяняць тактыку, мы будзем спадзявацца што людзі – ідыёцікі, якія забылі нашыя фэйлы 5 і 10-ці гадовай даўніны, і паўторым цыкл ізноў. Нічога дзіўнага, глядзі пункт два.

Раз ужо пайшла гаворка аб магчымасцях, нагадаю, што ўсе перамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі былі дасягнутыя НЕ падчас выбараў. Маці-328 прабілі ілбом ментоўскую сістэму, прымусіўшы ўлады зрабіць амністыю і пераглядзець наркатычны артыкул. Берасцейцы дабіліся закрыцця заводу АйПауэр. “Дармаеды” адбілі драконаўскі падатак падчас вулічных акцый. Ім не патрэбныя былі выбары для гэтых перамогаў!

А што даў ваш удзел у выбарах акрамя крымінальных справаў, штрафаў і сутак для актывістаў? Акрамя тысяч змарнаваных чалавека-гадзін? Акрамя новых палітэмігрантаў і бездані расчаравання?

Я ўжо маўчу пра самы відавочны факт: удзел апазіцыі ў выбарах гэта легітымізацыя рэжыму ўнутры краіны і дапамога Луке ў ягонай гульне з Захадам.

Давайце думаць лагічна: раз вы – апазіцыя ў аўтарытарнай краіне, то вашая задача – нанесці палітычную шкоду гэтаму рэжыму. Дык задайце сабе пытанне: калі рэжым РАЗ ЗА РАЗАМ дазваляе вам ісці на гэтыя выбары і прымаць у іх удзел, магчыма яму гэта выгадна?!

Затое што сапраўды зліць Сістэму, дык гэта ігнор і байкот [2]. Аб гэтым кажа хаця б тое што ўлада ўвяла артыкул у КаАП за заклік аб байкоту выбараў і праводзіць беспрэцэдэнтнага маштабу аперацыі па прымусу да галасавання залежных ад яе людзей. Для студэнта ці дзряржслужбоўца не пайсці на участак для галасавання – сапраўдны пратэст, не горшы выхаду на Плошчу.

Карацей, заклікаю ўсіх чытачоў не верыць прафесійным палітыкам. Той хто хоча трапіць ва ўладу праз вас, сам па сабе варты недаверу. А калі яшчэ і сцвярджае, што можа трапіць ва ўладу, хаця яму відавочна нічога не свеціць – выглядае падазрона ўдвайне.

Для мяне гэтыя выбары стануць лакмусавай паперкай, калі кожны: палітык, актывст, блогер, – пакажа, кім ён сапраўды ёсць: барацьбітам за перамены ці карыснай марыянеткай для аўтарытарызму.

[1] Статыстычная памылка ў апытанках грамадскага меркавання звычайна складае 3%.

[2] Севярынец заклікаў да «актыўнага байкоту» заклікае калі не атрымаецца абраць «адзінага кандыдата ад апазіцыі». Праўда незразумела, а што ж зменіць абранне такога кандыдата? Памножыць колькасць людзей на Плошчы? Прымусіць Лукашэнка прызнаць паразу на выбарах?

1 comment so far ↓

#1 Michltot on 11.19.20 at 17:11

Иваново ремонт ванн https://megaremont.pro/ivanovo-restavratsiya-vann