Капіталізм забіў больш, чым Сталін і Гітлер

ТРЫГЕРЫ: непапулярныя думкі, анархізм, экстрэмізм.

Калі пачынаеш апаніраваць з прыхільнікамі капіталізму, першае на што яны спасылаюцца, гэта тое што некаторыя спробы пабудаваць некапіталістычныя грамадствы ў ХХІ стагоддзі прывялі да таталітарызму. На практыцы гэта выглядае так:

– Маёмасная няроўнасць расце, адны людзі эксплуатуюць іншых людзей, карпарацыі захопліваюць уладу…

– ШТА? ХОЧАШ ВЯРНУЦЦА Ў СССР? КАБ БЫЛО, ЯК ПРЫ СТАЛІНЕ? ГУЛАГ? ПОЛ ПОТ? МАО ЦЗЭДУН? МАСАВЫЯ РАСТРЭЛЫ?

То бок тут ствараецца цалкам ілжывая дыхатамія, у якой “добрыя” капіталістычныя рэжымы супрацьпастаўляюцца таталітарным. Праўда, ёсць адзін маленькі нюанс: падчас свайго усталявання ліберальныя дэмакратыі Захаду забілі болей людзей, чым Сталін і Гітлер разам узятыя. Не верыце? А зараз паглядзіце на факты. Возьмем самы “хрэстаматыйны” перыяд усталявання капіталізму. З 17 ст. (пачатак актыўнай каланізацыі) да 1918 г. (канец І Сусветнай).

– Генацыд індзейцаў Паўночай і Паўднёвай Амерык. На сёння лічыцца самым буйным генацыдам у гісторыі. Мінімум 60 млн. загінулых.

– Усе каланіяльныя войны. Гэта і опіўмная вайна ў Кітае (220 тыс. загінулых) і падаўленне паўстання Сіпаеў у Індыіі (800 тыс), і шматлікія войны ў Афрыцы і Бліжнім Усходзе. Усе яны былі войнамі за рэсурсы і рынкі збыту, то бок войнамі за прыбытак. Тут нават падлічыць цяжка – многія міліёны.

– Гандаль рабамі. Толькі ад умоваў перавозкі ў трумах падчас трансатлантычнага гандлю рабамі – 2,2 млн. загінулых. Рабства было, вядома і ў старажытным свеце, і ў Сярэдневеччы. Але толькі капіталізм паставіў яго на прамысловы ўзровень і давёў да нябачаных раней маштабаў. На некаторых рудніках у Перу гінула да 100% прывезеных рабоў. Іх проста замянялі на іншых.

– Непасрэдныя забойствы працоўных падчас пратэстаў. Звычайна адбываліся падчас страйкаў (у тым ліку мірных), дэманстрацый альбо паўстанняў. Толькі ў ЗША з 1850 па 1900 наёмнікі карпарацый (прыватныя ахоўныя прадпрыемствы, тыпу акадэміі Пінкертона) і паліцэйскія забілі мінімум 432 чалавекі. Адна толькі “Лудлоўская бойня” (напад на палатачны лагер шахцёраў-страйкоўцаў) у ЗША ў 1914 годзе – 21 забіты, з якіх 12 дзеці.

Гэта я пералічыў толькі прамых ахвяраў усталявання капіталізму. Ускосных – на парадак болей. Гэта і голад, і эпідэміі справакаваныя палітыкай пагоні за прыбыткам (колькасць ахвяраў каланіяльнага кіравання ў Індыі толькі ў 19 стагоддзі ацэніваецца ў 40 млн. чалавек), і тысячы загінулых на вытворчасці з-за таго, што яе ўласнікі эканомілі на тэхніцы бяспекі для сваіх працоўных, і тыя, хто скончыў жыццё самагубствам, будучы звольненым з працы і не ў сілах далей карміць сваіх дзяцей… Усё гэта не мая драматызацыя – пачытайце класікаў еўрапейскай літаратуры: Эміля Золя, Віктора Гюго, Анарэ дэ Бальзака, Джэка Лондана

i г. д. (я ўжо не кажу пра Максіма Горкага), яны гэта выдатна апісалі.

Гэта не лічачы знішчэння прыроды, прамой падтрымкі карпарацыямі крыважэрных аўтарытарных рэжымаў і многага іншага.

Адкінуўшы нават усё гэтую жудасную матэматыку, давайце возьмем проста маральны бок. Хіба можа быць справядлівай, гуманнай і правільнай сістэма, у чый фундамент закладзеныя косткі такой колькасці бязвінных людзей? Пасля таго што капіталізм зрабіў з планетай і цэлымі народамі ўсе размовы пра тое, што “зараз затое ў нас ёсць смартфоны і кампутары!” для мяне гучаць як “ну и что, что были репрессии, зато Сталин принял Россию с сохой, а оставил с атомной бомбой!”

І так, я не лічу, што анархізм будзе грамадствам, дзе анёльчыкі будуць лятаць над кветачкамі, а ружовыя адзінарогі граць на арфах, седзячы на вясёлцы. У ім, цалкам верагодна, таксама будзе нясправядлівасць, сацыяльныя праблемы і няправедны гвалт. Аднак гэта будзе сістэма, у якой праліццё рэкаў людской крыві дзеля таго, каб адзінкі назапасілі паболей каляровых паперак, будзе немажлівым у прынцыпе.