Чаму ў мяне дагэтуль няма 100 тысяч падпісчыкаў?

Як жа ўсе ж такі важна ісці ў нагу з часам. Сваю «пісьменніцкую кар’еру» я пачаў у 2006 годзе, завёўшы блог на лайвджорнале. Пісаў многа і ўпарта. Пісаў у самвыдатаўскія журналы і на анархісцкія сайты. Пазней пісаў у зняволенні.

Выйшаў на волю ў жніўні 2015-га, завёў фэйсбук і стаў пісаць.

Як любому зацятаму пісаке, мне, вядома, хочацца, каб мае тэксты чытала болей людзей. І таму, не буду хаваць, бярэ зайздрасць, калі людзі якія вядуць блогі аб тым як яны пакушалі-паспалі-пакакалі, збіраюць сотні тысяч падпісчыкаў. А ў цябе, нягледзячы на рэгулярныя пасты, падняцце вострых тэмаў, няспыннае адвостраванне стылю, у тым жа фэйсбуку усяго толькі пад 2 тысячы чытачоў, з якіх актыўных хіба сотня.

Патроху мяне пачало «асеняць». Людзі не хочуць доўгіх тэкстаў, будзь яны хоць сто разоў класныя. Яны хочуць сторыс у інстаграме. Ім не трэба твае складанаспалучаныя сказы з віртуозным сарказмам, алегорыямі і алюзямі на Бальзака. Ім падавай відос, дзе кадры змяняюцца кожныя тры секунды. І гэтак далей. Ужо сёння бачу, што людзі больш ахвотна глядзяць (ці слухаюць) мае відэа на ютубе (якія я б сам наўрацці стаў глядзець), чым чытаюць тэксты ў ФБ. І асэнсаванне гэтага патрабуе сапраўднай ломкі інфармацыйных звычак, бо рэальна, мне заўсёды было прасцей сесці і напісаць (а таксама сесці і прачытаць), чым глядзець нейкія відосы і слухаць аўдыя. Аднак супраць сусветнага трэнду не папрэш – прыходзіцца ісці за аўдыторыяй.

Карацей, сябры, ідуць сістэмныя перамены ў механізме атрымання людзьмі інфармацыі. Хто не зможа прыстасавацца — адамрэ як сацыяльная з’ява.

Ну і так, дадавайцеся да мяне ў інстік 🙂