Учора скончыў чытаць кнігу, з якой у мяне звязаная цэлая гісторыя.
Гэта амаль 600-старонкавая праца французскага эканаміста Тома Пікеці «Капітал у ХХІ стагоддзі». Гісторыя складаецца ў тым, што чытаць «Капітал» у ангельскім перакладзе (арыгінал — на французскай) я пачаў у 2015 годзе у адзіночнай камеры магілёўскай турмы — яго маім родным перадаў сябра з Расіі. А скончыў, вось, толькі зараз — бо за іншымі турботамі не даходзілі рукі да таго каб яе скончыць.
Аб чым гэтая кніга?
Аўтар пачынае з аналізу накаплення і размеркавання багаццяў у ЗША і Францыі, пачынаючы з XVIII стагоддзя, аналізуючы пад’ёмы і спады маёмаснай няроўнасці. Пасля невялічкага спаду, які працягваўся да 1970 гадоў, маёмасная няроўнасць пачала імкліва расці. Напрыклад, на сёння ўсяго 1% насельніцтва ЗША валодае 40% усяго нацыянальнага багацця.
Праз аналіз статыстычных дадзеных ён прыходзіць да высновы: капіталізм у самой сваёй сутнасці мае іманентную тэндэнцыю да канцэнтрацыі капіталу. Гэта кумулятыўны працэс: бОльшая колькасць капіталу дазваляе сканцэнтраваць яго яшчэ ў бОльшай ступені, і чым болей у цябе грошаў, тым лягчэй табе сабраць яшчэ. Прычына гэтага — закон r>g, які азначае, што калі стаўка прыбытковасці капіталу (r) большая за эканамічны рост (g) то накапленне будзе адбывацца хутчэй, чым ствараюцца новыя эканамічныя даброты. А гэта значыць — імклівы рост грошай у руках нямногіх і пераўтварэнне «класічных» капіталістаў-вытворцаў у ранцье, якія большасць свайго прыбытку атрымоўваюць дзякуючы працэнтам з ужо накопленага. А значыць: шалёны рост няроўнасці і канцэнтрацыі капіталу ў руках адзінак.
Якое ж выйсце прапануе Тома Пікеці з гэтай сітуацыі? Тут ён мяне троху расчараваў. Добрых 400 старонак крытыкуючы капіталізм, ягоную глыбінную несправядлівасць і бесчалавечную логіку, ён напрыканцы падышоў да таго, што адзіным спосабам палепшыць стан з’яўляецца… міжнародны падатак на капітал. А таксама стварэнне міжнароднага бюджэтнага парламента.
Нажаль, Пікеці не змог выйсці за рамкі сваёй звычнай карціны свету пайсці і паставіць пытанне: а што калі ліквідаваць сістэму, пры якой вялізныя капіталы належаць адзінкам? А што калі зрабіць ўласнасць, якая здольная прыносіць капітал, уласнасцю ўсяго грамадства і кіраваць ёй дэмакратычна? Калі капіталізм мае ў сваёй сутнасці няроўнасць, дык можа не будзем яго бясконца апгрэйдзіць а скарыстаемся іншай сістэмай?
Нажаль, аўтар не змог прапанаваць нічога больш радыкальнага за старое добрае дзяржаўнае рэгуляванне рынку і фінансаў. Гэта класічная левая логіка: кепскі капіталісты і добрая дзяржава, якая патрэбная каб іх абмяжоўваць. Практыка, аднак, паказала, што там дзе дзяржаве надаюцца вялікія паўнамоцтвы, яна не толькі пачынае весці сябе як капіталіст, ставячы прыбытак на першае месца, але і пачынае працягваць свае шчупальцы ва ўсе іншыя грамадскія інстытуты.
Так ці інакш, кніга вельмі годная для павышэння уласнага адукацыйнага ўзроўню. Вельмі раю. Тым больш яна ёсць на расійскай мове.