На днях у Беларусі адбылося надзвычайнае здарэнне: суд па справе Дзмітрыя Серады[прызнаў супрацоўнікаў міліцыі вінаватымі і пастанавіў ім выплаціць грашовую кампенсацыю за іхнія дзеянні (спасылка ў первым каментары).
Нагадаю, у 2016 годзе кватэру лекара Дзмітрыя Серады ўзяў штурмам АМАП, бо незадоўга да гэтага нейкая жанчына ткнула ў яго пальцам і сказала што ён «дэманстраваў ёй палавыя органы». АМАПаўцы ўламіліся адначасова праз вокны (з дапамогай альпінісцкага рыштунку) і дзверы, разламалі кватэру, самога Дзмітрыя паклалі на падлогу і збілі на вачах у жонкі і трохгадовага дзіцяці, адвезлі ў РУУС, яшчэ раз збілі.
А потым сказалі «упс, памыліліся» і адпусцілі.
Пасля трох год судовых мытарстваў, цёгання па розных інстанцыях, спыненняў-пачынанняў праверак, суд усё ж такі пастанавіў выплаціць Серадзе 3000 рублёў.
Выпадак для Беларусі абсалютна экстраардынарны.
Прынамсі я на сваёй памяці такога не прыпомню. Былі асобныя выпадкі, калі ментоў саджалі за катаванні ў пастарунку ці за вымагальніцтва грошаў, быў нечаканы выпадак калі кантралёра ў турме №8 Жодзіна пасадзілі на 6 год за давядзенне зняволенага за самагубства.
Але каб кампенсацыю за памылковае затрыманне – такое, бадай, упершыню.
Не трэба быць вялікім палітолагам каб увязаць гэты прэцэдэнт з нядаўней нарадай у Лукашэнкі, які жэстачайшэ разлупіў сілавікоў, зрабіўшы выгляд што ён упершыню ў жыцці даведаўся аб ментоўскім сваяволлі ў Беларусі.
АП і Караеў выдатна ведаюць, што выпадак с адсуджанай кампенсацыяй будзе разнесены ўсімі СМІ і спрацуе як піяр-кампанія беларускай дзяржавы: вось, маўляў, не глядзім на пасады! Памыліліся – прызнаем! Не выключаю нават што менавіта па справе Серады быў загад зверху: даць станоўчае рашэнне. Бо, яшчэ раз, з трох (!) гадоў судовых цяжбаў справа вырашылася менавіта зараз, праз 2 тыдні пасля разносу ў Лукі. Супадзенне? Не думаю.
У гэтай гісторыі галоўнае – не паддацца спакусе і не пачаць лічыць, што мы жывем у прававой дзяржаве, дзе законы для ўсіх аднолькавыя а закон служыць народу. Бо з гэтага ілжывага выніку непазбежна паследуе другі: маўляў, за свае правы можна эфектыўна змагацца па законе.
Не, гэта не так. Па факце гэты экстраардынарны выпадак нічога не змяніў у самой сістэме. І вось чаму:
1. Без усялякага сумневу, станоўчае судовае рашэнне і кампенсацыя сталі магчымымі адтаго, што справа Серады не мела палітычнай афарбоўкі. Для «пятай калоны» не існуе законаў, якія б абаранялі іх правы. Для іх бязмежжа сілавікоў не будзе абмежаванае нічым. Узгадайце, колькі было выпадкаў яшчэ больш нахабнага, адкрытага, задакументаванага сваяволля ў дачыненні да палітычных – і суды ўсе як адзін рабілі выгляд, што ўсё нармальна. Словы аб кампенсацыі ў такіх выпадках выклікаюць толькі смех. Прыкладаў безліч. Справа Белага Легіёну (жорстка затрымалі паўтара дзясяткі чалавек, на ўсю краіну назвалі тэрарыстамі, адправілі ўсіх на Валадарку, потым адпусцілі, справу закрылі, а наконт кампенсацыі проста паказалі дулю), захоп анархістаў пад Крупкамі і пад Кобрынам (там увогуле людзей збівалі ні за што, без наяўнасці будзь-якой крымінальнай справы, а потым усё нармасік і усе скаргі як гарох аб сцену), ды і што далёка хадзіць, на 25 сакавіка 2017-га я атрымаў сатрасенне мозгу (4 дні праляжаў у лякарні) пасля таго як АМАПаўскі быдлос пачаў лупіць мяне кулаком у твар і ў галаву, ужо пасля затрымання, у мікрааўтобусе. Я рэаліст і разумею што дабіцца кампенсацыі ў сённяшняй Беларусі за гэта прыкладна так жа рэальна як зрабіць Мінск сталіцай ЗША.
Кампенсацыя і прызнанне сваёй памылкі былі б для дзяржавы ў дадзеным выпадку стратай твару, прыніжэннем і ўдарам па жалезабетоннаму хаўрусу Лукашэнкі з сілавікамі (навошта ім тады бараніць ягоную ўладу?) Таму казаць аб тым што закон у Беларусі для ўсіх адзіных, ці аб тым што хаця б ідзе рух у гэтым напрамку не прыходзіцца.
Дзмітрый Серада ж – звычайны педыятр, не апазіцыянер, не экстрэміст, То чаму б не скарыстаць ягоны выпадак для таго каб паказаць «добрага цара»?
2. Звярніце ўвагу, перад тым як атрымаць станоўчае рашэнне Серада цягаўся па судах тры гады. Тры! І гэта пры наяўнасці жалезных доказаў уласнай праваты. Добра, што ў яго былі праваабаронцы, юрысты, якія яму дапамагалі. Але ці многа людзей гатовыя так прынцыпова ісці да канца? Вытрымліваць пры гэтым запужванні і пагрозы з боку ментоў? Ці шмат у каго ёсць грошы на юрыстаў? Адказ відавочны.
3. Пазіцыя МУС у дадзеным выпадку выдатна дэманструе, што Сістэма не змянілася ні на ёту. У судзе яны працягвалі казаць што ўсе зрабілі правільна, а тое што памыліліся… ну дык з кім не бывае 🙂 Прабачэння не папрасілі. Сераду збілі бо «вёў сябе правакатыўна». АМАП прыцягнулі, бо Серада «займаецца спортам» і «можа быць псіхічна неўраўнаважаны» (значыцца звычайныя міліцыянеры ўжо такія дрышчы што не могуць з адным няўзброеным мужыком справіцца?). Толькі Караеў сказаў, што «рашэнне суда справядлівае», але таму паложана – ён да прэзідэнта набліжаны і трэба граць тое што скажуць.
4. Уся прысуджаная кампенсацыя – гэта кампенсацыя матэрыяльнай а не маральнай шкоды. То бок дзяржава па-ранейшаму лічыць, што грамадзяне гэта нешта накшталт жывёлаў і твае маральныя пакуты ад таго што цябе збіваюць, несправядліва затрымліваюць і здекваюцца, гэта, у прынцыпе, рэч не вельмі значная. На разламаныя дзверы і шыбы грошыкі вам дадзім. А вось тое што нэрвішкі вам папсавалі… нічога, перажывеце. У вайну дзяды і не такое цярпелі!
Такім чынам, уся гісторыя будзе мець два супрацьлегла напраўленых эфекты: станоўчы і адмоўны.
Станоўчы ў тым, што зараз, безумоўна, многія менты вынясуць да сябе ўрок і пачнуць дзейнічаць больш асцярожна. Мала хто захоча быць у становішчы дзяцей, якіх суддзя адчытвае за іхнюю дурасць, а потым яшчэ чэхвосціць начальства. Таму ў кароткатэрміновай перспектыве варта чакаць што гэта будзе мець пэўны выхавальны эфект: прынамсі, менты будуць больш уважлівыя пры будзь-якіх сілавых дзеяннях супраць мінчан якія пры гэтым выглядаюць на добрапарадачных грамадзян. На калякрымінальную публіку, пьяніцаў, нарказалежных, бяздомных, мігрантаў, гэта распаўсюджвацца не будзе – з імі, як і раней, можна рабіць што хочаш: біць, дзеквацца і г.д., бо яны сваіх правоў не ведаюць, і юрыстаў на дапамогу не паклічуць.
Адмоўны жа эфект у тым, што ў многіх грамадзян можа з’явіцца ілюзія, што ў аўтарытарнай краіне Беларусь нечага можна дабіцца праз суды. І таму навошта выходзіць на вуліцу і іншым чынам парушаць закон. Падстаўляцца самім і псаваць адносіны з дзяржавай (можна ж дамовіцца).
Паўтару яшчэ раз: суды ў Беларусі гэта яшчэ адзін з інструментаў дзяржавы для ўтрымання грамадства пад кантролем. Усё. Ні болей ні меней. Але пры гэтым дзяржава максімальна зацікаўленая, каб замест эфектыўных сродкаў адстойвання ўласных інтарэсаў (прамое дзеянне, несанкцыянаваныя вулічныя мерапрыемствы) людзі карысталіся толькі законнымі. Бо законнае поле – гэта беспройгрышнае поле для дзяржавы. Бо яна сама ўсталявала правілы гульні, памер і рамкі гэтага поля. І ў сваіх супернікаў – як прынцыповых так і не вельмі, за кошт гэтага, яна заўсёды будзе выйграваць, нават калі зрэдку,, са стратэгічных меркаванняў, паддасца і дэманстратыўна прайграе адзін раўнд дзеля паказушнай справядлівасці.
Аднак справядлівасць будзе толькі тады, калі мы адмовімся іграць па іхніх правілах і перафарматуем гэтае поле пад сябе.