Даўно хацеў пракаментаваць гэтае выказванне Святланы Алексіевіч, ды толькі зараз дайшлі рукі.
(пра Алеся Адамовіча) “Мальчиком ушел воевать с фашизмом, всю жизнь воевал и умер (погиб!) на этой же баррикаде. И это вся жизнь?» И у меня возник протест: «Не хочу больше на баррикаду. Это моя единственная жизнь».” – сказала спадарыня Святлана ў адным з інтэрвью. Фразу вынеслі ў загаловак, відаць, яна і рэдактару спадабалася. Я б можа і не звярнуў на гэта ўвагу, калі б не гучалі так часта галасы аб тым што Алексіевіч – маральны аўтарытэт для беларусаў,і уплывовая асоба, ледзь не нацыянальная лідарка .
Што не так?
1. Мы, беларусы, 25 год жывем у аўтарытарнай краіне. Для цэлага пакалення, соцень тысяч людзей, культурнай нормай, а тое і сэнсам жыцця стала змаганне за перамены. Сярод адукаванай і грамадска актыўнай праслойкі беларусаў быць прыхільнікам улады – маветон. Заўважу што і сама Алексіевіч у многім сама стала папулярнай у Беларусі дзякуючы таму што не баялася крытычна выказвацца наконт улады і яе асобных прадстаўнікоў – за гэта яна атрымала любоў незалежных СМІ, частую цытаванасць і папулярнасць сярод людзей з актыўнай грамадскай пазіцыяй.
За час дыктатуры дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні, арышты, вобшукі, штрафы, здавальненні з працы, выгнанні з універсітэтаў і турэмныя тэрміны. За тое што пайшлі на гэтыя самыя “барыкады”. Такімі словамі абясцэніваюцца гэтыя ахвяры, і сама ідэя самаахвяравання дзеля вышэйшых ідэалаў.
2. На індывідуальным узроўні кожны, вядома, мае права думаць так як хоча. Аднак трэба памятаць, што калі ты лідар меркаванняў – ты задаеш культурную норму. У тым ліку, для актыўнай (умоўна апазіцыйнай) частцы грамадства. І зараз, калі гэтае грамадства і так запужанае, затюканнае, баіцца выйсці на вуліцу, нават прытым што “усе ўсё разумеюць”, Алексіевіч яшчэ больш падпітала ягоны страх уласным прыкладам, аповедам аб тым як кепска на тых “барыкадах”?
Дадам да таго ж што “барыкады” тут умоўныя – яны не маюць на ўвазе фізічнага ўзброеннага супрацьстаяння з уладай (дзе сапраўды можна было б пакінуць жыццё). З кантэксту фразы гаворка ідзе ўсяго толькі пра заняцце актыўнай і рызыкоўнай грамадскай пазіцыі.
Я не маю маральнага права асудзіць кагось за тое што ён\яна паставілі свой асабісты дабрабыт і бяспеку вышэй за асабістую годнасць і лёс свайго народу. Гэта асабісты выбар кожнага, які кожны робіць сыходзячы з наяўнасці ў сябе ўнутраных рэсурсаў і ўласнай маральнай парадыгмы. Аднак трансляцыя такіх каштоўнасцяў у эфір – адназначная шкода для грамадства, асабліва ў аўтарытарнай краіне. Гэта прывіццё і без таго запужаным людзям інстынкту “маленькага чалавека”, гэта ліццё вады на млын ўлады, якая сама нам увесь час нагадвае сваім дубінкамі, турмамі і рэпрэсіямі: “вы ўпэўненыя, што хочаце на барыкады? Не забывайцеся – гэта вашае адзіне жыццё!”
3. Усе тыя матэрыяльныя і палітычныя даброты, якімі карыстаюцца жыхары большай часткі свету, у тым ліку Беларусі: 8-гадзінны працоўны дзень, фармальныя, кепскія але якія-ніякія выбары, адносная свабода слова, наяўнасць увогуле такой канцэпцыі як правы чалавека, абмежаванне правоў элітаў, былі дасягнутыя праз кроў і змаганне, у тым ліку на барыкадах.
Дзякуючы феміністкам, якія хадзілі на барыкады, Святлана Алексіевіч можа выказвацца ў СМІ і хадзіць не ў спадніцы да пят, а ў бруках, Алексіевіч часта піша пра час на зломе эпохаў, пераход ад СССР да капіталізму. Дык вось хочацца запытаць: што было б, калі б жыхары Румыніі, Польшчы, Чэхаславакіі, Усходняй Германіі разважалі б гэтаксама: “не хочам на барыкады, гэта нашае адзінае жыццё”? Баюся, нічога добрага.
Маральны аўтарытэт – калі мы, канешне, сыходзім з таго, што ён мусіць весці нас наперад, да прагрэсу і свабоды, – не можа вучыць сваіх суграмадзян пакоры, паслухмянству і канфармізму.
Логіку такога выказвання можна лёгка працягнуць далей: навошта двогулестанавіцца на абарону слабага, калі табе за гэта можа “прыляцець”? Калі ўсе вакол кажуць хлусню, навошта “лезці на барыкаду” і пачаць казаць праўду? Навошта «качаць правы» там дзе можна прамаўчаць? Што ты з гэтага паймееш акрамя праблем? Гэта ж тваё адзінае жыццё.
Не хацелася б каб нехта падумаў што я вырашыў “наехаць” на нашую Нобелеўскую лаўрэятку ці абясцэніць ейную асобу з-за аднаго гэтага выказвання. Не. Я думаю, Алексіевіч цалкам сабе добрая пісьменніца і хутчэй за ўсё някепскі чалавек з добрым сэрцам. Аднак калі нацыянальныя лідары і маральныя аўтарытэты будуць прыпаднасіць нам такія правілы жыцця, мы ніколі не пазбавімся ад няволі.