Праўду кажуць, што рабства не толькі ў кайданах, яно яшчэ і ў галовах. І калі, ліквідаваўшы першае, пакінуць другое, вызваленыя рабы, ледзь толькі зняўшы кайданы, ізноў пабягуць туды, дзе ім іх начэпяць. Дэйнэрыс Таргарыен у 4-м сезоне “Гульні тронаў” ня ведала гэтага. Таму бегала па гарадох заліва рабаўладальнікаў, вызваляючы рабоў і шчыра думаючы што зараз з рабствам скончана раз і назаўжды. Наіўная, потым здзіўлялася, калі ёй казалі што ва ўсіх вызваленых ёй гарадах рабства вярталася ў той ці іншай форме. Калі б усё было так проста (забіў гаспадара – атрымаў свабоду), чалавецтва ўжо даўным-даўно жыло б пры анархізме.
Сацыяльныя інстытуты (каштоўнасныя ўстаноўкі, культурныя нормы, традыцыі, уяўленні аб тым што можна а што нельга) куды больш трывалыя чым асобна ўзяты закон. Рабства працягвае жыць, нават калі кайданы знятыя а гаспадары павешаныя на слупах. Таму скончыць з ім куды цяжэй чым падаецца на першы погляд.
Аднак па той жа прычыне ўсе аўтарытарныя рэжымы ніколі не могуць да канца выкараніць салідарнасць, узаемадапамогу і вальнадумства.