Файны матэрыял ад Віталя Цыганкова аб тым, у якой культурнай прасторы жыве беларуская моладзь

“Перад беларускім сьпеваком ці блогерам тры шляхі. Альбо беларускамоўны — тады гэта даволі абмежаваная аўдыторыя. Або ён расейскамоўны — тады ён разумее, дзе можна зарабіць сапраўдныя грошы. Як прыгаданыя Ўлад Бумага, Макс Корж або Ціма Беларускіх. І тады патэнцыйны рынак — ня 10 мільёнаў беларусаў, а 200 мільёнаў расейскамоўных. І трэці шлях — працаваць на Захад, рабіць прадукт па-ангельску і плюнуць на гэтую расейскамоўную прастору.” (цалкам матэрыял тут).

Яшчэ сюды варта дадаць што беларуская культурная прастора у цэлым вузкая і некаторыя нішы на ёй цалкам адсутнічаюць. А тут, пад бокам, велізарны рынак і вольная звалка на любы густ. Беларуская моладзь глядзіць расійскі ютуб, слухае расійскіх рэпераў і чытае расійскія сайты таксама па адной важнай прычыне: адсутнасць моўнага бар’еру. Чаму не? BBC, Vice News і PewDiePie можа і лепшыя але ж ні храна не зразумела. А тут усё па расійску, бяры і спажывай, ёсць усё што душа пажадае.

Аднак сітуацыю трэба змяняць. Калі я пачынаў рабіць свой ютуб-канал амаль выключна на беларускай мове, я выдатна разумеў, што гэта скарачае ягоную аўдыторыю ў 3-5 разоў мінімум (бо расійцы амаль не будуць глядзець, акрамя маіх сябраў). Аднак іншага шляху няма, калі мы хочам каб беларусы раслі на сваім, а не на імперскім. Мне вельмі прыкра назіраць у людзей, асабліва ў моладзі, гэты вечны правінцыяльны комплекс, маўляў, нашае, беларускае, другога гатунку, кепскай якасці, а ўсё расійскае – эталон. Гэта аб’ектыўна не так. І зараз мы патроху ідзем да таго каб беларусы пачалі, урэшце, спажываць свой інфармацыйны прадукт а не арыентавацца бясконца на расійшчыну. У тым жа тэлеграме сфармаваўся моцны пул беларускіх тэлеграм-каналаў, якія маюць 20-30 тысяч сталай лаяльнай аўдыторыі. А вось Ютуб моцна адстае – не хапае ўзаемнага прасоўвання. У якасці сваёй невялічкай лепты планую да канца года зрабіць на канале Radix агляд беларускага палітычнага ютуба: ад Нехты да зусім дробных влогераў. І так, гэты агляд будзе на беларускай.