Анархісты і згушчонка

Часта ідэалогіі і погляды, якія аказалі істотнейшы ўплыў на гісторыю, аказваюцца незаслужана недаацэненымі ці закінутымі. Бывае гэта па розных прычынах: з-за небяспечнасці гэтых ідаэлогій для эліт, з-за іх уяўнай “утапічнасці”, а часам па віне іхніх нядбайных прыхільнікаў. Такі ж незаслужаны лёс, як мне падаецца, напаткаў і анархізм. А асабліва – ягоных вядомых прадстаўнікоў.

Тым часам, упэўнены, вы і не здагадваецеся, колькі людзей, якія аказалі ўплыў на сусветную літаратуру, мастацтва і навуку прытрымліваліся анархісцкіх поглядаў. Прабяжымся толькі па самых вярхах.

Яраслаў Гашэк – чэскі пісьменнік, аўтар знакамітых “Прыгодаў Швейка” – быў анархістам.

Леў Талстой – так-так, той самы што напісаў “Вайна і мір” – таксама. Хаця ягоны анархізм істотна разыходзіўся з уяўленнямі большасці анархістаў таго часу, яго ўсё ж лічаць адным з заснавальнікаў анарха-хрысціянства, а сам ён быў зацятым праціўнікам любой дзяржавы.

Максім Багдановіч, наш паэт – у 14 год стварыў таемны кружок анархістаў, а ягоны сябра і аднадумца ўзарваў лесвіцу ў гімназіі, дзе вучыўся. (бацька Максіма Багдановіча быў нарадавольцам, таму нічога дзіўнага).

Эжен Патье – іншы паэт, аўтар “Інтэрнацыяналу” (Вставай, проклятьем заклеймённный…) быў анархістам.

Казімір Малевіч – моцна сімпатызавал анархізму, у 1918 годзе шчыльна супрацоўнічаў з газетай “Анархія”. Яшчэ блізкім да анархізму быў вядомы мастак-прэрафаэліт Уільям Морыс.

Анатоль Жалезнякоў – рэвалюцыйны матрос, які разагнаў Устаноўчы сход у 1917-м, таксама быў анархістам. Знакамітая фраза “Караул устал” належыць яму.

Ну і на сёння ўсё не так кепска. Сусветна вядомы антраполаг Джэймс Скот, які спецыялізуецца на грамадствах паўночна-усходней Азіі і на супраціву сістэмам дамінавання – анархіст. Як і іншы амерыканкі антраполаг, прафесар лонданскай школы эканомікі, Дэвід Грэбер.

Каб не быць аднабокім, трымайце лыжку дзёгцю. Першым наркомам НКУС, заснавальнікам ГУЛАГа і будоўлі Беламорканала быў Генрых Ягода – ён пачынаў у 1907 годзе як анархіст, а да бальшавікоў прымкнуў толькі ў 1917-м.

Калі ж вы жыхар Рагачова ці проста любіце згушчонку, то вы многім абавязаныя Аляксандру Таратуце – расійскаму анархісту і рэвалюцыянеру, які ў 1930-х на пасадзе агранома-эканаміста трэсту “Союзконсервмолоко” прыняў рашэнне будаваць у Рагачове завод па вытворчасці згушчонкі. Пішуць нават, што ён з’яўляўся аўтарам знакамітай бела-блакітнай этыкеткі (па іншых дадзеных ёю з’яўлялася дызайнерка Іраіда Фаміна). Так ці інакш, з Беларуссю Таратуту звязвае яшчэ і тое, што падчас сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці ў царскай Расіі ён 3,5 гады адсядзеў у Мінску (хутчэй за ўсё, на Валадарцы).

У 1934-м Таратуту арыштавалі і далі 5 год палітізалятара. А праз два гады расстралялі. Абвінавачанне: “контррэвалюцыйная анархічная дзейнасць і арганізацыя тэрарыстычнай групы”.

Так што памятайце, што кожны раз, купляючы слоік згушчонкі, асабліва рагачоўскай, вы аддаеце даніну памяці славутаму анархісту.

п.с. У Саўбелцы ёсць артыкул пра Таратуту і ягоны ўнёсак у згушчоначную справу. Але пра анархізм там, канешне, ні слова.