Учора на прыёме МЗС Уладзімір Макей сказаў словы, якія вокамгненна разляцеліся па СМІ: «Думаю, каждый из нас должен взять на себя обязательства ходить чаще в вышиванке и говорить на родном белорусском языке». Здаецца, у гэты раз у сацсетках ужо не было такога прыступу шалёнага шчасця з нагоды гэтага выказвання (хаця можа я проста дрэнна глядзеў). Аднак яно ўсё роўна не выпадковае і вось чаму: перамовы з Расіяй ідуць вельмі кепска. Спансаваць Лукашэнку Пуцін болей не хоча. Больш за тое, патрабуе глыбокай, па самыя вусы, інтэграцыі. У гэтым выпадку лагічна выкатваць сваю звычную зброю: пагрозу беларусізавацца і сыходу на захад. Адсюль і шпілька на адрас Пуціна на закрыцці Еўрапейскіх гульняў: «Нашая краіна не стварае пагрозаў для суседзяў», адсюль і беларускасць Макея навідавоку ў цэлага дыпламатычнага пулу.
Вы ж не верыце, што Макей сказаў гэтыя словы «ад сябе»? У чыноўнікаў такога ўзроўню амаль ніколі не бывае ўласных перакананняў. Асабліва ў аўтарытарных краінах.
Аднак гэтае выказванне, бадай, сведчыць аб яшчэ адной з’яве (і тут я канешне буду не першы, хто гэта вынайшаў): наяўнасці ва ўладнай вярхушцы як мінімум двух выразных лагераў, адзін я якіх усё ірвецца ўзяць на ўзбраенне нацыянальную сімволіку і рыторыку, а другі посціць тэксты пра геяў на сайце дзяржустановаў і апранаецца ў касцюмы НКУС на 9 траўня. Між гэтымі двума лагерамі ідзе схаваная барацьба за абранне шляху развіцця краіны.
Умоўна саўковы лагер – за жорсткую лінію ў дачыненні да палітычнай апазіцыі, максімальнае збліжэнне з Расіяй, пакіданне маёмасці ў руках дзяржавы (лічы – наменклатуры, іхніх сябраў і сваякоў). Другі бок, ўмоўна праеўрапейскі, відавочна, быў бы не супраць прыватызацыі, бо разлічвае паймець профіт ад перадачы маёмасці замежным інвестарам. І таму разумее, што нармальные капіталісты пайдуць у краіну толькі калі надаць ёй адпаведны еўрапейскі лоск: без усёй гэтай НКУС-аўска-саўковай жэсці, смяротнага пакарання і мясілава на вуліцах кожныя 5-7 год. А таксама – што немалаважна – “праеўрапейсія” хочуць заручыцца сімпатыямі пэўнай часткай грамадзянскай супольнасці. Апошняе, трэба адзначыць, у іх атрымоўваецца ўжо зараз.
Не буду спекуляваць, хто з чыноўнікаў знаходзіцца ў якім лагеры, бо не валодаю інфармацыяй. Але наяўнасць пэўнага расколу – навідавоку.
То бок мы бачым дзве групы людзей ва ўладзе, з фундаментальна рознымі эканамічнымі і інтарэсамі і невялічкай розніцай у менталітэце. Спяшаюся вас заверыць, аднак, што абодва гэтых лагеры сходзяцца як мінімум у трох рэчах:
1. Народ ні ў якім разе нельга дапускаць да ўлады.
2. Усе багацці краіны мусяць належаць невялікай групе насельніцтва.
3. Палітычны кантроль перадусім. Незадаволеныя мусяць закрыць рот ці сядзець у турмах.
Пра гэта трэба ўзгадваць кожны раз, калі раптам чарговы чыноўнік пачынае весці сябе надта нацыянальна і па-еўрапейску.