Усё як звычайна: пагранец доўга глядзеў пашпарт, адзваніў старэйшаму, той пайшоў раіцца з начальствам – што рабіць з пашпартам экстрэміста. Нагоду ў гэты раз накрэытывілі смешную: “Ваш паспорт имеет признаки подделки! Требуется спецпроверка!” Чатыры дні таму перасякаў тую ж самую мяжу – прызнакаў падробкі не было 🙂 Смешна, канешне, глядзець, што ніхто ніколі не прызнае сапраўдную прычыну затрыманняў (наяўнасць у базе “неблаганадзейных”), усе робяць выгляд што гэта дзяжурнае мерапрыемства і цябе здымаюць проста так, у парадку прафілактыкі.
Думаў з чаго б менавіта зараз такая ўвага, і прыйшоў да высновы што Еўрапейскія гульні, выбары ці іншыя сезоннымя абвастрэнні тут ні прычым. Думаю, шараговы эпізод псіхалагічнага ціску па замове ГУБАЗіКа.
Пагранец панёс мой пашпарт у нейкі спецпакой для спецправеркі, дзе саваў яго ў нейкую спецмашынку і разглядаў праз спецманітор. У выніку, вядома, мой аўтобус сышоў. Прашманалі заплечнік.
Пагранцы, варта сказаць, паводзілі сябе карэктна. Пасадзілі на папутку да Вільні, так што спазніўся не моцна.
Карацей, Радзіма не хоча адпускаць.