Чатал-Хююк – пасяленне на тэрыторыі Анатоліі, Турцыя. Адзін з найстарэйшых вядомых нам чалавечых гарадоў.
Паслядоўныя раскопкі паказалі, што палітычным укладам ранняга Чатал-Хююка была жорсткая тэакратычная дэспатыя. Цэнтральным месцам пасялення быў храм, кіраўнікамі грамадства – жрацы. Пахаванні жрацоў былі багатымі і раскошнымі ў параўнанні з пахаваннямі звычайных людзей. Іхнія дамы былі вялікімі, прасторнымі і добра ўпрыгожанымі. У раёнах, дзе яны пражывалі, не знойдзена ніякіх слядоў ручной працы, толькі склады гатовай прадукцыі і прадметы раскошы. Гэты пласт насельніцтва жыў выключна працай іншых. Усё багацце грамадства было сканцэнтравана ў трох дамах ля храма: там захоўваўся горны хрусталь, марскія ракавіны ажно з Чырвонага мора, імпартная зброя. А вось у бедных кварталах на заходяй частцы пасялення на вуліцах валяліся адкіды ад апрацоўкі крэмня і абсідыяну. Тамтэйшыя дамы былі пабудаваныя не па адзіным плане, былі меншымі па памерам і куды бяднейшымі. Гэта значыць, што мелася невялічкая група людзей, якая мела багацці, але не працавала. А тыя хто працавалі, не мелі нічога.
Вядома, такі парадак мусіў падтрымлівацца сілай. І ў Чатал-Хююке гэтай сілай былі чалавечыя ахвярапрынашэнні, якія ажыццяўляліся сотнямі. У храме знойдзеныя спецыяльныя стокі для зліву крыві, а ў ямах побач з ім – больш за 400 шкілетаў. На ахвярных нажах была тоўстая корка запёкшайся крыві. Жрэцаскую ўладу сімвалізавалі слупы, выстаўленыя ў цэнтры гораду.
Аднак аднойчы нешта пайшло не так. Раскопкі паказваюць, што ў адзін дзень усе будынкі кіруючага класа былі спаленыя, прытым настолькі хутка, што іхнія ўладары не паспелі выратаваць свае багацці. Храм быў знесены і спалены, нават падлога ягоная – выкарчаваная (уявіце ступень нянавісці!). Каменныя слупы – паваленыя і разбітыя на кавалкі. Храмавая плошча, якая 1000 год утрымлівалася ў чысціні, была пераўтвораная ў месца звалкі адкідаў.
Вельмі хутка пасля гэтага ўсё насельніцтва гораду сабралося і сышло з гэтага праклятага месца, заснаваўшы новае пасяленне нездалёк.
У гэтым пасяленні сацыяльныя парадкі былі дыяметральна супрацьлеглымі. Археолагі ўжо не знаходзяць пахаванняў, у якіх бы не было прыладаў працы. Сляды апрацоўкі абсыдыяну сустракаюцца паўсюдна. Аднолькавая зношанасць костак у мужчын і жанчын кажа аб гендарнай роўнасці: абодва пола былі ў роўнай ступені занятыя на кухні і ў рамёствах. Кожны дом меў сваё ўласнае свяцілішча – ніякай цэнтралізаванай рэлігіі! – а жрэцкага саслоў’я ўжо не існавала як класа. Шэраг ускосных дадзеных кажуць аб тым, што кіравалася пасяленне агульнымі сходамі ягоных жыхароў. А самае цудоўнае ў гэтым грамадстве – гэта ягоная архітэктура. Кожны дом пасля неалітычнай рэвалюцыі меў памеры, параўнальныя з ранейшымі “гасподскімі” дамамі, але будынкі стаялі без зазору, сцяной да сцяны – уваход жа быў на даху. Пры гэтым каб трапіць у свой дом, чалавек ішоў па дахах суседніх будынкаў. Гэтыя дахі не мелі прыватнага характару, а былі месцам сацыяльнай камунікацыі і сустрэчы жыхароў. Будаўнічы матэрыял, ваду і гліну ад ракі побач трэба было пераносіць па лесвіцах і дахах іншых сем’яў. Перадухіліць абвалы такім чынам можна было выключна праз складаную сістэму ўзаемных дамоўленасцяў і ўліку патрэбаў адзін аднаго. Многія даследчыкі наўпрост называюць Чатал-Хююк месцам не толькі першай вядомай нам сацыяльнай рэвалюцыі, але і першым прыкладам бяскласавага грамадства, якое ўкаранілася на тысячагоддзі.
Жыхары паўдневай Турцыі, у сваім неаліце, 9 200 год таму змаглі – хіба мы не зможам?