Учора зранку у Мінску быў затрыманы наш паплечнік, анархіст Зміцер Паліенка. У той жа дзень, але ўжо ў Акцябрскім затрымалі Андрея Павука.
Нашая грамадзянская супольнасць вельмі любіць канспіралогію. Таму першае што я пачуў, што гэта – падрыхтоўка перад 25-м сакавіка, Еўрагульнямі, выбарамі (патрэбнае падкрэсліць). То бок у нас людзі жывуць меркаваннем, што ўсе, што робяць карныя ворганы гэта частка аднога вялікага Плана, хітрай і складанай сістэмы. Аднак аналіз абедзвюх справаў кажа, што, прынамсі ў дадзеным выпадку, гэта не так.
Па-першае ані Паліенка ані Павук не з’яўляюцца такімі лёсавызначальнымі для святкавання Дня Волі персонамі, каб іх затрымліваць эксклюзіўна для гэтага, ды яшчэ заводзіць крыміналку. Тым болей Павука ўжо адпусцілі і ён тэарэтычна можа наведацца куды заўгодна.
Еўрагульні яшчэ няхутка. І, па папярэдней практыцы Чэмпіянату свету па хакеі, усіх “падазроных” проста кідалі на суткі за тое што яны раптоўна пачыналі лаяцца матам і мачыцца па вуглах, за некалькі дзён да мерапрыемства. Але не заводзілі ліпавыя крыміналкі.
Аналагічна і з выбарамі. Карным службам перад палітычна-паліцэйскімі спецаперацыямі важна што? Па-першае парушыць інфраструктуру магчымага праціўніка (паралізаваць працу журналістаў, праваабаронцаў, медыя-студый, тыпаграфій), а непасрэдна перад пратэстамі – затрымаць ключавых актывістаў, каб не даць ім выйсці на вуліцу. Тут яўна не той выпадак. Хіба што запужаць людзей каб праз паўгады нікуды не хадзілі? Але за гэтыя паўгады эфект ад запужвання сыйдзе на нішто.
Да кучы сюды можна прыплесці і іншыя здарэнні: паламаныя 19-га крыжы ў Курапатах і спробы ўзламаць акаўнты журналістаў НН (якія адбыліся не ўчора а цягам мінулага месяцу. Але ўсе гэта адбылося не ў адзін дзень з затрыманнямі і не мае агульнай сутнаснай платформы, якая б дазволіла паставіць іх часткай агульнага канкрэтнага плану.
А зараз асобна па кожнаму кейсу.
Да Павука мусілі прыйсці яшчэ даўно. Я, па шчырасці, здзіўляўся, чаму гэта адбылося так позна. Думаю, асноўных прычыны дзве: тое што ён стаў косткай у горле мясцовай уладзе і тое што робіць перадачы з разважаннямі аб анархізме і свабодзе слова. Небяспечнае спалучэнне. Вобшук паказаў, што прыйшлі менавіта за ягонай тэхнікай. Думаю, будуць шукаць “экстрэмісцкія матэрыялы”, крыніцы фінансавання, сувязі з анархістамі.
Але смешна, канешне, што нагодай вырашылі прыдумаць справу з мініраваннем. І як піша Еўрарадыё, нават не падрыхтаваліся як след, бо МНС па Гомельскай вобласці ні на якое мініраванне не выязджала.
Са Змітром Паліенкам сітуацыя куды горшая. На ім ужо ёсць крыміналка – за нібыта “псаванне маёмасці” (анархісцкае графіці). Гэта каб вы ўяўлялі ўзровень прэсінгу. Першае, што я падумаў, калі пачуў аб прычыне затрымання – свядомая правакацыя, як была з Андрэем Бандарэнка, калі да цябе проста падсылаюць чалавека, залежнага ад ментоў, і той правакауе цябе на бойку. Але гледзячы па тым, што менты арыштавалі яго толькі праз тыдзень – то бок адразу не ведалі, усе ж такі прыходжу да высновы, што канфлікт быў аўтэнтычным У любым выпадку версія СК аб тым што “Паліенка зрабілі заўвагу і ён прыснуў у твар балончыкам” – трызненне. Ну дакладна не будзе чалавек у такім хісткім, як Зміцер, становішчы, сам падстаўляцца пад крымінальны артыкул на роўным месцы. Ня кажучы ўжо што, наколькі я ведаю Змітра, ён не такі чалавек каб распачынаць бойкі.
Але ягоная справа гэта яшчэ адзін небяспечны прэцэдэнт. Атрымоўваецца, калі ты экстрэміст і пятая калона, ты ў прынцыпе не можаш абараняць сябе ад побытавага гвалту. Любы алкаш, ці проста адмарозак можа на цябе напасці, збіць, абрабаваць, і ты будзеш баяцца даць адказ – бо адзін удар па твары гэта адразу 339 ч. 1 у плечы, а брызнуў балончыкам: 339 ч.3 (ад трох да дзесяці год). І будзеш сядзець – ніхто палітзняволеным не прызнае. Крымінальнік жа, хуліган! На гэта, думаю, у ментоў якраз і разлік. Таму шараговы, лічы, побытавы эпізод самаабароны Паліенкі ад нейкага п’янага быдла стаў для іх проста падарункам і магчымасцю ізаляваць актыўнага і вельмі дзейснага анарха-актывіста.
Высновы: калі ты экстрэміст (г.зн. сацыяльна актыўны чалавек) – зашыфруй свой жорсткі дыск, пастаў на Тэлеграме двухфактарную аўтэнтыфікацыю, юзай бяспечныя сродкі камунікацыі (Jabber).
Гэта ўсе гугліцца і ўсталёўваецца цягам 15-ці хвілін, але можа выратаваць годы твайго жыцця на свабодзе.
Калі ж даў у лыч пьянаму быдлосу, зрабі так каб аб гэтым ніхто не даведаўся.
Ну і гэта… ня бойцеся. Усіх не перасаджаюць. Хай яны баяцца, мы ж робім правільныя рэчы.