Жывыя чалавекі-суверэны і з чым іх ядуць

Падчас кароткага затрымання 4-6 сакавіка сядзеў з адным з чувакоў з гэтай секты. У Беларусі яны называюцца “Земства Белой Русі”. Была ў нас даволі цікавая размова. Чувак быў затрыманы за тое што схапіў за руку пракуроку, правеўшы тым самым яе “грамадзянскае затрыманне” (яна адмовілася прадставіцца, ён выклікаў міліцыю, маўляў, самазванка). Спачатку яму далі суткі, потым завялі крыміналку. Зараз ён у СІЗА.
Дык вось мужыку 35 год, ён бізнесовец і актыўны ўдзельнік гэтых “Земстваў”. Яго завуць Іван Цырульнікаў (ён герой гэтай пубікацыі, дарэчы). Кажа, што іхняя мэта – узнаўленне СССР (бізнесовец!), а кіраваць у іх будзе “народ”. Кажа, што яны за правы чалавека і за свабодную асобу.

Познім вечарам нас вывозілі з Цантральнага РУУСу – дык да яго прыйшлі ягоныя паплечнікі, спрачаліся з ментамі з нагоды нелігтымнасці іхных дзеянняў. То бок у іх есць ядро актывістаў і пэўная салідарнасць.

Наколькі мог судзіць па аналізу анлайн-старонак гэтага і падобных рухаў, ідэалогія іх крайне эклектычная. Усё намешана ў кучу і стаіць на падмурку канспіралогіі. На дадзены момант складваецца ўражанне што ёсць у гэтай суполцы і станоўчыя і адмоўныя аспекты.
Станоўчыя:
– Акцэнт на свабодзе асобы, прытым праз падкрэсліванне міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека
– Крытычнае стаўленне да ўлады, прытым на глыбінным узроўні. Не проста “гэтая законы кепскія”, а “сама дзяржава нелегітымная, як і ўсе яе рашэнні”

Адмоўнае:
– Настальгія па саўку (што абсалютна супярэчыць вышэйнапісанаму)
– Канспіралагічнае стаўленне да ўсяго (Беларускія дзяржпрадпрыемствы і фірмы маюць рахункі ў ЗША, значыцца, мы калонія ЗША)
– Антызаходніцтва

Шэраг павярхоўных аналітыкаў ужо паспелі паставіць на іх крыж, запісаўшы ў “ватнікі” і “пятую калону Расіі”. Зянон Пазняк ужо выкаціў алармісцкі артыкул аб тым што гэта засланцы мэтая якіх падарваць беларускі суверэнтэт (бо адмаўляюць беларускую дзяржаўнасць). Некаторыя нацыяналісты паўтараюць за ім.

Я б не спяшаўся. Па-першае, той жа Пуцін у гэтых суверэнаў – агент Англіі, а ўсе дзяржструктуры Расіі таксама нелегітымныя. Па-другое, у Расіі іх пераследуюць гэтаксама.

Думаю, перад намі даволі новы феномен, які варты даследвання. І пры далейшым росце гэты рух нязменна расколецца па ідэалагічных прынцыпах, бо доўга сумяшчаць вужа, яжа і чарапаху немагчыма. Але на сёння я бачу вось што: многія людзі незадаволеныя ўладай. І яны шукаюць спосаб праявіць гэтую незадаволенасць і нешта змяніць. Выхад на вуліцу караецца жорстка і хутка. Таму яны спрабуюць абвергнуць легітымнасць улады яе ж зброей – законамі. Дзейнічаюць у юрыдычным рэчышчы, капаюць на мазгі чыноўнікам. І я бачу ў грамадстве пэўны запыт на такога кшталту актывізм. Ведаеце, іх лекцыі на ютубе глядзяць сотні тысяч. Людзі хочуць быць супраць але не хочуць каб іх за гэта каралі. Асабіста мне цікава, што з гэтага выйдзе і ці выдзяліцца з дадзенага феномену нейкае здаровае зерне, якое зможа спрыяць пераменам да лепшага.