І яшчэ наздаўгон наконт сітуацыі з правакацыяй мусароў у тэлеграме. Узнікае пытанне – як стаў вядомы тэлефонны нумар, калі ў ТГ яны не бачныя і Дуравым амаль не выдаюцца? Спытаўся абазнанага чалавека, прыводжу тут ягоны адказ:
“Нашы сілавікі, наколькі я сутыкаўся, трымаюцца старой школы. Ім прасцей правесці нейкую агентурную працу, ненавязліва распытаць знаёмых, запрасіць да сябе папіць гарбату за сяброўскай размовай.
Часцей за ўсё людзі самі падстаўляюцца, бо не надаюць належнай увагі сваёй бяспецы. Свецяць недзе пошту, нік, аватарку – і можна пачынаць раскручваць ланцужок, нават калі ты не следчы. Ад пошты – знаходзіш старыя акаўнты, старыя нікі, выходзіш на старонкі ў сацыяльных сетках…
Заходніх крыпта-ананімаў знаходзілі менавіта так. Кагосьці па старой пошце, кагосьці з-за неўнікальнага нікнэйма раскруцілі, у кагосьці сігнатура актыўнасці ў сеціве супала з падключэннямі да тора і г.д. Вельмі паказальная гісторыя галавы біржы SilkRoad, якога знайшлі з-за таго, што ён у пачатку сваёй дзейнасці неасцярожна засвяціў свой e-mail, якім карыстаўся ў звычайным жыцці – гэта дазволіла звязаць яго рэальную асобу і ананімны акаўнт (больш падрабязна “Пяць памылак, якія каштавалі галаве Silk Road свабоды).
Таксама не трэба забываць, што ўсе тэлефонныя званкі, смс, геалакацыя – апрацоўваюцца СОРМ. Следчаму не трэба быць прасунутым чалавекам, каб звязаць тэлефонны нумар і канкрэтнага чалавека, нават калі сім-картка не беларуская, або аформлена на іншую асобу. Плюс у нашых органаў ёсць шыкоўныя пашпартныя фоткі кожнага з нас. Задача пошуку па фота\аватарцы ў сацсетках вырашана даўно і паспяхова (глядзі FindFace, Searchface).
Менш верагодны і складаны тэхнічна варыянт, гэта калі база беларускіх нумароў загружаецца ў спіс кантактаў і міліцыя парсіць чаты, каб даведацца нумар тэлефона канкрэтнага карыстальніка тэлеграма. На мой погляд, гэта малаверагодны варыянт, бо тэлеграм актыўна змагаецца з гэтай практыкай і “пракруціць” базу ў мільёны беларускіх нумароў – даволі нетрывіяльная тэхнічная задача.
Больш падрабязна пра гэта можна пачытаць на: trashbox.ru/topics/119524/uznat-nomer-telefona-polzovatelya-telegram-mozhno-v-dva-schyota.
На маю думку ў гэтым выпадку нашы органы хутчэй за ўсё праявілі сябе не нейкімі хакерамі, якім “узламаць тэлеграм” – раз плюнуць, а добрымі псіхолагамі. У следчага, які займаецца анархістамі ўжо павінны быць тэлефоныя нумары, пашпартныя дадзеныя ўсіх вядомых яму анархістаў і спачуваючых ім. Яго задача зводзіцца да таго, каб банальна занесці іх у адрасную кнігу свайго смартфона, падключыцца да тэлеграма ды, папіваючы каву, пратыкаць спіс удзельнікаў чата ў пошуках лёгкай ахвяры.
З гісторыі вынікае, што дзяўчына як мінімум асабліва не “шыфравалася”, выкарыстоўвала беларускі нумар, ахвотна ішла на кантакт, не задумвалася пра магчымыя наступствы. На мой погляд, супрацоўнік міліцыі, справакаваўшы яе на “адміністратыўку”, памыліўся, бо падняў гоман – размяняў невялікі штраф на тое, што цяпер усе будуць у тры разы больш асцярожнымі.
Што рабіць?
Больш уважліва ставіцца да сваёй ананімнасці ў сеціве. Не рабіць нічога сур’ёзнага з-пад акаўнтаў, якія можна лёгка звязаць з рэальнымі асобамі, не выдаваць нейкіх падрабязнасцей з асабістага жыцця невядомым людзям, не паддавацца на правакацыі, не слаць ню-фота, быць трошачку параноікамі – нішто не дае абсалютнай гарантыі ананімнасці, але калі кожны хоць трохі будзе пра яе клапаціцца – у зацікаўленых асобаў чалавека-гадзінаў на ўсіх не хопіць.
З практыкі. Ёсць меркаванне, што нават расійскія сімкі, якія ніколі не завозіліся ў Беларусь – ужо вялікая праблема для нашых спецслужбаў і міліцыі, бо ў іх дрэнна наладжана супрацоўніцтва з рускімі. Той жа ВК не асабліва ахвотна здае нашым праваахоўнікам нават крымінальнікаў – следчым прасцей пачакаць пакуль збёглы ў Сібір злодзей зробіць сэлфі з геаграфічнай прывязкай і выкладзе яго на сваю старонку, чым вазіцца з запытамі.”